Грамадства6969

У Дзень роднай мовы каля гімназіі №4 прайшоў пікет супраць русіфікацыі беларускамоўных школ

Яго правёў бацька аднаго з навучэнцаў Гэнік Лойка.

21 лютага ў свеце адзначаюць Дзень роднай мовы. У мінскай беларускамоўнай гімназіі № 4 ён пачаўся своеасабліва. Скульптар Лойка устаў на ганку гімназіі з плакатам: «Віншую з Днём роднай мовы. Гімназія № 4 была апошняй з беларускай мовай навучання».

50-гадовы Лойка даўно і беспаспяхова дабіваецца, каб у статут гімназіі быў занесены запіс, што навучанне ў ёй вядзецца на беларускай мове.
Таксама ён дабіваецца, каб настаўнікі гімназіі шырэй карысталіся беларускай мовай і каб яе вывучылі тыя з педагогаў, якія не валодаюць ёй.

Падчас акцыі Лойка заявіў журналістам, што не лічыць гімназію № 4 беларускамоўнай школай.

«Адзіная сапраўды беларускамоўная навучальная ўстанова — гэта Коласаўскі ліцэй, але ён не належыць да Міністэрства адукацыі», — сказаў Лойка.

Таксама Лойка паведаміў, што «хацеў бы ціхенька, без прэсы, беларусізаваць гэтую школу, але настаўнікі не ідуць на супрацоўніцтва. Ні кроку не было зроблена», — сказаў Лойка.

Лойка скардзіўся, што шмат хто з настаўнікаў размаўляе па-расійску. «Я прыходжу вось з такой стужкай, — Лойка зняў шапку, валасы ў яго сцягнутыя бел-чырвона-белай стужкай, мяне заўважаюць і адразу пачынаюць размаўляць па-беларуску».

Асноўнай праблемай, па меркаванні Лойкі, з’яўляецца адсутнасць заканадаўча зафіксаванага вызначэння беларускамоўнай установы адукацыі.

Ён выявіў, што летась у статут гімназіі былі ўнесеныя змены, якія дазваляюць выкладаць на расейскай мове.

«Я быў у Міністэрстве адукацыі, меў доўгую размову з чыноўнікамі. Мне сказалі, што няма прадмета размовы, маўляў, чытайце Кодэкс [аб адукацыі]. Я прачытаў — насамрэч, там няма паняцця «беларускамоўная школа», а ёсць толькі «беларускамоўны клас».

Беларускамоўныя школы былі пры Кубэ, пры партызанах, пры бальшавіках, пры Машэраве — гэта ён знішчыў апошнюю гарадскую беларускамоўную школу. А цяпер ва ўсёй краіне няма беларускамоўнай школы, толькі класы».

Намесніца дырэктара гімназіі Алена Мікалайчык запатрабавала ад Лойкі, каб ён спыніў акцыю, назвала яе несанкцыянаванай.

Пасля размовы з журналістамі Лойка накіраваўся ў будынак гімназіі, для ажыццяўлення другой часткі свайго перформансу. Мастак жадаў вынесці са школы метровую скульптуру Уладзіміра Караткевіча, якую «амаль падараваў» школе. Здзейсніць свой план Лойку не ўдалося — яму не далі ключ ад пакоя, у якім захоўваецца скульптура. Затым вахцёрка школы папрасіла Лойку і журналістаў пакінуць памяшканне школы, бо пачаліся заняткі.

На ганку школы Лойка заявіў, што лічыць сваю акцыю паспяховай. «Такім чынам, я нагадаў аб праблеме, аб русіфікацыі».

Спецслужбы, відаць, ведалі пра ягоны намер, бо каля гімназіі дзяжурыла міліцэйская «Газель», а ў ёй — некалькі асобаў у цывільным.
Яны здымалі пікет на камеру, але ў прысутнасці журналістаў не рашыліся Лойку затрымаць.
Дахаты Лойку пайшлі правесці дзве жанчыны з ліку бацькоў вучняў.
Асобы ў цывільным пагрузіліся ў сваю «Газель» і паехалі ў кірунку вуліцы Кунцаўшўчына.
Праз нейкі час Лойка паведаміў, што яго затрымліваюць.

З гімназіяй № 4 Лойку звязвае не толькі тое, што яна з’яўляецца месцам навучання яго дзяцей, але і доўгая перапіска з кіраўніцтвам.

Лойка лічыць, што беларуская мова ў гімназіі № 4 ператварылася ў фармальнасць: стэнды, дакументацыя, святы — па-беларуску, а крок у бок — і пачынаецца расейская мова.

У сваіх шматлікіх лістах Лойка прыводзіць дзясяткі прыкладаў з уласных назіранняў, калі настаўнікі ў неафіцыйных сітуацыях пераходзяць на рускую мову, не валодаюць беларускай мовай ці нават, па меркаванні Лойкі, робяць дзецям заўвагі за ўжыванне беларускай мовы.

«Дырэктар школы дасылае мне „адпіску“, што 100% настаўнікаў валодаюць беларускай мовай, але я тут жа прыводжу да яго чалавека, які можа звязаць па-беларуску толькі два словы», — кажа гэты бацька навучэнкі.

Сітуацыя, калі ў беларускамоўнай навучальнай установе размаўляюць па-руску, падаецца Гэніку Лойку недапушчальнай. Больш за тое, Лойка называе такое становішча «знішчэннем» беларускай мовы і ўсялякімі захадамі (як лістамі ў адміністрацыю, так і ў прыватных размовах) заахвочвае настаўнікаў гімназіі не ўжываць рускую мову ў сценах школы.

«Калі беларус размаўляе па-расейску, то гэта азначае толькі адно — ён размаўляе па-расейску, а не па-беларуску. Калі ён сказаў не па-беларуску, то гэта азначае толькі адно — па-беларуску не сказаў, беларускай мовы не адбылося. Калі беларускай мовы няма, то беларускай мовы няма, у дадзены момант часу, у дадзеным пункце планеты. І калі беларускай мовы няма, то немагчыма сцвярджаць, што яна ёсць. А тым больш, квітнее. Гэта і ёсць працэс знішчэння роднай мовы.

Вось чаму я заяўляю, што нашы настаўнікі знішчаюць нашу мову, бо яны менавіта знішчаюць», — піша Лойка ў лісце да дырэктара гімназіі Юрыя Бандарэнкі.

Патрабаванняў Лойка за ўвесь час шматгадовай перапіскі высоўваў шмат. Так, ён хоча даведацца «колькі педагогаў гімназіі № 4 карыстаюцца беларускаю моваю» і «колькі педагогаў не карыстаюцца беларускаю моваю ў сценах гімназіі», ад імя ўсіх бацькоў заахвочвае «выканаць нашу элементарную просьбу: каб беларуская мова была».

«Нашай Ніве» Гэнік Лойка рассказаў, што перш-наперш «хоча вярнуць фармулёўку „гімназія з беларускай мовай навучання“ ў назву школы і даведацца, якім чынам гэтую фармулёўку прыбралі».
Рабіць гэта Лойка гатовы «праз суд, пракуратуру і іншымі падобнымі метадамі».

«Я хачу ўсю беларускую мову для ўсёй гімназіі», — кажа Гэнік Лойка пра пажаданы вынік сваёй барацьбы.

Лойка — адзін з пачынальнікаў барацьбы за незалежнасць Беларусі ў 1980-я, удзельнік суполак «Майстроўня», «Талака».

Жонка Гэніка Лойкі кажа, што яе муж знаходзіцца ў Фрунзенскім РУУС. «На яго склалі пратакол. Па якім артыкуле, не сказалі, маўляў, не маленькая, павінна сама разумець, — кажа Алена Каравай-Лойка. — Сказалі, што ў суд яго павязуць адразу з аддзялення. Суд павінен адбыцца сёння».

Каментары69

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

БНТУ: Выкладчык, які ўцякаў ад міліцыі, памёр ад сардэчнага прыступу

БНТУ: Выкладчык, які ўцякаў ад міліцыі, памёр ад сардэчнага прыступу

Усе навіны →
Усе навіны

Журналісты атрымалі доступ да сакрэтных планаў расійскіх ядзерных вайсковых баз3

Трамп прапанаваў Канадзе доступ да абароны пад «Залатым купалам». Пры адной умове5

Грошы для былога палітвязня Андрэя Чапюка сабралі менш чым за паўсутак

У Германіі адмяняюць нядаўна ўведзеную магчымасць «экспрэс-натуралізацыі»

«Муж быў супраць таго, каб Анжаліка сустракалася з дзецьмі з іншым мужчынам». Аўтар расследавання пра Мельнікаву падзяліўся некаторымі дэталямі5

Мерц паабяцаў дапамагчы Украіне з распрацоўкай уласнай дальнабойнай зброі1

«Вінны 500 рублёў». Беларус вырашыў захоўваць зберажэнні ў еўра, але трапіў у невідавочную пастку1

Фатограф-агент Мішчук расказаў сваю версію таго, што адбылося12

У Мінску здаецца пасутачна кватэра, у якой няма дзвярэй у прыбіральню. З канапы адкрываецца від і на тэлевізар, і на ўнітаз

больш чытаных навін
больш лайканых навін

БНТУ: Выкладчык, які ўцякаў ад міліцыі, памёр ад сардэчнага прыступу

БНТУ: Выкладчык, які ўцякаў ад міліцыі, памёр ад сардэчнага прыступу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць