Хлопцы і дзяўчаты, якія едуць улетку ў будаўнічыя студэнцкія атрады, арганізаваныя БРСМ, ня ведаюць чым рызыкуюць. Гісторыя менскага студэнта Мікалая скончылася ў рэанімацыі, і добра яшчэ, што гэта не зашло крыху далей…

Напэўна кожны студэнт бачыў у сваім універсітэце плякаты з лягатыпам БРСМ і рэклямай студэнцкіх атрадаў, дзе можна «зарабіць грошы, адпачнуць, знайсці сяброў». Студэнт аднаго з Менскіх універсітэтаў, Мікалай, вырашыў паспрабаваць і запісаўся ў такі атрад. Пасля паспяховай сессіі, у пачатку ліпеня, іх накіравалі ў горад Паставы, а адтуль — у нейкую вёску ў пастаўскім раёне.

Першае, што здзівіла бацькоў Мікалая, які паехаў зарабляць грошы — тэлефанаванне з просьбай выслаць грошай. Цікава, навошта? Як высветлілася пазьней, арганізатары іх не кармілі. Увогуле. Студэнтам паказалі, дзе знаходзіцца сталовая, і на гэтым харчаванне ад БРСМ скончылася. Грошы на харчаванне, зразумела, ніхто не вылучаў. Таму першыя дні студэнты харчаваліся тым, што прывезлі з сабой. Ежа хутка скончылася, што і вымусіла патэлефанаваць бацькам. На гэтым праблемы з харчаваннем не скончыліся! Хіба можа быць яшчэ горш?

Можа… Сюрпрыз чакаў Мікалая ў суботу зранку. І працягваўся да самага панядзелка. У суботу і нядзелю не працавала сталовая. І крама таксама. Таму, хто не паспеў купіць ежы ў пятніцу, два дні заставаўся галодным. Пра гэтую мясцовую асаблівасць, зразумела, ніхто не ведаў, таму выходныя прайшлі з пустым страўнікам. Калі праблемы з харчаваннем былі вырашаны, узніклі новыя праблемы… Вялікім пытальнікам устала праблема санітарыі. А дакладней, яе адсутнасці. Бялізну выдалі адразу ж, але адзін «камплект» на ўвесь час. Мікалай ніяк не можа забыць колер бялізны. Па яго словах, не кожная прыбіральшчыца такой бруднай анучай будзе мыць падлогу. А назваць інакш гэтую бялізну немагчыма, бо яна яшчэ і з дзіркамі была.

Прыбіральня была на вуліцы і адна на ўсіх. Канешне, ня вельмі зручна, але жыць можна — не зіма ўсё ж такі. А вось душа не было ўвогуле. Як альтэрнатыва побач з мыйнікам стаяла ацынкавае вядро. Таксама бруднае, як і ўсё навокал. Калі захварэў першы чалавек (цікава, у такіх умовах можна не захварэць?), высветлілася, што ў атрадзе няма нават звычайнай медсястры. І лекаў таксама няма. І ўвогуле, «вы прыехалі сюды працаваць, а не хварэць» — заявіў куратар з БРСМ, калі з пытаннем наконт лекаў звярнуліся да яго.

Працавалі шмат, адпачываць амаль не дазвалялі. Будавалі студэнты кароўнік для мясцовага калгасу. Зразумела, што каровам патрэбны дах над галавой, але чаму б не наняць сапраўдных будаўнікоў і пабудаваць кароўнік у два разы хутчэй? Таму, што студэнт — гэта танная працоўная сіла, ня ведаючая сваіх правоў (і абавязкаў, часьцей за ўсё, таксама), якая будзе працаваць столькі, сколькі скажа куратар, бо «хто не будзе працаваць грошай не атрымае ўвогуле».

Скончылася праца для Мікалая вельмі хутка. Праз 2 тыдні яго ўвезлі на хуткай ў Паставы, у лякарню. Дыягназ — мененгіт (запаленне мозга). Як ён яго атрымаў, невядома, але ж зразумела, не ад «курортных» умоў працы. Дарэчы, атрад гэты вырашылі зачыніць. Пасля шматлікіх скаргаў. Пасля таго, як захварэлі 22 чалавекі. Пасля таго, як нехта з бацькоў наведаўся да свайго сына… Мікалая сення выпісалі з лякарні, а мінулай ноччу на яго месца прывезлі сябра… Таксама з мененгітам…

У верасні мы адчынім старонкі дзяржаўных газет і пабачым фотаздымкі шчаслівых маладых людзей, прачытаем шматлікія пазітыўныя уражанні ад студэнтаў, якія ў атрад не ездзілі, але ім «там вельмі спадабалася».

А па тэлебачанню выступіць важны дзядзька, які назаве нерэальныя лічбы заробкаў у гэтых атрадах, пералічыць лепшых БРСМ‑будаўнікоў, мабыць нават выдасць узнагароды куратарам, якія прымушаюць студэнтаў працаваць без перапынкаў. І зноў пачнецца піяр‑кампанія, толькі адна лічба зменіцца, з 2007 на 2008. І зноў паедуць студэнты, і зноў яны будуць жыць у невыносных умовах, зноў яны будуць хварэць, а дзяржаўныя СМІ будуць зноў пісаць пра найлепшы адпачынак для беларускага студэнта — Студэнцкі Будаўнічы Атрад БРСМ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?