Больш як 60% жыхароў Беларусі хвалюе праблема цэн на прадукты харчавання і тавары першай неабходнасці,
сведчаць даныя сацыялагічнага маніторынгу Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук. Пра гэта паведаміў дырэктар Інстытута сацыялогіі НАНБ, доктар сацыялагічных навук, прафесар Ігар Катляроў 21 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, менш за ўсё гэта праблема хвалюе моладзь, больш за ўсё — пенсіянераў. Праблема цэн застаецца самай актуальнай для жыхароў Беларусі шмат гадоў — з 1990 года, калі пачалі праводзіцца такія даследаванні. Напружанасць па гэтай праблеме дасягнула піка ў 2002 годзе, тады яна хвалявала 95% жыхароў Беларусі. У 2006 годзе сітуацыя стабілізавалася, і праблема цэн на прадукты харчавання хвалявала ўжо толькі палову насельніцтва краіны. У разгар крызісу, да восені 2011 года, праблема цэн на тавары першай неабходнасці хвалявала ўжо 71,5% жыхароў Беларусі. Летась гэта праблема хвалявала 61,1% беларусаў.

Згодна з праведзеным у 12 малых гарадах краіны ў пачатку 2013 года сацапытаннем, паведаміў Катляроў, кожная пятая сям’я траціць на прадукты харчавання ад 70% да 90% сямейнага бюджэту. У кожнай трэцяй сям’і расходы на прадукты харчавання складаюць ад 50% да 70% і толькі 5% сем’яў расходуюць на прадукты харчавання менш як 30% сямейнага бюджэту. «Гэта лічбы, якія, як правіла, існуюць ва ўсёй Еўропе», — сказаў Катляроў.

Паводле слоў дырэктара Інстытута сацыялогіі НАНБ, праблема цэн «уплывае на сацыяльнае самаадчуванне і на палітычную актыўнасць, і на магчымы ўдзел людзей у нейкіх сацыяльных акцыях».

Як адзначыў Катляроў, сацыёлагі таксама звярнулі ўвагу, што калі палітычная партыя перад выбарамі ўзніме праблему цэн, то яе рэйтынг расце, «хай і не значна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?