Праблемы свабоды СМІ ў шэрагу краін, у тым ліку ў Беларусі, абмяркоўваліся 21 лютага ў Вене на пасяджэнні Камітэта па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаннях Парламенцкай асамблеі АБСЕ.

Як паведаміў лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які ўдзельнічае ў мерапрыемствах у межах сесіі, ад беларускага боку выступілі кіраўнік грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ) Жанна Літвіна і намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Віктар Гумінскі.

«Жанна Літвіна паведаміла пра канкрэтныя праблемы, з якімі сутыкаюцца журналісты ў Беларусі. У прыватнасці, былі агучаны справы Антона Сурапіна і Андрэя Пачобута. Акрамя таго, Літвіна гаварыла пра адпіскі з Палаты прадстаўнікоў, якія прыходзілі ў адказ на прапанову БАЖ правесці круглы стол па праблемах СМІ», — расказаў Лябедзька.

Выступленне Гумінскага, паводле яго слоў, «было апраўдальным». «Ён не адрэагаваў на выказванні Літвіной, не стаў каментаваць словы пра тое, што Беларусь уваходзіць у тройку краін АБСЕ, нароўні з Казахстанам і Туркменістанам, якія маюць самыя вялікія праблемы са свабодай прэсы. Замест гэтага ён паскардзіўся на тое, што журналісты (пэўна, меліся на ўвазе дзяржаўныя прапагандысты) уключаны ў чорныя спісы», — адзначыў палітык.

Лябедзька таксама паведаміў, што сёння павінны адбыцца яго сустрэчы з прадстаўнікамі Літвы і Швецыі.

Заўтра, 22 лютага, лідар АГП плануе выступіць на пасяджэнні круглага стала па сітуацыі ў Беларусі. Ад беларускага боку запланаваны таксама выступленні Літвіной, экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава і дачкі былога кандыдата ў прэзідэнты Беларусі, а цяпер палітвязня Мікалая Статкевіча Кацярыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?