Аляксандр Лукашэнка 21 лютага зацвердзіў задуму беларуска-расійскіх стратэгічных вучэнняў «Захад-2013», прадстаўленую яму ваеннымі, і даў даручэнні па яе дапаўненні.

Вучэнні намечана правесці восенню гэтага года на тэрыторыі Беларусі.

Лукашэнка запатрабаваў у большай ступені звярнуць увагу на практычны бок, прыцягнуць да вучэнняў у поўным аб’ёме органы і войскі тэрытарыяльнай абароны. Асаблівую ўвагу таксама трэба надаць арганізацыі ўзаемадзеяння органаў кіравання і сістэмы арганізацыі нацыянальнай бяспекі.

Асаблівасцю вучэнняў будзе тое, што ў іх возьмуць удзел не толькі сілы рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі, але і Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання АДКБ.

Лукашэнка падкрэсліў, што правядзенне на тэрыторыі Беларусі вучэнняў «Захад-2013» не з’яўляецца пагрозай іншым дзяржавам.
«У адказ на заявы і домыслы аб гэтых вучэннях як аб „пагрозе з Усходу“, што з’явіліся ў апошні час, хачу падкрэсліць: мы нікому не збіраемся пагражаць. Мы не лічым ніводную дзяржаву сваім праціўнікам. У нас абаронная дактрына, і гэта дакладна вызначана законам», — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, Беларусь вітае ўсё, што садзейнічае ўмацаванню міру. «Так, мы не прымаем палітыку пагроз і двайных стандартаў. У гэтым заключаецца сіла і выразнасць нашай знешнепалітычнай лініі. Мы дзейнічаем адкрыта і паслядоўна, робячы ўпор на калектыўную абарону», — адзначыў Лукашэнка.

Лукашэнка падкрэсліў, што ўмацаванне агульнай ваеннай бяспекі і павышэнне магчымасцей па абароне Саюзнай дзяржавы вызначаны ў якасці прыярытэтнай задачы і гэта ні для каго не сакрэт.
«Зыходзячы з гэтага мы развіваем рэгіянальную групоўку войскаў Беларусі і Расіі, асновай якой з’яўляецца беларуская армія. Яе патэнцыял неабходна падтрымліваць на ўзроўні, які забяспечвае адбіццё любой агрэсіі, адкуль бы яны ні зыходзіла», — заявіў прэзідэнт.

«Асабліва актуальна гэта ў наш неспакойны час. Мы з вамі з’яўляемся сведкамі росту ўзброенага насілля і масавага кровапраліцця на сусветнай арэне. Таму нам порах трэба трымаць сухім. Нагадаю простую ісціну — армія павінна вучыцца ваяваць (на тое гэта і армія), быць у пастаяннай гатоўнасці да абароны суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці сваёй краіны. У гэтым выпадку размова ідзе аб абараназдольнасці, можна сказаць, сумеснай арміі Беларусі і Расіі, рэгіянальнай групоўкі войскаў на заходнім напрамку. Гэта наша зона адказнасці», — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў, што за апошнія гады ва Узброеных сілах шмат зроблена па развіцці розных баявых сістэм, сіл спецыяльных аперацый і тэрытарыяльнай абароны. «Мы таксама не ўтойвалі, што мы сваю армію, як і расіяне, адаптуем да тых пагроз і выклікаў, якія сёння існуюць або якія могуць існаваць. Павышаем узровень узаемадзеяння ў ваенным і ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве з нашым стратэгічным саюзнікам Расіяй і іншымі дзяржавамі АДКБ», — сказаў прэзідэнт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?