У жыхара вёскі Патапаўка Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці знойдзены арсенал рарытэтнай зброі.

Як паведамілі ў МУС Беларусі, пры вобшуку знойдзены пасляваенны аўтамат Калашнікава, кулямёт Гарунова, абрэз аднаствольнай паляўнічай гладкаствольнай зброі, штык-нож да аўтамата часоў Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя таго, аператыўнікі забралі ў гаспадара дома два шпрыцы, некалькі бутэлек з экстрактам алкалоіду опіуму.

Сваю калекцыю 46-гадовы раней судзімы вясковец хаваў у падвале ў бульбе, а штык-нож — у сенцах дома. Раней мужчына падзарабляў будаўніком у Расіі.
Характэрна, што год таму на тэрыторыі суседняй краіны ён быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў.

"Па знешнім выглядзе аўтамата і кулямёта можна сказаць, што яны не здольныя зрабіць стрэл (назіраецца распілоўванне руляў), — сказаў начальнік аддзела ліцэнзійна-дазвольнай працы ўпраўлення прафілактыкі МУС Андрыян Кахновіч. — Не выключана, што рарытэт мог быць выкрадзены з музеяў ці са школьных выстаў пра вайну. Гэта версія таксама адпрацоўваецца. Аднак, паводле слоў затрыманага, зброю ён набыў у знаёмага. Цяпер рарытэты перададзены на экспертызу, пасля заключэння якой будзе вырашана пытанне аб распачынанні крымінальнай справы".

У адпаведнасці з арт. 295 КК за незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў прадугледжана пакаранне аж да пазбаўлення волі на сем гадоў. Добраахвотная здача зброі і боепрыпасаў ад адказнасці вызваляе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?