Расійскі неанацыст Максім Марцінкевіч (Цясак) выйшаў з мінскага СІЗА.
Яго адпусцілі пад абавязак з’явіцца па першым патрабаванні. Неанацыст выказаў жаданне супрацоўнічаць са следствам, заяўляюць у Следчым камітэце.
Максім Марцінкевіч быў затрыманы ў Мінску 15 лютага пасля бойкі з антыфашыстамі. Супраць яго заведзена крымінальная справа «хуліганства, здзейсненае з прымяненнем зброі».

Чуткі пра яго самагубства ў ізалятары не пацвердзіліся.

З ізалятара часовага ўтрымання быў вызвалены не толькі грамадзянін Расіі Максім Марцінкевіч, але і двое ягоных сброў — грамадзян Беларусі, пра гэта «Нашай Ніве» паведаміў афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Следчага камітэта па Мінску Аляксандр Герасімаў.

«Усе трое адпушчаныя з ізалятара ў сувязі з адсутнасці асноваў для далейшага знаходжання пад вартай», — сказаў Герасімаў.
14 лютага неанацыст Максім Марцінкевіч (Цясак) разам з двума грамадзянамі Беларусі быў затрыманы ля шпіталя «Новы зрок» па вуліцы Клумава. Адбылася сутычка з антыфашыстамі, якія аблілі Цесака і кампанію мачой. У адказ неанацысты выцягнулі нажы, а ў руках Цесака быў газавы пісталет.
«Абвінавачванне нікому не выстаўлена, — зазначыў Герасімаў. — Яны працягваюць знаходзіцца ў статусе падазраваных па крымінальнай справе „злоснае хуліганства“. Выпушчаныя яны пад абавязак аб яўцы».
Паведамлецца, што пакуль Максіму Марцінкевічу забаронены выезд з тэрыторыі Беларусі.

На пытанне пра антыфашыстаў Герасімаў адказаў: «Пакуль не магу паведамляць падрабязнасці пра іх. На дадзены момант яны з’яўляюцца сведкамі па справе».

Яшчэ прадстаўнік Следчага камітэта сказаў, што ўсё яшчэ не гатовая экспертыза зброі — нажоў і газавага пісталета «Удар-2 М».

* * *

Максім Марцінкевіч, былы скінхэд, праславіўся сваімі расісцкімі выказваннямі. Мянушку «Цясак» атрымаў праз любоў да халоднай зброі. Уваходзіў у Народную нацыянальную партыю. Пасля стварыў сваё аб’яднанне скінхэдаў«Фармат-18». Была забароненая як экстрэмісцкая.

Тры з паловай года адбыў у турме за «Распальванне нянавісці па нацыянальнай ці рэлігійнай прыкмеце».

Здымаў пастановачныя ролікі, дзе вешаў і разбіраў «таджыка», але аказалася, што гэта была проста ялавічына. З арміі Цесака камісавалі, бо ён у першыя ж дні жорстка збіў саслужбоўца-азербайджанца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0