Яшчэ два-тры месяцы таму з высокіх трыбунаў бадзёра гучала: наша эканоміка вытрывала страшэнны ўдар з усходу! Сёньня ўсё болей відавочна: сапраўднага ўдару яшчэ не было. І ўвогуле тут болей дапасуецца тэрміналёгія ня з боксу, а са спартовай (ці не зусім спартовай:) барацьбы. Масква мэтадычна даціскае партнэра-суперніка да дывана.

Паўгоду Беларусь плаціла за газ фактычна старую цану, ну хіба сымбалічна болей — 55 даляраў за тысячу кубоў замест леташніх 48. Але ад назапашанага доўгу, як і ад пэрспэктывы сусьветных цэнаў, не адкруцісься. А расейскі крэдыт па-ранейшаму — бы тая моркаўка на кіі. Маскве няма куды сьпяшацца. Яна спакойна чакае, каб "кліент сасьпеў" і пачаў расплочвацца фамільным срэбрам.

Прапагандовыя рэляцыі неўпрыкмет саступаюць месца цьвярозым ацэнкам нават у вуснах афіцыйных кіраўнікоў. Сёньня Сідорскі фактычна канстатаваў тое, пра што даўно цьвердзілі незалежныя эканамісты: "няўхільнае зьніжэньне" адсотку нерэнтабельных прадпрыемстваў — гэта пыл у вочы. Траціна эканомікі стратная.

А вось вам сьціплая, аднак сымптаматычная нататка: "Да канца году адмоўнае сальда знешнегандлёвага балянсу Беларусі павялічыцца, але ненамнога. Аб гэтым паведаміў сёньня міністар эканомікі Мікалай Зайчанка...". Сымптаматычна тое, што ўжо і дзяржаўная агенцыя мусіць паведамляць, калі казаць наўпрост, аб немінучым правале найважнейшага прэзыдэнцкага загаду. Бо ў студзені Лукашэнка паставіў задачу дасягнуць за год паўмільярду станоўчага сальда.

Аналітык Валер Карбалевіч канстатуе: зараз пазыцыі Беларусі ў высьвятленьні эканамічных стасункаў з Масквой значна слабейшыя, чым на мяжы 2007 году. Тады можна было яшчэ папалохаць транзытным мытам і г.д. Цяпер такія фокусы ня пройдуць. Яшчэ трохі — і у Расеі будзе дастаткова абыходных трубаў.

Зрэшты, даціснуць беларускага партнэра ня так проста, як падаецца. На думку Карбалевіча, адным з козыраў беларускага кіраўніцтва можа стаць... тая самая запазычанасьць за газ. Бо яе яшчэ спагнаць трэба! Хіба расейцы не сутыкаліся ўжо з тым, што ў пэўных колах называюць "кідалавам"?

Аднойчы ж проста пашэнціла сьпісаць аж мільярд газавага доўгу. Шчодры Ельцын дараваў яго за тое, што Беларусь пагадзілася аддаць у доўгатэрміновую бясплатную арэнду вайсковыя аб'екты пад Ганцавічамі ды Вялейкай.

Цяпер, канешне, такіх шырокіх жэстаў з боку Крамля ня будзе. Але няцяжка спрагназаваць, што Менск пастараецца выціснуць максымум менавіта з вайскова-стратэгічнага чыньніку.

Тэарэтычна ёсьць, канешне, і сапраўдная альтэрнатыва: адсекчы эканамічную залежнасьць ад Расеі так, як гэта зрабілі балтыйскія краіны, — праз пабудову рынкавай эканомікі ды інтэграцыю ў Эўразьвяз. Але гэта на сёньня — са сфэры ненавуковай фантастыкі. Так што нас чакае працяг сэрыялу "Масква сьлязам ня верыць".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?