25 лютага відэааператар БелаПАН быў без якіх-небудзь тлумачэнняў выстаўлены за тэрыторыю, якая прылягае да будынка № 85 па вуліцы Пляханава ў Мінску, дзе два дні таму адбыўся выбух.

Прадстаўнік інфармацыйнага агенцтва не ламаўся ў пад'езд, які ахоўваецца міліцэйскім нарадам, не ўступаў у спрэчкі з прадстаўнікамі ўлады, дый у зону ачаплення вакол месца НЗ трапіў легальна, прад'явіўшы службовае пасведчанне лейтэнанту міліцыі. Ён проста здымаў месца трагедыі на відэакамеру і чакаў абяцанага каментара ад прадстаўнікоў таварыства Чырвонага Крыжа, гэта значыць выконваў сваю працу, рэгламентаваную законам пра СМІ. І вось ні з таго, ні з сяго той жа афіцэр, які ўпусціў яго ў падахоўную зону, відавочна, атрымаўшы нейкую дырэктыву, загадаў выйсці за агароджу. А калі ад лейтэнанта папрасілі тлумачэнняў, той выклікаў нарад, які літаральна выштурхаў аператара за межы зоны. У выніку падрыхтоўка рэпартажу была сарваная. Інакш як хамствам і бесцырымоннасцю, увасобленымі ў нібыта афіцыйныя межы, гэта не назавеш.

Нагадаем, што на месцы надзвычайнага здарэння ў шматпавярховым доме па вуліцы Пляханава, дзе 23 лютага адбыўся выбух і пажар, якія прывялі да гібелі дзвюх чалавек, працуе спецыяльная камісія. Жыхары пад'езда № 10, а таксама чатырох кватэр суседняга пад'езда будынка часткова адселеныя, ім выдзелена часавае жыллё. Спецыялістамі ацэньваецца цэласнасць будаўнічых канструкцый будынка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?