Магутныя палярныя ззянні афарбуюць неба не толькі ў Мінску, але і на экватары. Калаж Віктара Малышчыца.

Магутныя палярныя ззянні афарбуюць неба не толькі ў Мінску, але і на экватары. Калаж Віктара Малышчыца.

Падаючыя спадарожнікі не былі б рэдкасцю. Калаж Віктара Малышчыца.

Падаючыя спадарожнікі не былі б рэдкасцю. Калаж Віктара Малышчыца.

Мінск, як і іншыя гарады, паглыне цемра зорнай ночы. Калаж Віктара Малышчыца.

Мінск, як і іншыя гарады, паглыне цемра зорнай ночы. Калаж Віктара Малышчыца.

Гіганцкія сонечныя плямы 31 сакавіка 2001 г.

Гіганцкія сонечныя плямы 31 сакавіка 2001 г.

Магутная ўспышка на Сонцы.

Магутная ўспышка на Сонцы.

1 і 2 верасня 1859 года на зямным шары адбывалася нешта незвычайнае. Ва ўсёй Еўропе і Паўночнай Амерыцы раптоўна перастала працаваць тэлеграфная сувязь.
Ад вялікага скачка напружання абсталяванне выйшла з ладу. Аператары нават не маглі ўзяцца за працу — пры спробе перадаць паведамленне іх проста біла токам, а апараты сыпалі іскрамі, якія нават падпальвалі паперу. Прыборы, якія сачылі за станам зямнога магнітнага поля, зашкальвалі і сведчылі аб нейкім магнітным хаосе на нашай планеце. А ў ЗША золаташукальнікі, што працавалі ў Скалістых гарах, нават прачнуліся сярод ночы і пачалі гатаваць сняданак, думаючы, што надыходзіць раніца. Як выявілася, дзіўнае свячэнне неба ўзнікла з прычыны небывалай яркасці палярнага ззяння, якое назіралі нават на Карыбскіх астравах, Кубе, Ямайцы.

Што гэта было? Якая касмічная сіла прымусіла зямное магітнае поле — наш касмічны шчыт — паддацца такой магутнай магнітнай буры?

Астраномы даюць адзін адказ: успышка на Сонцы. Яшчэ 25 жніўня 1859 года з-за края сонечнага дыска з’явілася велізарная група сонечных плямаў, якая працягвала разрастацца і здзіўляць вучоных сваёй актыўнасцю.
У гэтай актыўнай вобласці пастаянна адбываліся моцныя ўспышкі, што выкідвалі ў касмічную прастору вялікія аб’ёмы сонечнай плазмы. Нарэшце, 1 верасня, калі сонечныя плямы дасягнулі цэнтра дыска нашага свяціла, у гэтым месцы адбылася неймавернай сілы ўспышка, якую можна было лёгка назіраць нават у звычайны тэлескоп — яна была падобная на два агнявыя шары, яркасць якіх нашмат перавышала яркасць сонечнага дыска. Актыўная вобласць была скіраваная акурат на нас, і ўсяго праз 18 гадзін магутны выкід плазмы дасягнуў Зямлі, учыніўшы магнітную буру, самую магутную за ўсю гісторыю назіранняў, якая атрымала назву «Сонечны супершторм».

Жоўтая прэса і бясконцыя апакаліптычныя прарокі сучаснасці ўсё часцей заяўляюць, што хуткі канец свету нас чакае не ад з’яўлення міфічнай планеты Нібіру, не ад страшнага метэарыта, а ад нашай крыніцы жыцця — ад Сонца. Праз магутную сонечную ўспышку, што знішчыць усё жывое на Зямлі. Наколькі рэальныя такія прагнозы?

Што ўспыхвае на Сонцы?
Сонечныя ўспышкі дагэтуль застаюцца загадкавай з’явай для сучасных астраномаў. Гэта выбуховы працэс вылучэння вялікага аб’ёму энергіі.
Вядома, што гэтая з’ява ахоплівае ўсе слаі сонечнай атмасферы і звязаная яна з моцнымі магнітнымі палямі на Сонцы. Вядома, што, калі структура поля ў наваколлі сонечных плямаў становіцца вельмі складанай, то сілавыя лініі могуць пачаць перазлучацца адна з адной, што прывядзе да вылучэння энергіі, параўнальнай з выбухам дзясяткаў, а то і соцень вадародных бомбаў! Гэтая энергія трансфармуецца ў тым ліку і ў энергію патоку зара-джаных часцінак, якія з велізарнай хуткасцю выкідваюцца з месца ўспышкі ў навакольную прастору.
Праз некаторы час (звычайна паўтара-два дні) гэтыя часцінкі дасягаюць нашай планеты, змяняюць канфігурацыю магнітнага поля, трапляюць у атмасферу ў раёне палюсоў, выклікаючы чароўнае святло палярных ззянняў.
Гэты паток сонечнай плазмы ўяўляе вялікую небяспеку і для чалавека: падчас успышак касманаўты не робяць выхадаў у адкрыты космас, а палёты амерыканскіх астранаўтаў на Месяц здзяйсняліся ў дні, калі на Сонцы не было вялікіх плямаў.

Нам, жыхарам Зямлі, пашанцавала. Практычна ўсе высокаэнергетычныя часцінкі сонечнага ветру адхіляе наша магнітнае поле, а зямная атмасфера яшчэ і ратуе нас ад смяротных рэнтгенаўскіх і гама-прамянёў.

Статыстыка, праўда, паказвае, што ў гады высокай актыўнасці Сонца смяротнасць усё ж павышаецца, расце колькасць ракавых і сардэчна-сасудзістых захворванняў, адчуваюцца іншыя негатыўныя праявы.
Але не варта хвалявацца і тут: гэта натуральныя прыродныя з’явы, бо за сваё жыццё кожны чалавек шмат разоў перажывае максімумы сонечнай актыўнасці (яны паўтараюцца праз 11 год).
Апакаліптычная ўспышка
Што ж адбылося б, калі б нашу планету напаткала магнітная бура, у некалькі разоў мацнейшая, чым падчас «Сонечнага супершторму» ХІХ стагоддзя?

Спачатку астраномы заўважылі б на паверхні Сонца моцнае свячэнне ў пэўнай кропцы, а спадарожнікі перадалі б аб з’яўленні крыніцы магутнага рэнтгенаўскага выпраменьвання. Гэта працягвалася б толькі некалькі хвілін. Святло рухаецца неймаверна хутка, таму мы б убачылі гэтую з’яву ўсяго праз 8 хвілін пасля выбуху. Але праз некаторы час да нас даляцеў бы і паток сонечнай плазмы неверагоднай энергіі (у 1859 годзе высокаэнергетычныя часцінкі дасягнулі Зямлі ўсяго за 17 гадзін).

Ад сутыкнення гэтых часцінак з нашай атмасферай яе верхнія слаі разагрэліся б і сталі б шчыльнейшымі. Гэта прывяло б да нечаканага тармажэння спадарожнікаў. Калі ў гэтым выпадку не ўключыць рухавікі і не падняць спадарожнік на вышэйшую арбіту, ён рызыкуе ўпасці на Зямлю. Так, напрыклад, у 1972 годзе навукоўцы «ўпусцілі» касмічную станцыю «Скайлэб».

Але разам з тармажэннем парушыцца і радыёсувязь, таму ў інжынераў проста не будзе шанцаў скарэктаваць арбіты штучных спадарожнікаў, і многія з іх пачнуць гінуць у зямной атмасферы. Акрамя адсутнасці сувязі перастане працаваць і навігацыя, ад чаго многія самалёты не змогуць правільна пракласці курс і здзейсніць пасадку. Адбудзецца шэраг авіякатастроф.

З надыходам ночы жыхары Зямлі заўважаць, што на дварэ амаль не сцямнела — планету агорнуць незвычайна яркія каляровыя палярныя ззянні, якія палярнымі будзе назваць цяжкавата: бачныя яны будуць да самага экватара.
Прычынай такога феерычнага відовішча будуць тыя ж зараджаныя часцінкі сонечнага ветру, якія будуць іанізаваць атамы розных газаў у верхніх слаях атмасферы.

Яшчэ са школы мы ведаем, што пераменнае магнітнае поле выклікае ток у правадніку. У нашым выпадку змены ў магнітным полі Зямлі выклічуць з’яўленне вялікіх токаў у тысячах кіламетраў электрасетак. Ад такіх токаў у першую чаргу перагараць усе трансфарматары, без якіх не абыходзіцца ніводная энергасістэма. Зямля пагрузіцца ў цемру, уночы яе асвятляць будуць толькі Месяц і зоркі. Спадзяванні на бензінавыя генератары будуць марнымі — каб здабыць нафту і вырабіць паліва, таксама патрэбная электрычнасць. Спыняцца і электрастанцыі.

На аднаўленне ўсёй энерга-сістэмы чалавецтву прыйдзецца затраціць год ці два. За гэты час нас напаткае найглыбейшы эканамічны крызіс. Многія людзі загінуць ад адсутнасці медыцынскай дапамогі, ад перабояў з харчаваннем. Бадай, найменш праблем будзе ў тых, хто і цяпер вядзе натуральную гаспадарку.

Ці ёсць паратунак?

Як супрацьстаяць такой магчымай катастрофе? На жаль, калі раптам Зямлю напаткае настолькі моцная магнітная бура, папярэдзіць яе наступствы мы будзем не ў стане.
Але найлепшы спосаб супакоіць сябе — гэта разлічыць імавернасць сутыкнуцца з такой катастрофай. Дзякуючы даследаванням антарктычных ільдоў і спілаў самых старых дрэў навукоўцы змаглі высветліць, што за апошнія некалькі тысяч гадоў успышка на Сонцы, магутнейшая за падзею 1859 года, была толькі аднойчы — у 774 годзе. Дый гэтая дата аспрэчваецца многімі спецыялістамі. А паколькі шанцы сустрэцца з такімі катаклізмамі мінімальныя — радуйцеся, што і да сённяшняга дня Сонца з’яўляецца толькі крыніцай цяпла і жыцця на Зямлі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0