Міжземнаморская дыета, багатая на аліўкавы алей, арэхі, фасолю, рыбу, садавіну й гародніну, зніжае рызыку інфарктаў, інсультаў і сардэчных хваробаў на 30%.

Такія вынікі апублікаваныя ў панядзелак на сайце навуковага часопіса The New England Journal of Medicine. Іх дало маштабнае даследаванне, якое цягнулася амаль пяць гадоў.

Дагэтуль высновы аб тым, што міжземнаморская дыета змяншае рызыку сардэчных хваробаў, грунтаваліся толькі на статыстыцы з міжземнаморскіх краінаў. Лічбы паказвалі, што ў гэтых краінах узровень сардэчных хваробаў ніжэйшы, чым агулам у свеце. Аднак сувязь была невідавочная, бо на гэта маглі ўплываць іншыя фактары.

У цяперашнім даследаванні удзельнічалі 7.447 жыхароў Іспаніі, якія мелі лішнюю вагу, курылі альбо мелі дыябет ці іншыя фактары рызыкі для сардэчных хваробаў. Метадам выпадковай выбаркі навукоўцы прызначылі гэтым людзям альбо міжземнаморскую дыету, альбо дыету з нізкім спажываннем тлушчу.

Людзі на міжземнаморскай дыеце меліся штодня есці прынамсі тры порцыі садавіны і дзве порцыі гародніны, як найменей па тры разы на тыдзень есці рыбу і бабовыя ды есці больш белага мяса замест чырвонага.
Тым, хто і да таго рэгулярна ўжываў алкаголь, рэкамендавалі выпіваць з ежай прынамсі сем шклянак віна на тыдзень.

Назіранні паказалі, што людзям было лягчэй прытрымлівацца міжземнаморскай дыеты, а людзі з другой групы ў рэальнасці толькі нязначна зменшылі спажыванне тлушчу. У выніку атрымалася, што міжземнаморскую дыету фактычна параўноўвалі са звычайнай сучаснай дыетай, у якой рэгулярна ўжываецца чырвонае мяса, газаваныя напоі і купленая выпечка.

Даследчыкі кажуць, што самі яны не чакалі настолькі моцнага эфекту ад міжземнаморскай дыеты. Кіраўнік даследавання, прафесар медыцыны Рамон Эструх з Універсітэта Барселоны, кажа, што ў выніку ён сам і ягоныя калегі-даследчыкі перайшлі на гэтую дыету.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?