Прэм’ера першага беларускага поўнаметражнага анімацыйнага фільма «Прыгоды Несцеркі» адбудзецца 25 сакавіка ў мінскім кінатэатры «Дом кіно».
Аб гэтым паведаміў рэжысёр карціны Ігар Волчак.

Першы паказ на вялікім экране будзе суправаджацца незвычайнай праграмай. Цэнтральнай тэмай свята стане фальклор, бо мульцік прадставяць на беларускай мове. «Мы плануем правесці гульню ў „агучванне“. Будзем выклікаць гледачоў на сцэну і прасіць агучыць той ці іншы фрагмент стужкі. Затым пройдуць майстар-класы артыстаў, якія прымалі ўдзел у стварэнні мультфільма. Самым актыўным удзельнікам уручым падарункі», — падзяліўся задумай рэжысёр.

«Прыгоды Несцеркі» — мультфільм для сямейнага прагляду. Гэта 8 смешных і захапляючых гісторый, у якіх самы папулярны герой народных легенд і паданняў Несцерка са сваімі неразлучнымі сябрамі сабакам і катом знаходзяць выйсце з любой сітуацыі.

Яны ператвараюць звычыйныя гліняныя збаны ў музычны інструмент, перамагаюць крыважэрнага Дракона, які выкраў нявесту Несцеркі, і знаходзяць управу на Ліха, якое пасялілася ў іх доме.
Акрамя беларускамоўнай версіі мультфільма, ёсць варыянт на расійскай — для партнёраў з СНД, і з англійскімі субтытраммі — для іншых краін.

Поўнаметражная анімацыйная карціна — цэласная версія першага ў краіне чыста беларускага мультсерыяла «Несцерка». Экраннае жыццё ўдалага веселуна пачалося 10 гадоў таму. У 2003 годзе выйшла першая з 8 серый, і толькі ў мінулым годзе завяршылася работа над апошняй часткай. Пасля чаго ўсе серыі зманціравалі, ператварыўшы праект у поўны анімацыйны метр на 52 хвіліны.

Прэс-паказ анімацыйнай стужкі адбыўся 8 лютага 2013 года на Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?