Мікалай Лукашэнка падчас візіту з бацькам у красавіку 2009 г. у Ватыкан падарыў  Бенедыкту XVI буквар.

Мікалай Лукашэнка падчас візіту з бацькам у красавіку 2009 г. у Ватыкан падарыў Бенедыкту XVI буквар.

У Беларусі «з разуменнем і пачуццём шкадавання» ўспрынялі рашэнне Папы Бенедыкта XVI аб зняцці з сябе паўнамоцтваў. Пра гэта гаворыцца ў звароце, які Аляксандр Лукашэнка накіраваў пантыфіку.

«За гады вашага служэння з усёй паўнатой раскрыўся сэнс місіі пантыфіка. Вы нястомна змагаліся за захаванне маральных каштоўнасцяў хрысціянства, якія з’яўляюцца базавымі для вырашэння праблем сучаснага свету, рабілі ўсё для ўзвядзення мастоў узаемаразумення, павагі і любові паміж рознымі краінамі, народамі і канфесіямі», — гаворыцца ў звароце.

«З вялікім задавальненнем я ўспамінаю сустрэчу з вамі ў Ватыкане.

Ваша адкрытая пазіцыя і ўвага да нашай краіны, садзейнічанне развіццю адносінаў паміж апостальскім прастолам і Беларуссю здабылі вам павагу і ўдзячнасць беларускіх грамадзян», — зазначыў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка выказаў Бенедыкту XVI шчырую ўдзячнасць, пажадаў моцнага здароўя, аптымізму і Божай дапамогі на многія гады.

Нагадаем, што пра сваё рашэнне пакінуць папскае служэнне 85-гадовы пантыфік паведаміў 11 лютага. Бенедыкт XVI пакіне Ватыкан у 17.00 у чацвер, 28 лютага, і на верталёце адправіцца ў летнюю папскую рэзідэнцыю Кастэльгандольфа. Рэжым «вакантнага трона» ў Ватыкане будзе аб’яўлены ў гэты ж дзень у 20.00 (у 22.00 па мінскім часе).

Лукашэнка сустракаўся з пантыфікам 27 красавіка 2009 года падчас візіту ў Ватыкан.

Тады ён запрасіў Бенедыкта XVI наведаць Беларусь і выказаў гатоўнасць садзейнічаць яго сустрэчы з кіраўніком РПЦ Кірылам на беларускай тэрыторыі. «Прысутнасць на сустрэчы малодшага сына Аляксандра Лукашэнкі Мікалая стварыла вельмі цёплую, вельмі сардэчную атмасферу, выклікала вельмі чалавечае стаўленне з боку пантыфіка», — паведаміў паводле вынікаў візіту прадстаўнік МЗС Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?