20 студзеня не стала Міхася Чарняўскага — гісторыка і археолага, аднаго з айцоў руху за незалежнасць. Ён адышоў без пары: ён яшчэ актыўна выкладаў ва ўніверсітэце, штолета праводзіў вялікія раскопкі. Анкалагічная хвароба, якую ён, здавалася, перамог, нечакана вярнулася. Прапануем ўспаміны гісторыка, запісаныя яго студэнтамі.

Розныя веры — адна нацыя

Нарадзіўся я ў вёсцы Круці. Вёска праваслаўная, і ўсе тут лічылі сябе беларусамі.
А пасля мы пераехалі на хутар Гінеўка. Хутар быў на ўсход ад Мядзела кіламетраў пяць. Там было многа хутароў розных.
Мы былі праваслаўныя. На поўнач — каталікі, а справа былі чатыры хутары татарскія, Александровічы. Мы ўсе былі падобныя, нават татарчукі.
Размаўлялі мы на аднолькавай мове, хадзілі калядаваць, напрыклад, па ўсіх святах: па праваслаўных хадзілі, па каталіцкіх. На Вялікадні яйкі збіралі на каталіцкія, на праваслаўныя. У мусульман, калі таксама свята, мы малыя хадзілі да іх у госці, яны частавалі нас. Была абсалютна талерантная сітуацыя.
Калі свята каталіцкае было, мой бацька не араў каля мяжы, дзе каталікі.
Так бераглі адзін аднаго.
Бацькі ніколі не лаяліся, не мацюкаліся, ніколі. Толькі аднойчы, калі ўжо быў калгас і савецкія парадкі, бацька неяк мацюкнуўся…
Абсалютна мат быў выключаны.
Ну гэта ж Заходняя Беларусь — калі хто мацюкаецца, значыць ён васточнік ці камуніст.
Ну, таксама і не кралі. Калі ўжо калгас быў, у нас усё забралі, наша ўсё было ў кагасе. Украсці ў калгаса было… ну так трэба было, так Бог сказаў, сваё забіраць.

Памятаю, мама пару бульбін прынесла і страшэнна перажывала з-за гэтага…

Малым я ўжо ведаў, што я беларус. Памятаю, у хаце гэта было. Бацька сядзіць, і я сяджу.

Бацька пальцам піхае ў грудзі. Палец такі вялікі, з пазногцем. Піхае й кажа: «Ты беларус. Паўтары. Беларус». Кажу «белалус» — «р» яшчэ не вымаўляў.
Вось гэта першы ўрок мне бацька даў, каб ведаў хто такі.

А адкуль у бацькі? Родны старэйшы брат бацькі вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі да рэвалюцыі. Ён быў старэйшы. Потым у яго сын стане кіраўніком Баранавіцкай акругі Саюза беларускай моладзі ў час акупацыі, а яго самога ўгробяць на рудніках уранавых на Паўночным Сахаліне… Стаў сацыялістам, пазнаёміўшыся з нейкім рабочым масквічом на чыгунцы, на станцыі Маладзечна. Уцёк на Усход, яго як польскага шпіёна і трацкіста пасадзілі…

Лапіцкі

Пасля я дазнаўся пра Лапіцкага. Пайшоў у мядзельскую школу. Звычайная школа, беларуская. І прыносяць на ўрок батанікі малюнкі на шараватай паперы рознакаляровымі алоўкамі, прыгожа так зробленыя. Інфузорыі туфелькі. Мне ў перапынку старэйшыя мядзельскія хлопцы кажуць:

«Маляваў Слаўка Лапіцкі. З нашай школы. Яго расстралялі за Беларусь». Мяне раптам гэта працяла. Значыць за Беларусь можна так быць, што могуць нават расстраляць!

У 1950-м летам яго расстралялі. А я скончыў пачатковую школу, чатырохгадовую. Бачыў тыя ўлёткі — яны яшчэ былі свежыя, яшчэ цёплыя ад яго рук. Расклейвалі іх мядзельскія школьнікі — іх з аўтаматамі забіралі з урокаў…

Гісторыя настолькі ўразіла, што сам пісаў улёткі: «Прэч расійскіх акупантаў». Ішоў у школу і па дарозе раскідваў. Шчасце, што была зіма, белыя лісткі ніхто не знайшоў…
Бацькам было б за тое.

Улёткі Лапіцкага расклейвалі мядзельскія школьнікі. Іх з аўтаматамі забіралі з урокаў…

Я быў у дзявятым класе, калі брат вярнуўся з войска. Сядзім у святліцы.

І брат да мяне звяртаецца: «А чего ты по-белорусскі говорішь? Надо по-русскі». Я як на яго вызверыўся — я беларус! І ты беларус!
Брат, на восем гадоў старэйшы, разгубіўся… І я бачу, яму даходзіць нешта… Пасля мы былі з ім аднадумцамі.

Будзем араць — і разарэм

Мы былі сям’я, у прынцыпе, прасавецкая. Іграла ролю чыста меркантыльная сітуацыя: бацька купіў у растэрміноўку ў пані Козел-Паклеўскай хутар, 12 гектараў. Купіў разам з братам Колем (яго потым немцы расстралялі ў канцлагеры ў Германіі). Заплацілі адразу палавіну, золатам заплацілі, а другую палавіну за іх заклаў віленскі банк. Але гэтыя 12 га былі — адны ўзгоркі гліністыя, што конь не мог пад’ехаць напрамую,

бацька араў увесь час з аднаго боку, каб адвальваць увесь час баразну ад узгорка. І так пераязджаў увесь час. І казаў, я калі буду так араць увесь час, вы будзеце і вашыя дзеці-ўнукі будуць — мы, нарэшце, разарэм гэтыя ўзгоркі і ў нас будзе хутар роўны, на ім будзе нешта расці.
Я глядзеў на гэтыя ўзгоркі — думаў, Божа мой, колькі трэба будзе араць?!

Пасля прыйшлі «тыя» саветы, паноў, адпаведна, выгналі і банк ляснуў віленскі. І не трэба было плаціць. Бацька казаў, мы б ніколі не выплацілі. Такі благі быў ураджай на гэтых гліністых узгорках…

А выбіраў жа хутар дзед. А дзед быў вельмі ганарлівы. Ён пры цары быў выбарным валасным старастам.
Ад самога Мікалая ІІ, калі было трохсотгоддзе Раманавых, атрымаў медаль — такі авальны. Яго ўнук потым за цукеркі прадаў. Па-мойму, Ігар, што ў міністэрстве, але не прызнаецца мне…

Бацька, калі служыў у войску Пілсудскага, то ў Вільні скончыў яшчэ курсы сталяркі і меў вялікі прыгожы дыплом — таксама невядома дзе. Можа, зноў жа за цукеркі прадалі нейкаму калекцыянеру. Вельмі прыгожы дыплом быў. Ён, калі вярнуўся з войска, — займаўся сталяркай, увесь час рабіў сталы, шафы ўсякія, крэслы. Хваліўся, што самому Пілсудскаму дачу рабіў. Бралі золата і збіралі залатоўкі… Далася зямля крывавымі мазалямі. А тут прыйшлі саветы — і ўсё, не трэба ўжо нікому плаціць. Вось свая і быццам бы зямля. Праўда, потым усё забралі ў калгас.

Дваццаць зменаў улады

Бацька ўступіў у калгас лёгка: акрамя ўзгоркаў нічога не было, разараць іх не ўдавалася, надта высокія, а падаткі самастойным гаспадарам былі вялікія.
Саветы душылі проста, каб уступілі ў калгас. Бацька ўступіў у калгас першы. Мы пераехалі з нашага хутара Гінеўка ў вёску Мікасецк, на сядзібу, угноеную страшэнна. У Мікасецку быў цэнтр староства мядзельскага, дзед там быў старастам. Там быў палац вялікі на 19 пакояў, які спалілі партызаны ў канцы 1942-га. Як яны спалілі усе мураваныя будынкі ў раёне і ў Беларусі, якія маглі спаліць.
Мы былі прасавецкія, хаця бацька ніколі б не ўступіў у партыю.
А яму прапаноўвалі шмат разоў. Не ўступіў з сялянскага вопыту, бо казаў: «Я перажыў за сваё жыццё нешта каля дваццаці зменаў улады». І загінаў палец — Мікалай ІІ, потым быў Керанскі, пасля Керанскага прыйшоў кайзер, потым Ленін, потым прыйшоў на нейкі час Пілсудскі, потым зноў Ленін, потым літоўцы, як Ленін аддаў Нарачанскі край Літве, потым ізноў Пілсудскі прыйшоў, пасля прыйшлі тыя саветы, пасля прыйшлі немцы, пасля — гэтыя саветы ў 1944-м.
Кажа, калі я перажыў дваццаць зменаў улады, хто дае гарантыі, што і 21-й не будзе змены?
Нашто мне лезці ў гэтыя камуністы — вось такая ў яго была філасофія.
У 1950-я людзі чакалі вайны, чакалі амерыканцаў.
Бывала, суседка бяжыць да нашай мяжы: «Марыля! Амерыканскія танкі ўжо ў Паставах!» Ці ў Мядзеле гром загрыміць — яна бяжыць: «Людцы! Амерыканскія танкі ідуць!»

А было яшчэ — запісваліся ў палякі. Быў перапіс пасля вайны. Была прапаганда: калі мы масава запішамся палякамі, будзе тут Польшча, не будзе калгасаў. Мясцовыя, якія не хацелі калгасаў, прыдумалі. І вось мой сябар — маці яго каталічка з Мікольцаў — кажа: я запішуся палякам. Я яго спрабаваў пераканаць — ніяк. Ішоў дахаты — ад роспачы плакаў.

За гарызонт

Мне з дзяцінства хацелася падарожнічаць. Хутар, адзінота — я быў начытаны кніжкамі.
Першыя мне бацька купляў. Яшчэ захавалася кніжка № 3. Самая першая — брашурка — нейкая бярозка была намаляваная і вершык нейкі на кардоне. Другая — не памятаю. Трэцяя — можа, Самулёнка апавяданні — «У завіруху».

Быў дэтэктарны прыёмнік, па якім ціхенька слухалі «Голас Амерыкі». Мама любіла… Там быў авальчык такі з надпісам «Дэтэктар № …». Я яго намазваў і прыціскаў кніжку. Атрымлівалася пячатка «Дэтэктар № …». Гэта быў мой ex libris дзіцячы.

Я выходзіў з дому ў школу, адкрываў кніжку. Пяць кіламетраў ішоў і чытаў…
Або пасвіш кароў, а там балоты — велізарныя балоты — возера блакітнае, кругленькае як вока, сінія ўзгоркі, лясы, лясы, лясы. Было страшэннае жаданне пайсці за лясы, за гарызонт. Я не люблю доўга на адным месцы і раскопкі праводзіць. Люблю рукзак на плечы — і за гарызонт, у разведку.

Любіў падарожнічаць па картах — па Амазонцы, Паўднёвай Амерыцы…

Яшчэ ж, калі быў малы, Амазонка ў вярхоўях была пункцірам паказаная, Антарктыда амаль уся пункцірам, Сібір Паўночная. Я думаў — каб толькі паспець, каб не адкрылі да мяне!
Каб толькі паспець! Не адкрылі да мяне яшчэ. Вот туды траплю, адкрыю, нанясу на карту лініяй. Звычайна, калі няма аднагодкаў, няма гульняў, бегання, лазання па садах, гульняў у схованкі. Калі адзін, сам сабе ў сваім свеце, то яго запаўняеш нейкімі вобразамі. Памятаю ў пятым класе пачаў першы аповед пісаць. Мяне натхніў мосцік, т.зв. «курыны мосцік». Там як тунэль, лапухі, лічце такое загадкавае. Рэчка там, каменчыкі бліскучыя. Як падарожжа пад зямлёй.

Усім быць, усё рабіць

Мне хацелася ўсім быць, усё рабіць. Гэта самы страшэнны мой недахоп.

Я і рысаваў, і вершы пісаў, і адкрыцці нейкія спрабаваў рабіць, збіраў кніжкі нават па археалогіі Амерыкі, Афрыкі, хацеў інкаў капаць, нават пайшоў на курс археалогіі Цэнтральнай Амерыкі, што адкрылі ў Маскве, але не прайшоў па палітычных матывах: быў беспартыйны.
Толькі што падарылі нож з надпісам «Покорителю южных континентов». Згубіў яго хутка, праўда. А за мяжу тады пускалі членаў партыі, і каб быў яшчэ абавязкова сексот.
Аднаму дадзена быць банкірам — я ніколі б не мог стаць, каб мяне застрэлілі, якім-небудзь камерсантам —
а вот такім вот разгільдзяем, летуценнікам. Цяпер ужо не так, а раней едзеш куды-небузь на аўтобусе — і навяваецца апавяданне, сюжэт. А потым прыязджаеш дахаты — і на халеру гэта пісаць? Я ж усё гэта пракруціў праз галаву.
Потым я ўлёг маляваць. Даволі шмат друкаваліся ў «Маладосці», у ЛіМе, так уцягнуўся, што на любую рэч гляджу — і бачу сюжэты гумарыстычныя. Да таго дайшоў, што сніў ноччы сюжэты.
Але раніцай не памятаў. І тады я ўхітрыўся класці альбом каля ложка і прывучыў сябе імгненна прачынацца. Рабіў пару штрыхоў і засынаў.

А потым — як адрэзала. Цяпер неяк гэта не публікуюць, неяк нямодна. Я першы малюнак паслаў у «Кракадзіл» у 4-м класе. Я быў ідэйны, савецкі, першы піянер у школе. Тады была карэйская вайна. Я намаляваў амерыканца, ён сядзіць, за ім нейкія тыпчыкі, паўднёвыя карэйцы, яны галоў наадразалі вялікую кучу, накідалі. Мне прыйшоў адказ: сюжэт добры, але над тэхнікай трэба працаваць.

А пазней, школьнікам, паслаў апавяданне ў «Маладосць». І мне прыйшоў адказ, што нешта ў ім трэба дапрацаваць. Іван Пташнікаў мне адпісаў. Я і не дапрацоўваў, кінуў так.

Беларускі кантынент

Быў я ўжо ў дзесятым класе. Пазнаёміўся са мною хлопчык з суседняй вёскі. Ён быў клас можа пяты-шосты. І ён прынёс мне беларускія кніжкі, у бацькі ці ў дзядзкі ў яго ляжалі. Гэта была хрэстаматыя беларускай літаратуры Гарэцкага і гісторыя беларускай літаратуры Гарэцкага. Асабліва хрэстаматыя.

Я прачытаў сапраўднага Купалу, сапраўднага Коласа, сапраўднага Бядулю, Гаруна, якога ніколі не чуў.
Я прачытаў дзясятак паэтаў, пісьменнікаў, якіх ніколі не чуў. Гэта была такая рэч! Калі раней было нешта стыхійна і Лапіцкі як міф, то гэтыя кніжкі — гэта быў ужо навуковы грунт.
Зусім другая Беларусь адкрылася раптам, якую не ведаў.
Беларусь незалежная. Вольная Беларусь. Мацярык гэты. Гэта, канечне было для мяне… нават не ведаю, як гэта выразіцца…
калі раней я адчуваў на ўзроўні Мядзела пад сабой грунт беларускі, тут раптам стаў адчуваць увесь кантынент беларускі.
Дзякуючы кніжкам гэтым. У Саюзе Беларускіх Патрыётаў Глыбоцкага педвучылішча, арганізацыі падпольнай, у іх Бібліяй была «Беларусь учора й сяння» Найдзюка. Гісторыя Беларусі, якую вучылі ў школах у час акупацыі. Знайшлі на гарышчы, перадавалі як Евангелле з рук у рукі. А што цяпер? Цяпер цэлыя паліцы кніг з беларускай літаратурай, і кожная як тая, Найдзюка, такога ўзроўню.
Маючы такую макралітаратуру, Беларусь ужо не згіне.

Археалогія

Як я скончыў школу, прыехалі да нас геолагі маладыя. Бацька быў брыгадзірам. Трэба было ім работнік. А во бярыце. Я з імі месяцы два пабадзяўся па Паўночнай Беларусі.
Я шчыры быў да работы — такія шурфы выкапваў, такія вялікія, неверагодныя кар’еры! Пасля ўзялі мяне лабарантам у Інстытут геалогіі АН. Я добра працаваў, канечне.
У экспедыцыі летняй быў з геолагамі ў Сібіры, золата шукалі, медзь… Зэкі там у іх былі рабочымі. Яны ўсе антысаветчыкі былі, першую антысавецкую адукацыю яны зрабілі.

Мне прапаноўвалі на геафак паступаць — казалі, толькі на двойкі не здай, прымем. Але я хацеў быць археолагам.

Яшчэ як вучыўся ў школе, на Мядзельшчыну прыехаў археолаг Мітрафанаў, правёў раскопкі ў нас на Чорнай Гары.
Мяне бацька не пусціў, трэба было пасля школы кароў пасвіць ці на гародзе нейкую работу рабіць. Як яны паехалі, я заклаў шурфік невялічкі і знайшоў наканечнік кап’я. Гэта быў як знак для мяне. Тады я ўжо рабіў там нейкія апісанні гарадзішчаў, курганоў. Яшчэ ў мяне школьныя ёсць палявыя дзённікі. Першы — з дзесятага класа.
Да археалогіі мусіць быць схільнасць — гэта не прышчапляецца. Адзін і хоча нібыта, а паходзіць, вымакне пару разоў, паляжыць з тэмпературай на печы ў бабкі — і ўсё, яго няма ў археалогіі.

Настаўнікі пілі як коні

Вучыўся на гістфаку, працаваў год у геолагаў. Зарплата малюсенькая.

Добра, што тады ўжо пачыналі будаваць камунізм, і хлеб быў бясплатны ў сталоўках. Дык я браў чай, садзіўся і еў хлеб з чаем.

А тады міністр адукацыі выдаў загад, што завочнікі абавязкова павінны працаваць у школе. Я меў мінскую прапіску, ужо быў мінчанін… Тады мінскую прапіску атрымаць было страшэнна цяжка! Колькі бацька патраціў сувязяў, энергіі… Адзін чалавек памог, якога бацька ад турмы выратаваў.

Але пайсці ў школу мінскую -тут усё рускае, для мяне гэта ўжо чужое. Я кінуў усё — прапіску, работу, паехаў у школу ў Пількаўшчыну, на радзіму Максіма Танка.
Хутары, лес да гарызонту, цішыня абсалютная… Як там хораша працавалася! Каб яшчэ настаўнікі не пілі як коні…

Нешта спрабаваў я такое, прапаганду,

нават спрабаваў стварыць арганізацыю сярод настаўнікаў… Добра, што ніхто не данёс.
А імпэту ў мяне не хапіла давесці ўсё да ладу. Тым больш, мяне перавялі ў другую школу, і так пачатак гэтай арганізацыі беларускай ляснуў. А ў новай школе ўжо не было такіх… А потым паступіў у аспірантуру… Ну, тут ужо зусім другое, тут ужо асяроддзе беларускае было.

Як мы адзін аднаго пазнавалі

Я жыў у аспіранцкім інтэрнаце, але побач быў малодшых навуковых супрацоўнікаў інтэрнат. Там ужо быў Арсень Ліс, фалькларыст вядомы наш. Быў вельмі асцярожны. Кагэбэшнікі пасля казалі на допытах: «Ох, Ліс, — к нему нельзя нікак подступіться». Мікола Прашковіч яшчэ быў ад Інстытута літаратуры, які потым на Случчыне згарэў у хаце. Патрыятычны хлопец, але яго клявалі. Ён запіў і згарэў. Быў і такі Міхась Шушкевіч, песня «Ты мне вясною прыснілася» — гэта яго словы. Бываў, канечне, Караткевіч Валодзя ў гэтым інтэрнаце.

Я ўжо быў светапоглядна сфармаваным хлопцам. Як адзін аднаго пазнавалі? Слухалі, хто гаворыць па-беларуску.
Рэдка можна было пачуць, намнога радзей, чым цяпер… Калі пачуў, што незнаёмы сам гаворыць на касе дзе-небудзь, то гэта ўжо як пароль, з ім знаёміліся тады. Я неяк на Мядзела купляю білет, а хлопец купляе на Узду. І бачу ў яго значок — Колас. Тады значкоў было — раз-два… Ленін або што-небудзь такое мускулістае, спартсмэн-бягун… Я падыхожу, загаворваю… Потым ён кудысці прапаў, баюся, можа нават памёр: моцна хворыя ныркі былі, Клімкоўскі такі, маці настаўніцай была.
Ці ў экспедыцыі дзе-небудзь заўважалі: калі гаспадары гавораць па-беларуску, кнігі дома ёсць, дзеці беларускамоўныя.
Напрыклад, начаваў у Ярэмічах у хаце ў такога Жука. Яго сын сканчаў якраз школу. Бачу, што бацька — свядомы беларус, і сын беларускамоўны, будзе паступаць у тэатральна-мастацкі інстытут. Даю адрас: будзеш у Мінску — можаш спыніцца ў мяне…

Мы так шукалі. Дзяцей настаўнікаў беларускіх, старых КПЗБўскіх свядомых дзеячаў.

Пазняк

З Зянонам пазнаёміўся ў 1962-м годзе.
Паведамілі з Ваўкавыска, што знайшлі нейкія косткі з гаршком на дне шахты ў Красным Сяле, ну і трэба было забраць. Ехалі супрацоўнікі арггрупы па стварэнніі музея гістарычнага, у іх аўтобус быў, і я як археолаг прымасціўся. Едзем, гаворым. Я гавару па-беларуску.
Бачу — малады хлопец сядзіць, вочы цёмныя такія, і на мяне так упарта глядзіць. Прыехалі, ходзім па тых шахтах, і ён да мяне загаворвае па-беларуску.
З таго часу адзін аднаго ведалі.
З Пазняком мы знайшлі магілу каліноўцаў у Плябані.
Раз сядзім ля касцёла ў Красным. Нейкі дзядзька ідзе, разгаварыліся. А, кажа, ёсць побач, у Плябані, магіла мяцежнікаў. Прыходзім — дзікія кусты. Паляўнічым ножам прасякаў дарожку. Трапляем у цэнтр, на пагорак — бачым камень, паліраваны куб такі, з прозвішчамі: Бакшанскі, Ямант і высечанымі словамі Пілсудскага. Пры паляках, у 1920-я гады паставілі.
Мы пасля сталі там рабіць суботнікі. Увялі ў вушы раённаму начальству, што можна помнік паставіць.
Перад прыездам камісіі я спехам выкапаў яму і той камень кульнуў у яе — цытатай Пілсудскага ўніз. Каб пабачылі — збаяліся б ставіць помнік. А так прыцягнулі вайсковым цягачом вялізны валун, табліцу памятную павесілі — яе выдраў пасля хтосьці і скраў…
Магілы паўстанцаў — не рэдкасць у Беларусі. У Куранцы за Вілейкай ёсць, на поўначы Карэліцкага раёна, шмат яшчэ дзе.

Паддашак

Як трапіў на Паддашак, з Куліком Яўгенам як пазнаёміўся — не памятаю.

Гэта яго была майстэрня насупраць КДБ. У яго збіраліся. Калі ўсё было спакойна, ён вывешваў белы ручнік на акно.
Як мы ідзём, а ручніка няма — значыць або чужы чалавек, або яго самога няма. Я нават і цяпер там іду і баюся падымаць вочы: а раптам вісіць ручнік? І што я тады буду рабіць?..

У Куліка можна было збірацца. У нас у інтэрнаце ніхто не жыў так, каб усе аднадумцы былі ў пакоі. Усюды былі некалькі чалавек, адзін-два, або нейтральныя, або тыя, якім не давяралі.

А ў Куліка вельмі многа людзей збіралася: Ермаловіч, Караткевіч, Свентахоўскі, Сокалаў-Кубай, Мельнікаў Бора…
Ён пісаў дзённік, у яго некалькі тамоў дзённікаў. Сказаў надрукаваць праз 40 гадоў пасля яго смерці. Яшчэ гадоў 20 чакаць. А ён увесь рух беларускі, усё, што было, запісваў.

Акадэмічны асяродак

Ён быў сапраўды акадэмічны.

Мы збіралі кніжкі, шукалі, каму дапамагчы паступіць у ВНУ, ці некага загітаваць чыноўнікам стаць, ці некага прапхнуць у партыю.
Таго самага Каханоўскага ціснулі доўга, каб уступіў у партыю. Казалі, што дзеля Беларусі, бо няма іншага выхаду. Казалі, што ўсе літоўскія нацыяналісты — камуністы. Каханоўскі стаў дырэктарам музея, многа добрага зрабіў. Міхася Ткачова мы таксама доўга ціснулі, каб уступіў у партыю. Стаў выкладчыкам, загадчыкам кафедры, потым дырэктарам «Энцыклапедыі».
У Вільню ўвесь час ездзілі, куплялі там кнігі — столькі было беларускай літаратуры!
Я памятаю «Шляхам жыцця» Купалы, брашурка, штук 20, усе раздаў. Так раздаваў, што сабе не пакінуў ні адну.

Ткачоў палічыў правакатарам

З Міхасём Ткачовым пазнаёміліся на раскопках у Юдзінаве, пад Бранскам.
Раскопкі рабілі беларускія студэнты, бо гэта быў помнік, адкрыты Палікарповічам у 30-я — тады збіраліся рабіць 4-е ўзбуйненне Беларусі, далучыць Браншчыну і Смаленшчыну. Пакуль у Маскве разглядалі гэту праблему, туды хлынулі нашы навукоўцы: лінгвісты, географы, заолагі, археолагі. Палікарповіч адкрыў гэтую стаянку. У 1960-я гэта быў цалкам беларускамоўны рэгіён. Больш беларускамоўны, чым Беларусь.

Я год як скончыў інстытут, мне прыходзіць тэлеграма: Міша, прыязджай, можна паехаць у археалагічную экспедыцыю. Купляю білет да Старадуба і ўпершыню ў жыцці еду на цягніку.

На раскопках раптам да мяне адгукаецца высокі чарнявы хлопец і пачынае гаварыць па-беларуску — без акцэнта. А гэта вельмі важна. Бо, калі з акцэнтам — значыць стукач… І так

мы пасябравалі з ходу. Ён з Мсціслава, «недасека», ведае гісторыю.
Мы разам лавілі ракаў, купаліся, з дзяўчатамі гулялі, бадзяліся па наваколлі, працавалі разам. Ну, найбольш, канечне, лавілі ракаў. О, як мы іх лавілі!

Пасля вярнуліся ў Мінск, ён прыйшоў раз да мяне ў інтэрнат,

я паставіў на стол бутэльку гарэлкі і пачаў яму казаць: ты павінен вучыцца, вучыцца выдатна, каб заняць пасаду, мы мусім усё абсадзіць сваімі людзьмі. Ён глядзеў на мяне, акругліўшы вочы, потым развітаўся і збег хуценька.
І прапаў. Зусім прапаў. Толькі
гады праз два сустрэліся, ён кажа: а я ж падумаў, ты правакатар.
Дык я табе ў кішэню ціхенька тры рублі — цана бутэлькі гарэлкі — усунуў і збег.

Жывец на вудзе ў рыбака

Бо хапала і правакатараў. Быў тады магазін «Дружба», кніжка краін народнай дэмакратыі, дзе зараз «Бульбяная», за фізкультурным інстытутам. Цудоўная літаратура і вельмі танная.

І вось я там нешта купляю, размаўляю з прадавачкай па-беларуску. І тут да мяне падсуседжваецца хлопец,
каранасты такі, марынарка ў яго, пад ёй цяльняшка, нібыта толькі ў марскім флоце служыў. «А што гэта вы тут цікавіцеся», — пытае, па-беларуску. А я вось гэта хачу паглядзець, гэтым цікаўлюся, з войска толькі вярнуўся, а вы дзе?

Мы выходзім, ён па-беларуску гаворыць. Але я чую, што ён гаворыць з акцэнтам, то бок ён дома не размаўляе па-беларуску, гэта яго не родная мова.

І ён кажа: слухайце, можа вы ведаеце, кажуць, ёсць на Захадзе нейкая радыёстанцыя на беларускай мове. Я хачу, каб вы мне сказалі, што гэта за радыёстанцыя. Я кажу: ды няўжо! Як цікава!..

Ён мяне запрасіў дахаты, жыў ён недалёка ад могілак Усходніх. Вельмі харошая кватэра, багатая бібліятэка. Стаіць столік у куце, на ім «ЛіМа» стосік і вышываны ручнічок. Рытуальнае такое месца.

Ён мне паказвае кнігі з аўтографамі Купалы, Чорнага, Чарота. Але выходзіць у іншы пакой і — чую — з дзецьмі па-расейску гаворыць.
Значыць, або ў цябе комплекс абсалютны, ты затурканы ў сям’і, або беларускае — гэта не тваё, гэта жывец на вудзе ў рыбака.
Адкуль у яго была бібліятэка беларуская? Яго бацька быў у КГБ галоўным бухгалтарам,
пасля іншыя мне сказалі. Таму, калі канфіскоўвалі кніжкі рэпрэсаваных пісьменнікаў, ён выбіраў сабе лепшыя. Там што спальвалі, што разбіралі сабе.
У дадатак ён быў калекцыянер. Паехаў працаваць рэдактарам вілейскай раённай газеты. І ўсё там ствараў музей: абабраў Вілейскі, Маладзечанскі і Валожынскі раёны.
У тым ліку мэблю, што засталася ад Дуніна-Марцінкевіча. Дзе яна потым дзелася — хто яе знае. Ездзіў з даведкай ад Вілейскага райкаму партыі і забіраў рэчы ўнікальныя. Ніякага музея ён не стварыў. Потым працаваў адказным сакратаром у Беларускай Энцыклапедыі. Правакатар, стукач… Наколькі актыўна стукаў, я не ведаю.
Хоць да мяне добра ставіліся некаторыя агенты КГБ.
Напрыклад, у Інстытуце этнаграфіі адзін прызнаўся пад чаркай, што ён капітан ажно. Вельмі добра працаваў у этнаграфіі. Напісаў пару харошых кніжак, мяне прасіў заўсёды, каб я рэдагаваў іх. Яго прыслалі на месца іншага — той ніяк не мог здаць кандыдацкі мінімум па нямецкай мове — выкладчык Ліўшыц яму рэгулярна ставіў двойкі. Хоць ціснулі на Ліўшыца, але ён яму вышэй за двойку не паставіў. Дык таго забралі назад у КГБ, у форме пасля хадзіў і ўсіх нас дапытваў потым.

Ці адзін мой зямляк, з якім мы школьнікамі на гары ля Мікасецка далі клятву змагацца за Беларусь…

Яны студэнтамі стварылі «падпольны беларускі ўрад» — гулялі ў незалежную беларускую дзяржаву. КГБ гэта накрыла, павыключалі — і ў войска. А таго хлопца пакінулі.
Потым яго накіравалі ў закрыты інстытут. Ён таксама быў у нашым асяродку. Гаварыў пра незалежнасць. Хоць
пра незалежнасць мала гаварылі.

Мы бачылі задачу ў тым, каб захаваць беларускі дух, спыніць дзікую русіфікацыю.

Потым, калі пачаўся наш разгром і нас павыганялі адусюль, яго накіравалі ў Германію, у навуковую камандзіроўку. У той час толькі народнага пісьменніка маглі пусціць — і то разам з кадэбістам. Тут ужо і вожыку зразумела, на каго ён працаваў. Яго падлавілі падчас разгрому «ўраду». Сказалі: вылеціш з універсітэта, пойдзеш у войска, пасля ў калгас. Ён крывёю здабыў сабе месца ва ўніверсітэце. Добра вучыўся ў школе, быў сірата — бацька загінуў на фронце, у зрэбным хадзіў, у рваным. Я яго не асуджаю.

На маім вяселлі ён стаў перад маёй жонкай на калені і сказаў: твой Міша такі патрыёт, я за яго на крыж пайду. Вось і пайшоў.

У яго здарыўся параліч ног, ён курыў, дык яго знайшлі абгарэлага: не змог дацягнуцца да клямкі…

Або ў нас у інтэрнаце: прыходзіць адзін з суседняга пакоя і прапануе навучыць, як рабіць выбухоўку. Я кажу: ведаеш, пакуль не трэба. Калі прыйдзе час, я да цябе падыду.

Потым адзін, скаціна, раптам загарэўся навучыць мяне друкаваць лістоўкі.
Увесь час вось такое…
Лісты ўсе перачытваліся, пераглядаліся. Падслухоўвалася ўсё,
і таму мы, калі збіраліся, то рабілі ўсякія дні нараджэння. Калі так проста сабраліся некалькі пакояў — гэта ўжо бралі на заметку. Шпіянаж быў, абсалютнейшая, татальнейшая сочка.

Дзякуй Богу, не пісалі спісаў

Хтосьці прывёз з Украіны тоўсты рукапіс Івана Дзюбы «Інтэрнацыяналізм або русіфікацыя?», глыбокая навуковая праца аб русіфікацыі ў СССР. Яна пахадзіла па руках па ўсёй Беларусі. Усё было спакойна, пакуль яна не выйшла на Захадзе вялікім тыражом. Тады спахапіліся, сталі ўсе нітачкі хапаць, арыштавалі Дзюбу, ва Украіне паўсотні чалавек пасадзілі. Сотні чалавек цягалі на допыты, але па ўсёй Беларусі чалавек восем, можа дзесяць выгналі з працы.

Мы чыталі расейскі самвыдат, але лічылі, што нам хапае сваёй работы,
бо распыляцца яшчэ і на расейскую дэмакратыю — не было людзей на гэта. Нават калі чэхаславацкія падзеі былі, рашылі нічога не рабіць. У Маскве выйшлі, іх арыштавалі чалавек пяць, але мова руская не паменшылася ад гэтага. А нам нельга было падстаўляцца.

Нас было нямнога. Асяродак быў рассыпаны. Вот нейкая групка, чалавек пяць. Недзе побач — другая. І адзін-два чалавекі з гэтай групкі былі ў той, першай. І так далей.

Было ў нас на філалогіі некалькі чалавек, у Інстытуце літаратуры, у «Энцыклапедыі», у Педінстытуце, у ВІРТУ [ваенным вучылішчы, якое ў 1968 годзе пераўтвораць у ВІЗРУ, а ў незалежнай Беларусі яно стане асновай Вайсковай акадэміі], у Інстытуце геалогіі, у Віцебску ў тэатры група была, у Гродне…
І дзякуй Богу — мы не пісалі ніякіх спісаў, не пакінулі ніводнай паперкі. Нас калі выганялі з працы, дык за нейкія рэчы, рэчы-доказы: напрыклад, Міколу Прашковіча — за ліст, мяне — за пераклад рукапіса Дзюбы «Нацыяналізм ці русіфікацыя»…

Шызафрэнік і фанатык

Нас вінавацілі ў тым, што мы выступалі супраць лініі партыі ў нацыянальным пытанні. А лінія была — адзіны савецкі народ.
А адзіны савецкі народ і на мове павінен размаўляць адзінай. Не па-чукоцку ж ён будзе размаўляць, вялікі савецкі народ… Гэтак казалі мне ў КГБ.

А я кажу: вы разумееце, у Інданэзіі каля сотні розных моў, там розныя-розныя нацыянальнасці, найбольшая — яванская, іх там недзе яванцаў працэнтаў 70, а дзяржаўнай мовай яны выбралі мову самага маленькага народа, каб не было нікому крыўдна.

Чаму, я кажу, не выбраць чукоцкую мову для Савецкага Саюза?
Вы — шызафрэнік, кажуць. Чукоцкай, па-мойму, я іх дабіў. Брэжнеў выступае на палітбюро на чукоцкай мове…
Мне жонка перад допытам усунула нейкія таблеткі, каб я трымаўся, можа, банальны цытрамон, і я так завёўся, што гаварыў, можа, паўдня з імі.
Ну і нагаварыў. Не трэба балбатаць. Гэта мне была вялікая навука. Нават панёс на Караткевіча.
Яны страшэнна хацелі прымазаць да нас Караткевіча. Хацелі стварыць, як калісьці, Саюз вызвалення Беларусі,
а Купалу зрабіць лідарам, калі Купала пасля допытаў разрэзаў сабе жывот. Яна хацелі зрабіць Караткевіча нашым лідарам. Ну, канечне, Геніюш, але Геніюш далёка, таму згадалі пра Караткевіча.
Я сказаў, што не лічу Караткевіча беларускім патрыётам: ён з жонкай размаўляе па-расейску.
Мне сказалі — «вы фанатык».

«Подвиг народа»

Групе з «Паддашку» было прасцей. То былі мастакі. Мастакі былі больш вольныя людзі, больш смелыя. Яны маглі зарабіць партрэтам ці як-небудзь… Як Зянон казаў, Пазняк — я фатограф. Калі мяне звольняць з працы, я пайду, пад касцёл сяду, буду рабіць фотаздымкі бабак, яны мне будуць за гэта яйкі з салам даваць. Я пражыву. А навукоўцы — не. Навукоўцы, яны ж, калі іх выганялі з працы — яны ўсё… І пісьменнікі былі вельмі затурканыя. Калі іх перастаюць друкаваць, іх ужо і няма.

Вось мяне выгналі з працы, мяне абсалютна нідзе не друкавалі, на мяне нельга было спасылацца, выкрасленыя былі ўсе спасылкі на мяне.
І нават было ў мяне пару калектыўных прац, у друку. Суаўтар прыходзіць — Міша, можа ты не будзеш крыўдаваць, калі пад адным прозвішчам? Кажуць, што можа калі ты вернешся, гадоў мо праз дваццаць. Я кажу — ну друкуй, друкуй. Няма, цябе ўжо няма! Нідзе няма ніякай спасылкі! Ужо глядзяць, як друкуюць артыкулы, ёсць спісак, каго няма. Чарняўскі — ужо выкрэсліваюць, на яго спасылак няма, ні ў падрадкоўніку, нідзе. Ты не жывы, ты мёртвы. Гэта было трошачкі дэнервавуёва…

Як выжыць? Пайшлі на фізічныя работы.

Я хацеў уладкавацца вартаўніком у Батанічным садзе. Сказалі, сад Акадэміі навук — нізашто.
Мяне ўладкавалі мастакі знаёмыя ў вытворча-мастацкі камбінат, дзе рабілі ўсю наглядную агітацыю для Мінска і Мінскай вобласці. Партрэты Брэжнева, стаханаўцаў, даярак…
Мы збівалі шчыты, абшывалі фанерай і грунтавалі, а мастакі малявалі камуністаў з чырвонымі кніжачкамі.
А мы потым іх развазілі і ставілі… Самая вялікая работа была на Круглай плошчы: лозунг «Подвиг народа бессмертен». Гэта яшчэ з майго часу. Гэта я рабіў яшчэ.
Я там з гэтых літараў зарабіў за пяць дзён столькі, колькі я зарабляў у інстытуце за месяц. Аддаваў жонцы грошы і астатнія дні быў вольны.
Я займаўся яшчэ археалогіяй. Работнікі ЦК, якія былі нацыянал-камуністамі, казалі — праз год мы цябе вернем. Зараз не можам, бо гэта рашэнне Масквы…

Караткевіч

— Калі я быў яшчэ ў Пількаўшчыне, я збіраў кніжкі. Гэта яшчэ былі танныя кніжкі, я іх купляў многа. Паэзію купляў, бо спрабаваў вершы пісаць, але яны ў мяне не атрымоўваліся, напэўна, з-за адсутнасці таленту… І вось сярод гэтага мора зборнічкаў тоненькіх, такіх там «Вясне насустрач», «Глыбокае ворыва», «Высокая хваля», «Песня трактарыста» — раптам знаходжу кніжачку ў кардоннай вокладцы

«Матчына душа». Дзікая назва, несавецкая назва, што гэта такое?
Адкрываю і чытаю першы верш. Чакаю — абавязкова пра партыю ці хоць пра ўдарніка ці даярку. І раптам: «У векавечнай Бацькаўшчыне клёны нячутна пачынаюць аблятаць». Я не веру сваім вачам. Пагартаў.
Ні аднаго трактарыста, ні адной даяркі. І я закахаўся ў гэтага аўтара.
Уладзімір Караткевіч прозвішча.

А пасля другі зборнічак, ужо не ў цвёрдай вокладцы, а ўжо ў мякчэйшай, малюнак сацыялістычны на вокладцы — ударнік ці ўдарніца, нешта такое. Але таксама абсалютна такая ж самая абсалютна паэзія. Я прыязджаю ў Мінск, знаёмлюся з Арсенам Лісам, з Прашковічам, Шушкевічам, я расказваю, а яны кажуць — гэта наш знаёмы. Ён абяцаў хутка прыехаць. Гэта значыць у 62-м годзе, а можа ў 61-м. Ён яшчэ не быў у Мінску, можа яшчэ нават не быў у Беларусі, а працаваў пад Кіевам. Ну вот я прыходжу, мы ідзём у пакой, яны мяне знаёмяць — вось Валодзя.

У яго вельмі цікавыя вочы.

У яго ўвесь твар быў такі… Быццам бы скульптар рабіў трошкі п’янаваты. Не класічны твар. Вельмі арыгінальны твар.
У яго нават вочы рознакаляровыя былі. Вельмі ўважлівыя вочы. Я не магу нават сказаць, якія ў яго былі вочы. Яны ўсё гаварылі…

Ён прыязджаў, мы сустракаліся, потым мяне ў войска забралі на два гады з аспірантуры. Прыязджала камісія з Масквы, мяне выцягвалі ў вялікіх армейскіх трусах, голага па пояс, замазанага мазутай — мазалі зеніткі, якія адпраўлялі ў В’етнам, а амерыканцы іх бамбілі, іх трэба было чысціць і мазаць — на мяне паказвалі: во наш акадэмік…

Прарок адраджэння і расейскамоўная кабета

Я вярнуўся, мы сустракаліся, ну, канечне, чытаў абсалютна ўсё яго.

І тут выйшла «Дзікае паляванне караля Стаха» ў «Маладосці». А я пайшоў у аспірантуру з такой Валяй Нікіцінай,
а дзявочае яе прозвішча было, па-мойму, Валадковіч, са шляхты берасцейскай.
Яна працавала ў Брэсцкім музеі, потым узялі яе ў Маскву,
яна там была два гады, пісала дысертацыю, ну і стала адчуваць сябе трошкі масквічкай. Ну, а мы тут такія, правінцыя. І гэта ў яе трошачкі так праскользвала ў размовах, у адносінах.
І наша начальства яе тут незалюбіла.
Хаця яна дысертацыю ўжо зрабіла амаль што, назад яе не ўзялі — не трэба нам тут такая ганарыстая. Хай едзе, дзе была.
І яна страшэнна забітая гэтым што трэба ехаць у Брэст.

І яна вельмі любіла дэтэктывы. І я кажу: слухай, я табе дам такі дэтэктыў, такі дэтэктыў. Яна рускамоўная, канечне, была.

Я кажу — во дэтэктыў, каб можа на душы лягчэй было. Яна як села дык аж да Брэста яго чытала.
Пасля праз пару гадоў Уладзімір Караткевіч прыехаў да Івана Калесніка (Калеснік быў загадчыкам кафедры беларускай літаратуры Брэсцкага педінстытута) і была нейкая сустрэча з выкладчыкамі. І ў размове яна кажа — а я вас ведаю. Я чытала і захоплена дзіка вашым «Дзікім паляваннем караля Стаха». А хто гэта вам прапанаваў? А яна кажа — а вы не ведаеце, мой такі знаёмы Міша Чарняўскі. І завязалася гэта, потым яны перапісваліся, перазвоньваліся і так пажаніліся.
Ён мяне называў «сват».

Усё наша жыццё — гэта выпадковасць. Гэта мільён выпадковасцяў. Я выпадкова перадаў гэту кніжку, выпадковасць — што яны сустрэліся, усё да аднаго — выпадковасць. Хаця ў прынцыпе нават я, хаця я Валю добра ведаў, быў не вельмі за тое, а

другія гатовыя былі крыжам легчы, каб ён не жаніўся з ёй. Ну як гэта так — прарок беларускага роднага адраджэння жэніцца з разведзенай нейкай кабетай, рускамоўнай, тым больш якая чытае гісторыю КПСС у Брэсцкім педінстытуце, якая не гаворыць па-беларуску!
Ну што вы, калі ў яго былі такія экзальтаваныя актрысы, колькі было трагедый… Як гэта так — Валодзя жэніцца з Валяй! Ён ажаніўся. Яна стала для яго анёлам-ахоўнікам, яна стала другой маці для яго. Ён быў вялікае дзіця.
Не дай Бог ён бы жаніўся з нейкай акторкай ці на нейкай паэтэсай — ён хадзіў бы «галодны і п’яны».
Галодны то абавязкова б хадзіў. Абадраны. Ну якая жонка вынясе як выносіла Валя… Валодзя ідзе малочныя бутэлькі здаваць у магазін — і праз тры дні яго прыводзяць у добрым падпітку абсалютна незнаёмыя яму мужыкі, ужо новыя яго сябры. І мужыкі таксама ў падпітку. Ну, уяўляеце прыгоды гэтага Валодзі?

Ён натурай быў настолькі тонкай…

Ён казаў — у мяне як бы садрана скура і ў мяне кожны нерв на паверхні. І мне ад усяго, што я бачу вокам, так баліць, што мне хочацца крычаць.
І тады калі я вып’ю крыху, я прыглушаю гэты крык, гэты боль і тады магу сесці за стол і вярнуцца да сваіх герояў, я толькі тады адключаюся.
А на маё бурчанне, што «ты замнога п’еш» і «ты не сабе належыш, ты належыш Беларусі», ён казаў: «Божа, якія вы, заходнікі, зануды».

Ён пры нас мог трошачкі здзекліва з ёй абыходзіцца. Валя потым стала беларускамоўнай, канечне. вельмі светлая асоба была.

Ён бы загінуў намнога раней, каб не Валя.
Смерць Валі яго падкасіла. Ён перастаў зусім працаваць. Ён кажа — я хачу памерці, я хачу пайсці да Валі, я не хачу жыць. Ён напісаў верш на магіле на Паўночных могілках. Ён сябе нават забіваў. Мы яму казалі: Беларусь — важней за ўсё. Ён кажа — я разумею, але не магу. Вось так вось і ўмёр.

Жонак беларусізавалі

У нашым акадэмічным асяроддзі не было дзяўчат беларускамоўных.
Мы сабраліся аднойчы, хлапчукоў пяць, я, Арсень Ліс, можа, Гніламёдаў вось што цяпер акадэмік — ён у нашым інтэрнаце жыў, калі моцна выпіваў, пачынаў вельмі хораша размаўляць на замежных мовах. Ён іх не разумеў абсалютна, ён іх імітаваў — геніяльная была імітацыя — і казаў, што не проста балбатаў, а выказваў нейкія думкі.

Дык вось, Арсень Ліс кажа: у мяне ёсць аднакласніца на беларускай філалогіі, у іх цэлы пакой філалагінь з беларускага аддзялення. Мы кажам — нарэшце хоць з дзеўкамі пабудзем роднымі па духу, мове. І мы заходзім.

Прыгожыя дзеўкі. Канспекты раскладзеныя. Падымаюцца: «А, ребята, как хорошо, что вы прішлі…»
Для нас гэта было ўдарам. Як у боксе. Пасядзелі хвілін дваццаць, і пайшлі.
Усе жаніліся з расейскамоўнымі. Арсень — з дачкой палкоўніка. Я — з дачкой партыйнага работніка. Але мы бачылі, што яны на вачах беларусізуюцца.
Вось мая Света ведала абсалютна ўсе мае перакананні — палітычныя, нацыянальныя, і я ўбачыў, што яна падзяляе іх. Спачатку яна гаварыла па-беларуску толькі са мной, пры чужых у яе комплекс быў, саромелася, што дрэнна гаворыць. Гэта доўгі час працягвалася. Можа, гадоў дваццаць.

Як пазнаёміліся? На Цэнтральнай (Кастрычніцкай) — яна была пакрыта не асфальтам, а брукам і там заўсёды граў духавы аркестр — былі танцы.

Я з чарнявенькай пазнаёміўся, яна студэнтка педінстытута, сама з Баранавіч, кватаруецца недзе. Пачаў сустракацца. Але потым на вуліцы сустрэўся з яе маладой гаспадыняй, Светай.
Гэта брунэтачка мая, яна кідкая, прыгожая. А тут убачыў нешта сваё, беларускае. Вялікія вочы такія…
І я мучыўся з гэтай сваёй, з педінстытута. Урэшце сказаў, што мы з табой не можам быць мужам і жонкай, я бачу, што ты не маіх перакананняў.
Яна пачынае — вось, ты праз сваю беларускасць загубіш сабе кар’еру, сядзеш у турму. Я кажу — я цябе не перараблю, ты мяне не пераробіш…

Выбары-2010: не было спадзяванняў

Было вельмі многа народу, але не сто тысяч. Тысяч трыццаць, напэўна, было.

Каб тысяч сто было, амон бы не палез.

Я не дачакаўся разгону. Проста, калі доўга стаю, мне баліць пазваночнік. Калі хадзіць па маршруце, я магу. Я ж увесь час хадзіў, хадзіў і хадзіў.

Я адчуў, што ідуць, але абсалютна не ведаюць, а што ж далей.

Памятаю, у 96-годзе, калі маса народа ішла, якраз каля мяне адзін кагэбіст падбег да вітрыны, з кішэні выхапіў камень і — раз! — разбіў вітрыну. Ну, каб стварыць карцінку. А сам за вугал і ў двор. Я за ім бягом. І ён бягом праз скверычак і там яго машына ўжо чакае. Ён у машыну хоп — там выезд у бок Круглай. На Захарава. І туды. Канечне, правакатар. І пасля так білі вітрыны, грамілі магазіны.

І вот тут тая самая была гісторыя — стварыць тэлекарцінку. Ёсць даволі многа здымкаў, некалькі твараў бачна гэтых пагромшчыкаў.

Што цяпер? [Гутарка рабілася ў наступныя пасля падзей 19 снежня 2010 года дні. — НН] Залежыць, як будзе эканоміка развівацца. Калі будзе крах эканомікі, ні адзін амон не паможа. Тады будзе бунт. Але не хацелася б. не хацелася б, каб спалілі рэзідэнцыю — там столькі дакументаў згарыць. Я ўвесь час перажываю.

Працаваць

Я жонцы казаў, я гісторык, папомніш маё слова: мы з табой будзем вельмі старыя, але гэтыя імперыя рухне.
Яна рухнула, мы не такія старыя былі. А такой здавалася глыбай, такой сцяной непрабівальнай. Але гісторыя непрадбачальная. Агульную тэндэнцыю можна ўлавіць, а канкрэтыка прыходзіць абсалютна нечакана. Але,
каб гэтыя нечаканасці здараліся, трэба для іх працаваць. Хто рана ўстае, таму Бог падае.

Запісалі Паўліна Купрысь, Рыгор Шкурынаў

Чытайце таксама:
Міхась Чарняўскі: правілы жыцця і выказванні

«Рабіць і рабіць!»: Мінск развітаўся з Міхасём Чарняўскім

* * *

Міхась Чарняўскі

(7.3.193820.01.2013) гісторык, археолаг, краязнаўца. Быў у тым гурце людзей, якія ў савецкі час у Мінску прынцыпова гаварылі па-беларуску і фармавалі падпольны рух за незалежнасць.

Нарадзіўся ў вёсцы Круці Мядзельскага раёна. Гісторыяй, археалогіяй захапіўся яшчэ ў дзяцінстве. Яшчэ ў юнацтве сутыкнуўся з улёткамі Смаргонска-Мядзельскага незалежніцкага падполля, групы Расціслава Лапіцкага. Яны выклікалі вялікія перажыванні ў душы падлетка, што і сам бачыў русіфікацыю і несправядлівасць савецкага рэжыму.

Вучыўся ў Мінску, стаў навукоўцам. Быў удзельнікам Акадэмічнага асяродка беларускай інтэлігенцыі, разгромленага ў 1973–74. Міхась Чарняўскі тады быў звольнены з працы, сутыкнуўся з КДБ. Нягледзячы на пераплёты ўласнага жыцця, Чарняўскі знаходзіў магчымасць падтрымліваць Уладзіміра Караткевіча, Ларысу Геніюш і дзясяткі простых беларускамоўных хлопцаў і дзяўчат, далучаў іх да грамадскай дзейнасці.

У 1988–1989 Чарняўскі быў сярод стваральнікаў Народнага Фронту, адраджаў сацыял-дэмакратыю.

Як навуковец, вывучаў нёманскую археалагічную культуру і крывінскі варыянт нарвенскай культуры, даследаваў крэмнездабыўчыя шахты ў Ваўкавыскім раёне, помнікі каменнага і бронзавага веку ў іншых мясцінах Беларусі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы «Гісторыі беларускага мастацтва», «Археалогіі Беларусі» і «Гісторыі Беларусі» ў шасці тамах. Кансультаваў энцыклапедыю «Археалогія і нумізматыка Беларусі» і Энцыклапедыю гісторыі Беларусі.

Міхась Чарняўскі напісаў і захапляльныя дзіцячыя кнігі пра старажытныя часы: «Страла Расамахі», «Вогнепаклоннікі». Дзеля папулярызацыі забытых старонак гісторыі Беларусі, напісаў кнігі «Правадыр крылатых вершнікаў Ян Кароль Хадкевіч», «Дзесяць бітваў» і «Як пошуг маланкі. Расціслаў Лапіцкі». Апошняя вяртала гісторыі забытае імя аднаго з удзельнікаў пасляваеннага антысавецкага супраціву.

Гэтым летам Міхась Чарняўскі збіраўся здзейсніць даўнюю мару — зладзіць раскопкі гарадзішча ў роднай вёсцы. Цяпер гэта мусіць зрабіць ягоны сын Максім, таксама археолаг. Пахаваны Міхась Чарняўскі на магільніку ў Круцях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0