1 жніўня ў Беларусі завяршаюцца гутаркі з кандыдатамі на вучобу ў Польшчы па праграме Каліноўскага.

Як паведаміла каардынатар камітэта абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць» Эла Гарэцкая, польскае бюро праграмы вынясе канчатковае рашэнне адносна кандыдатур абітурыентаў пасля 6 жніўня. Усяго ў польскія ВНУ плануецца прыняць да 70 чалавек, у прыватнасці тых, хто зведаў пераслед з боку беларускіх уладаў па палітычных матывах. У адпаведнасці з умовамі праграмы, на вучобу прымаюцца таксама дзеці рэпрэсаваных.

«Выбар ВНУ будзе даваць польскі бок — гэта і гуманітарныя і тэхнічныя навучальныя ўстановы: універсітэты ў Кракаве, Беластоку, Лодзі, Познані, Варшаўская політэхніка, школа выяўленчых мастацтваў і гандлёвая школа ў Варшаве», — зазначыла Э.Гарэцкая. Паводле яе слоў, гэтыя месцы забяспечваюць удзельнікі Канферэнцыі рэктараў універсітэтаў, падчас якой кіраўнікі шэрагу ВНУ краіны падпісалі дакументы аб удзеле ў праграме Каліноўскага.

Э.Гарэцкая заявіла, што выбар спецыяльнасцей вельмі вялікі. Найбольшай папулярнасцю ў беларускіх студэнтаў карыстаюцца эканоміка, міжнароднае права, правазнаўства, журналістыка, сацыялогія, гісторыя, беларуская філалогія, выяўленчае мастацтва. «Ёсць і такія, хто паступае на музычную культуру і ўсходазнаўства», — зазначыла Э.Гарэцкая. Паводле яе слоў, усім, хто прайшоў адбор, будзе дадзена магчымасць навучання па тых спецыяльнасцях, якія яны атрымлівалі ў беларускіх ВНУ.

Навучанне ў Польшчы пачнецца ў верасні, пасля таго як адабраныя студэнты праслухаюць курсы польскай мовы.

Праграма Каліноўскага для беларускіх студэнтаў, якія пацярпелі за актыўны ўдзел у палітычных пратэстах, была заснаваная 30 сакавіка 2006 года ў Варшаўскім універсітэце прэм’ер‑міністрам Польшчы і рэктарамі вышэйшых навучальных устаноў гэтай краіны. Першы набор у польскія ВНУ па гэтай праграме адбыўся ў ліпені 2006 года. Тады на вучобу было прынята больш за 200 чалавек.

Настасься Янушэўская, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0