04.03.2013 / 23:26

Жыццё са сметніцы. Новая мода: фрыганы — людзі, якія адмаўляюцца ад канс'юмерызму

Вы гатовыя стаць фрыганам? Ці каб Вашы дзеці выраслі фрыганамі?

...і сумленна лезуць у сметнік за ежай. Але ці магчыма такое ў Беларусі?

Паводле розных падлікаў, у свеце выкідваецца да 50% усёй ежы — у бедных краінах менш, у багатых — больш. Акрамя сапсаваных прадуктаў і рэштак ежы, у сметніцы трапляюць несапсаваныя рэчы. Вялікая доля — гэта прадукты, у якіх скончыўся тэрмін захоўвання, але не тэрмін прыдатнасці. Такая сітуацыя не задавальняе фрыганаў ці дамстэр-дайвераў (ад англ. Dumpster-diver — «ныральнік у сметнік»), прыхільнікаў ідэалогіі антыканс’юмерызму.

Фрыганы лезуць у сметнік не праз эканамічныя цяжкасці. Наадварот, звычайна гэта прадстаўнікі сярэдняга класа, прычым з высокаразвітых і багатых краін: Германіі, ЗША, Швецыі, Брытаніі. Яны могуць дазволіць сабе якасныя прадукты, але свядома зрабілі выбар адмовіцца ад спажывання звыш патрэбы.

У сярэдзіне снежня пачаў працаваць нямецкі праект Foodsharing.de, дзе можна пакінуць інфармацыю аб прадуктах, якія можна забраць бясплатна. Стварэннем сайта foodsharing.de немцы зрабілі спробу максімальна папулярызаваць пераразмеркаванне непатрэбнай, але прыдатнай для спадывання ежы: у Хемніцы аддаюць пачак цукру, у Ольхінгу — 9 цукерак, а ў Кайзэрслаўтэрне можна забраць дзве цыбуліны. Аб’яву на сайце можа пакінуць любы, але запуск foodsharing.de адразу ж назвалі «сацыяльнай сеткай для фрыганаў».

Пра асаблівасці фрыганства ў Беларусі і свеце «Наша Ніва» пагутарыла з Лерай, сапраўдным чалавекам «з тусоўкі».

«Тыдзень у Барселоне — і ні цэнта на ежу»

«Фрыганства цікавіць мяне перш за ўсё сваёй крытыкай спажывання і капіталізму ўвогуле. Гэта асноўнае адрозненне ад бамжоў і беспрытульных, якія ядуць са сметніц ад галечы.

Фрыганізм квітнее там, дзе краіна багатая настолькі, што частка людзей можа даядаць выкінутае больш заможнымі. Таксама неабходна ўлічваць, наколькі жорстка ў ЕС выконваюцца законы па ўтылізацыі тавараў са скончаным тэрмінам захоўвання. Напрыклад, у Германіі тэрмін прыдатнасці хлеба — 1–2 дні, пасля яго мусяць прыняць з паліц. Боханы папросту выкідаюць, бо заўтра будзе новы завоз, і ніхто не купіць чэрствы. У нас такі хлеб можа ляжаць нашмат даўжэй, і калі не будзе прывозу, людзі будуць вымушаныя яго купляць.

Тое ж і з малочнымі прадуктамі. У Беларусі часта ад непрыдатных тавараў ратуе толькі ўважлівасць, бо яны працягваюць стаяць на паліцы, як ні ў чым не бывала. У Еўропе ж многа пастэрызванага малака, якое можа стаяць цягам некалькі месяцаў і заставацца ядомым.

Асабліва развіты дамстэр-дайвінг у краінах з цёплым кліматам. Калісьці я тыдзень жыла ў Барселоне і не патраціла ні цэнта на ежу: у нас было заваліся апельсінаў, бульбы, персікаў, ёгурту, малака, хлеба, печыва і нават мяса (хоць я яго не ем). Карацей, галодная смерць не пагражае. Але і канкурэнцыя вялікая. Звычайна па горадзе перасоўваюцца некалькі фрыганскіх групаў, так што спазнішся на 5 хвілін — і можна ўжо не шукаць.

Хто больш камунікатыўны і жвавы, той можа нават дамовіцца з уладаром крамы ці кавярні, каб не выкідалі ежу, а пакідалі для таго, хто просіць. Часам такія добрасуседскія адносіны даводзяць да таго, што працаўнікі спецыяльна адбіраюць найлепшыя рэчы перад тым як выкінуць, каб падзяліцца са сваімі новымі «кампаньёнамі». Адпачываючы ў Крыме, можно пасля зачынення рынкаў пахадзіць паміж радамі і атрымаць непрыдатную садавіну, гародніну, салату і г.д.

Але ўжо ў Германіі нашмат цяжэй фрыганіць за кошт таго, што большасць сметнікаў зачыняецца на замкі! Трэба або мець ключ, або ламаць бакі. Я была працавала ў сферы абслугоўвання, і сітуацыя там не лепшая за Германію — выносіць рэшткі ежы не дазвалялася нават самім працаўнікам! Часта гэта ўсе спецыяльна перамолваецца або мяшаецца, каб немагчыма было потым даесці самастойна, хіба што свіням даваць. У гэтым уся сутнасць карпаратыўнай этыкі: дык не дастанься ты нікому; сам не гам, і другому не дам; няхай лепш гніе, толькі каб «асацыяльныя» элементы не круціліся ля крамаў і рэстаранаў.

Беларусь адстае

Сітуацыя ў Беларусі кардынальна адрозніваецца ад еўрапейскай. У нас менш чаго выкідаюць, таму масавага руху фрыганаў на назіраецца. Зноў-такі, тое, што выкідаецца крамамі і рэстарацыямі часта змешваецца з цыгарэтным попелам і іншым брудам, пасля якога становіцца немагчымым гэта есці. Я не ведаю ніводнага фрыгана, які б жыў толькі фрыганствам у Беларусі.

Фрыганізм тут — даесці за тым, хто толькі што пайшоў са століка ў кавярні, дапіць кінуты напой на вуліцы, падняць жвачку або цукерку, што выпала ў кагосьці з кішэні. Памятаю, у Маскве ёсць цэлы комплекс кшталту нашай «Сталіцы», дзе столікі знаходзяцца проста на паверсе па коле, і можна хадзіць і фрыганіць, пакуль афіцыянт не паспеў прыбраць. Так можна рабіць у нашым «Лідо» або «Максі-Бісе». Я не ведаю, колькі можа быць патэнцыйных фрыганаў у Мінску, але многія мае знаемыя не супраць кінутай ежы і не цураюцца яе есці. Улічваючы гэтыя абставіны, тут гэта хутчэй проста частка лайфстайлу некаторых субкультур, чым нейкі свядомы крок да абмежавання спажывання.

«Галоўнае, каб ідэя не камерцыялізавалася»

Магчыма, foodsharing.de і ёсць добрай ініцыятывай, бо цяпер многія думаюць, што фрыганы — нейкія бамжы, якія не баяцца мікробаў. У праекце відавочна выкарыстоўваюцца метады маніпуляцыі свядомасцю, маўляў, фрыганамі могуць быць і паспяховыя людзі, з айфонамі і ноутбукамі, прытым гэта зноў паказваецца як моднае.

Аднак гэта ідэя можа скончыць як і любая ідэя, дзе колькасць удзельнікаў ставіцца вышэй за ідэалогію праекта. Напрыклад, так здарылася са многімі экалагічнымі праектамі, калі bio- і fairtrade- прадукцыя стала замяшчаць на рынку звычайныя карпарацыі, адначасова не зменшылася спажыванне ўвогуле. Проста многім людзям проста падабаецца адчуваць, што яны штосьці мяняюць і робяць лепш за астатніх, але яны хочуць надта лезці ўглыб светапогляду. Я купляю і мне здаецца, што я лепш за таго, хто купляе звычайныя яблыкі, але насамрэч гэта мала што мяняе ў сістэме. Капіталізм проста прыстасоўваецца да нашых патрэбаў.

Не хлебам адзіным

Паводле звестак брытанскага ўрада, у Брытаніі 32% усяго хлеба, 24% гародніны, 20% садавіны і 17% крупаў не спажываюцца і выкідваюцца. Аднак на сметніцах можна знайсці не толькі ежу, але і мэблю, электроніку, адзенне, бытавую тэхніку — людзі вызваляюць сваё жытло ад болей непатрэбных прадметаў, нават калі яны захоўваюць сваю функцыянальнасць. У каментарах пад артыкулам пра сайт foodsharing.de шмат нехта напісаў: «Я сабраў 8 камп’ютараў з дэталяў, знойдзеных на сметніцы, і падараваў іх дзіцячым дамам».

«У той жа Барселоне паўсюль можна знайсці годныя фатэлі, кнігі, сталы, шафы, паліцы, навай лядоўні і тэлівізары», — кажа Лера. «У Беларусі нават старыя рэчы людзі стараюцца прадаць няхай і за бясцэнак, але не выкінуць. Калі не прададуць — будуць гадамі захоўваць на паліцы, ды не аддадуць за так.

У нас карыснымі былі б фры-маркеты, куды ўдзельнікі прыносяць непатрэбныя рэчы, якія можна разбіраць бясплатна. Але гэтая практыка пакуль дзейнічае толькі сярод прасунутай моладзі, у тым ліку і таму, што выносіць такое „ў народ“ у нас напаўзабаронена. Хіба адзіны прыклад агульнага для жыхароў раёна фрымаркета быў зладжаны ў Салігорску мясцовымі анархістамі. Нешта раздаюць на ФНБ (рух „Ежа замест бомбаў“ — „НН“)».

Сапраўды, фры-маркеты ў Беларусі, у адрозненне ад еўрапейскіх краін ці нават Расіі, адбываюцца рэдка. Асноўнай пляцоўкай для абмену непатрэбнымі рэчамі застаецца інтэрнэт. Напрыклад, сайт otdamdarom.by.

Але Лера мае адназначнае меркаванне наконт прычынаў пераспажывання сучаснага грамадства.

«Чаму так атрымліваецца? Багатыя багацеюць і выкідаюць старое і непатрэбнае, але яшчэ функцыянальнае. Выходзіць апошняя версія папулярнага тэлефона, тэлевізара, прыгажэйшыя шафы і дызайнерскія паліцы, і з усіх бакоў на спажыўца аказваецца ціск: купі новае, або заставайся лохам з састарэлымі рэчамі. Капіталісту трэба прадаць, вось ён і прыдумляе, чым яшчэ завабіць. А чалавека таго і не трэба. Гэта проста высмоктвае рэсурсы планеты і ўцягвае нас у гонку спажывання».

Кірыла Хілько