svaboda.org

svaboda.org

«Ён паляцеў шукаць Лапіцкага. Ім ёсць пра што пагаварыць»,

— сказала ўдава Святлана Чарняўская. І тым самым акрэсліла месца гэтага юнака, расстралянага за антысаветчыну, у жыцці мужа.

Міхась Чарняўскі памёр 20 студзеня. Яму было 74. Тры гады таму ён даведаўся пра сваю хваробу. І ведаў, чым яна скончыцца. Але не склаў рукі.

Па словах удавы, гісторык спаў толькі па 3–4 гадзіны — астатні час працаваў за камп’ютарам.

Да яго амаль штодня прыходзіў Зміцер Санько, якому гісторык расказваў, што яшчэ трэба зрабіць. Але вось перавыдаць кнігу «Ня бойцеся ахвяраў і пакут!» не паспеў. Зрабілі гэта сябры і знаёмыя. Сярод іх — Алесь Мазанік. Ён яшчэ выпусціў і магніцікі з партрэтам героя публікацый Чарняўскага — Расціслава Лапіцкага.

Маладыя запомнілі гісторыка ўжо сталым чалавекам, сівагаловым. А сябры ведалі яго іншага. Міхась Малько, сп. Міхась і Васіль Шаранговіч школьнікамі наведвалі гурток малявання.

Але ў выніку толькі адзін з сяброў зрабіў мастацтва прафесіяй, іншы падаўся ў археалогію, а Малько стаў спецыялістам па выкарыстанні атамнай энерніі.

Але свайго таленту маляваць Чарняўскі не пазбыўся. Пісьменнік Уладзімір Арлоў прыгадаў, як гісторык адгукаўся на падзеі ў грамадстве малюнкамі. Напрыклад, калі руйнавалі мінскую Нямігу, на старонках «ЛіМа» з’явіўся Герастрат, які глядзеў на бульдозер, за якім была Няміга. І думаў сабе: «Мне б такую тэхніку». (Герастрат спаліў храм Артэміды).

«Калі нябесная Беларусь існуе, ён знайшоў там годнае месца»,

— сказаў Арлоў.

* * *

Міхась Чарняўскі (7.3.193820.01.2013) гісторык, археолаг, краязнаўца. Быў у тым гурце людзей, якія ў савецкі час у Мінску прынцыпова гаварыліпа-беларуску і фармавалі падпольны рух за незалежнасць.

Нарадзіўся ў вёсцы Круці Мядзельскага раёна. Гісторыяй, археалогіяй захапіўся яшчэ ў дзяцінстве. Яшчэ ў юнацтве сутыкнуўся з улёткамі Смаргонска-Мядзельскага незалежніцкага падполля, групы Расціслава Лапіцкага. Яны выклікалі вялікія перажыванні ў душы падлетка, што і сам бачыў русіфікацыю і несправядлівасць савецкага рэжыму.

Вучыўся ў Мінску, стаў навукоўцам. Быў удзельнікам Акадэмічнага асяродка беларускай інтэлігенцыі, разгромленага ў 1973–74. Міхась Чарняўскі тады быў звольнены з працы, сутыкнуўся з КДБ. Нягледзячы на пераплёты ўласнага жыцця, Чарняўскі знаходзіў магчымасць падтрымліваць Уладзіміра Караткевіча, Ларысу Геніюш і дзясяткі простых беларускамоўных хлопцаў і дзяўчат, далучаў іх да грамадскай дзейнасці.

У 1988–1989 Чарняўскі быў сярод стваральнікаў Народнага Фронту, адраджаў сацыял-дэмакратыю.

Як навуковец, вывучаў нёманскую археалагічную культуру і крывінскі варыянт нарвенскай культуры, даследаваў крэмнездабыўчыя шахты ў Ваўкавыскім раёне, помнікі каменнага і бронзавага веку ў іншых мясцінах Беларусі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы «Гісторыі беларускага мастацтва», «Археалогіі Беларусі» і «Гісторыі Беларусі» ў шасці тамах. Кансультаваў энцыклапедыю «Археалогія і нумізматыка Беларусі» і Энцыклапедыю гісторыі Беларусі.

Міхась Чарняўскі напісаў і захапляльныя дзіцячыя кнігі пра старажытныя часы: «Страла Расамахі», «Вогнепаклоннікі». Дзеля папулярызацыі забытых старонак гісторыі Беларусі, напісаў кнігі «Правадыр крылатых вершнікаў Ян Кароль Хадкевіч», «Дзесяць бітваў» і «Як пошуг маланкі. Расціслаў Лапіцкі». Апошняя вяртала гісторыі забытае імя аднаго з удзельнікаў пасляваеннага антысавецкага супраціву.

Гэтым летам Міхась Чарняўскі збіраўся здзейсніць даўнюю мару — зладзіць раскопкі гарадзішча ў роднай вёсцы. Цяпер гэта мусіць зрабіць ягоны сын Максім, таксама археолаг. Пахаваны Міхась Чарняўскі на магільніку ў Круцях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?