Уладзімір Някляеў.

Уладзімір Някляеў.

Каля 200 чалавек сабралася на цырымонію ўганаравання.

Каля 200 чалавек сабралася на цырымонію ўганаравання.

Пасол Польшчы Лешак Шарэпка - дзякуючы яму беларускія літаратары маюць гэтую прэстыжную прэмію.

Пасол Польшчы Лешак Шарэпка - дзякуючы яму беларускія літаратары маюць гэтую прэстыжную прэмію.

Сяргей Балахонаў - самабытны аўтар з Гомеля.

Сяргей Балахонаў - самабытны аўтар з Гомеля.

Адам Глобус - "імператар літаратурнай імперыі".

Адам Глобус - "імператар літаратурнай імперыі".

Уладзімір Арлоў.

Уладзімір Арлоў.

Альгерд Бахарэвіч.

Альгерд Бахарэвіч.

Уладзімір Някляеў.

Уладзімір Някляеў.

19.57

«Зараз спачатку грошы жонцы аддам», — пачынае з жарта Някляеў.

А пасля чытае свой верш «Апошні паэт».

«Яму плакалі ўслед берасцейскія вербы,

Белая Вежа нема глядзела ўслед,

А ён смяяўся ў будучыню, дзе ніхто не ведаў,

Што ён апошні беларускі паэт».

Някляеў прызнаўся, што сапраўды вельмі баяўся, што можа застацца апошнім беларускім паэтам. «Таму на кожны тэкст гляджу з надзеяй, што з гэтай старонкі ў свеце абудзіцца цікавасць да ўсяго беларускага», — кажа ён. І кажа, што верыць у тое, што часы зменіцца. «Тое, што робіць Бог, — гэта тое, што робім мы самі», — кажа Някляеў.

19.56

Леташні лаўрэат, празаік Павал Касцюкевіч і пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка ганаруюць пераможцу. «Я раскажу, як я правёў сённяшні дзень», — здалёк пачаў Павал Касцюкевіч… Расказвае, як узяў з сабой скалку, нёс скалку... З залы і Марыя Мартысевіч крычаць: не скалку, а качалку!.. Што за дзень моўных памылак такі?! А вынік чаканы: перамог Уладзімір Някляеў і ягоны раман «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без». Някляеў атрымае 10 тысяч еўра ад банка, а ягоная кніга выйдзе ў польскім перакладзе.

19.51

Барыс Пятровіч, старшыня Саюза пісьменнікаў, абвяшчае другую прэмію. «Прэмія паспяхова выконвае свае задачы, у тым ліку галоўную — ажыўленння літаратурнага жыцця ў Беларусі, — кажа Пятровіч. — Пра гэта сведчыць тое, які рэзананс выклікалі ўсе рашэнні журы». Ён выказвае спадзеў, што кнігі лаўрэатаў будуць добра разыходзіцца ў Польшчы і дзякуе амб. Шарэпку і «Ідэябанку»… А другая прэмія — паездка ў творчы адпачынак на востраў Готланд (Швецыя), уфундаваная Швецыяй, — Альгерд Бахарэвіч за кнігу «Гамбургскі рахунак Бахарэвіча». Летась Бахарэвіч таксама быў другім.

19.46

І вось нарэшце — першы хвалюючы момант. Трэцяя прэмія. Слова маюць Уладзімір Арлоў і Ян Дамброўскі. «Паколькі для аднаго з нашых фіналістаў хутка пачынаецца каменданцкая гадзіна, мы мусім быць лаканічнымі», — пачынае Арлоў, і зала ўздыхае. «Хтосьці яго любіць, хтосьці не любіць…». Трэцяя прэмія — Адам Глобус за кнігу «Сказы». Калегіум Усходняй Еўропы запрашае пана Глобуса ў паездку ва Уроцлаў. Глобус сціпла дзякуе ўсім сабраным.

19.46

Станкевіч на цырымонію не з’явіўся. Перадаў, што хварэе. Акудовіч пажадаў яму выздаравець.

19.45

Наступная — Людміла Рублеўская. «Аглядальніца вядомай газеты, — Кісліцына робіць шматзначную паўзу і зала пырскае здаровым смехам. — Муза свайго мужа».

19.40

Пасля кароткага ўручэння Бахарэвічу — чарга Някляева. Тут Акудовіч гаворыць доўга. «Яго аднолькава любяць Бог і д’ябал», — каж Акудовіч. Расказвае пакручастую біяграфію. «Някляеў-празаік не раўня Някляеву-паэту, гэта і каню бачна. Але бачна таксама, што Някляеў мае і свайго чытача», — заявіў Акудовіч пад смяшкі залы. Някляеў аддае кветкі жонцы.

19.35

Чарга Адама Глобуса. Акудовіч прыгадвае легенду пра Талстога, які адмовіўся прыняць першую Нобелеўскую прэмію, сказаўшы: «Я сам каму хочаш магу ўручыць прэмію». Акудовіч гумарыстычна расказаў пра Глобуса, пра ягоную прэмію «Залатая літара» памерам 111 еўра і пра ягоную «літаратурную імперыю», дзе «адзін імператар». Пры гэтым Акудовіч двойчы памыліўся ў націску ў слове «прЫхамаць». Упарта казаў «ПрыхамАці».

19.30

Пачынаецца сама цырымонія ўзнагароджвання. Хадановіч запрасіў на сцэну крытыка Кісліцыну і філосафа Акудовіча. Першы па алфавіце дыплом — Сяргею Балахонаву.

19.25

Чарга чытаць урывак з Някляева.

«Хай ён сам пачытае!», — прапанавалі з залы. «Хай ён сам пачытае?» — падхапіла Хітрык. «Не, ужо адрабляйце свае грошы», — адмовіўся Някляеў.

Някляева чытаюць апошнім. Гэта знак, што ён здабудзе прэмію?

19.10

У перапынках паміж чыткай іграе жывы джаз.

19.00

Каля 200 чалавек сабраліся на цырымонію. Усе месцы ў зале запоўненыя. Людзі абляпілі таксама сцены. Публіку складае пераважна моладзь — пароўну дзяўчаты й хлопцы.

Па традыцыі, на пачатку адбываецца чытанне фрагментаў твораў. Чытаюць акцёры Купалаўскага тэатра Ганна Хітрык і Павал Харланчук. Не заўжды добра чытаюць, блытаюць націскі ў рэдкіх словах. Такіх, як жамяра, напрыклад. Старабеларускую мову Балахонава яны дарма чыталі з рускім акцэнтам, імхо. Вымаўляліся ж словы тады, як і цяпер. Але чытаюць з душой, з любоўю.

18.45

Цырымонію адкрывае паэт і сябар журы Андрэй Хадановіч. Ён сёння вядоўца, як і летась. Ён канстатуе, што ў зале прысутнічаюць пяць з шасці намінантаў. І перадае слова паслу Полшчы Лешаку Шарэпку.

Пасол выказвае спадзяванне, што з часам да падтрымкі прэміі далучацца беларускія ўлады, чым выклікае вясёлы смех у зале.

* * *

Год назад цырымонія ганаравання адбывалася ў змрочнай, халоднай зале Палаца Мастацтваў. І сама атмасфера была напружанай: напярэдадні пасла Польшчы Лешака Шарэпку папрасілі пакінуць краіну. Разам з ім выехалі паслы іншых краін Еўрасаюза, а беларускія — з еўрапейскіх сталіц. У паветры насілася пагроза эскалацыі канфлікту, а разам з тым рабілася няпэўнай і будучыня беларуска-польскай прэміі.

Але пасол Польшчы вярнуўся ў Мінск. Мінуў год, прэмія засталася. Сёлета яе ўручаюць у гламурнай атмасферы гатэля «Краўн плаза» — сярод велюру і бляску маляваных пад чырвонае дрэва крэслаў.

Як і летась, вызначэнне лонг- і шорт-лістоў суправаджалася палемікай і нават запалам. Многія палічылі сенсацыяй тое, што ў шорт-ліст не трапілі раман Алены Брава, зборнікі Андрэя Федарэнкі і Паліны Качатковай. Рашэнне прымала журы, а ў яго ўваходзяць старшыні Саюза пісьменнікаў і ПЭН-Цэнтра, вядомыя пісьменнікі — сярод іх Уладзімір Арлоў, крытыкі — сярод іх Малгажата Бухалік, ды леташні лаўрэат Павал Касцюкевіч.

* * *

Прэстыжную літаратурную прэмію Гедройца сёлета прысудзяць другі раз. Гэта прэмія за найлепшую кнігу прозы. На ўзнагароду прэтэндавалі больш за 40 выданняў. Журы выбрала з іх у шорт-ліст 6.

Пераможца атрымае грашовы прыз 10 тысяч еўра. Прэмію фундуе «Ідэя-банк».

У шорт-ліст літаратурнай прэміі сёлета ўвайшлі: Сяргей Балахонаў «Зямля пад крыламі Фенікса», Альгерд Бахарэвіч «Гамбургскі рахунак Бахарэвіча», Адам Глобус «Сказы», Уладзімір Някляеў «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без», Людміла Рублеўская «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега», Юры Станкевіч «Шал».

Ежы Гедройц — гэта легендарны польскі рэдактар, які адкрыў свету таленты Чэслава Мілаша і Вітальда Гамбровіча. Гедройц нарадзіўся ў Мінску, тут ягоным імем названая вуліца.

Цырымонія ганаравання пройдзе, а 18:30 у канферэнц-зале Princess гатэля Crowne Plaza (вул. Кірава, 13). Уваход вольны.

Імя лаўрэата застаецца ў таямніцы да самай цырымоніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0