Надоечы Аляксандр Лукашэнка перасцярог прадпрымальнікаў ад фінансавання апазіцыі.
Бізнесмены і самі разумеюць, што грашовая дапамога сапернікам дзейнага прэзідэнта багатая праблемамі, і даўно ўжо не гуляюць у такія гульні.
А як наконт простых грамадзян — ці гатовыя яны падзяліцца сваімі кроўнымі з апазіцыяй ці з уладай?
З такім пытаннем і выйшла здымачная група БелаПАН на вуліцы Мінска і атрымала наступныя адказы:

«Хутчэй, напэўна, апазіцыю — таму што ўладу мы ўжо ведаем, а апазіцыя пакуль яшчэ невядомая. Але, думаю, цікавейшая апазіцыя».

«І ў тых і ў іншых ёсць свае плюсы і недахопы, але, думаю, усё ж з уладай».

«Калі шчыра, апазіцыю я не стаў бы фінансаваць. А ўладзе і так хапае».

«Уладу. У краіне спакойна».

«Я — студэнтка, і, на жаль, у мяне няма грошай, так што не магу нікога прафінансаваць. Але я, калі б было можна, выбрала нейкі трэці варыянт».

«Апазіцыю. Улада не працуе, а апазіцыя — гэта нейкі шанс, гэта надзея».

«Не ведаю. Я — ні за тых, ні за другіх, я — за краіну, за людзей».

«Улада — давяраю ёй. Галоўнае, каб не было жульніцтва».

«Апазіцыю, вядома. Але ўлада грошай мала плаціць, таму не магу прафінансаваць».

«Улада. Апазіцыя — на мой погляд, глупства, яны толькі ў сваю кішэнь. Падбіваюць народ супраць нашай улады».

«Апазіцыю, мне не падабаецца ўлада. А не пасадзяць за гэта?»

«Улада ёсць улада. Мы бачым такія суадносіны — мікраапазіцыя і магутная ўлада, вось і ўвесь адказ».

«Напэўна, палову аддаў бы апазіцыі, палову — уладзе. Калі ёсць канкурэнцыя, тады ёсць праўда».

«Ва ўладзе грошы, думаю, ёсць. Каб апазіцыя магла скласці годную канкурэнцыю, патрэбныя нейкія матэрыяльныя ўкладанні».

«Вядома, уладу. Таму што ў Беларусі ўсё ж адносны парадак, калі параўноўваць з нашымі бліжэйшымі суседзямі».

«Апазіцыю. Таму што трэба, каб была дэмакратыя».

Вынік: за ўладу грамадзяне аддалі 26.300, за апазіцыю — 6.220 рублёў. Сабраныя грошы БелаПАН пералічыў на рахунак Беларускага дзіцячага хоспіса.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?