Аляксандр Лукашэнка даручыў у бліжэйшы час правесці маніторынг, дзе працаўладкаваны звольненыя чыноўнікі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння, выступаючы на пасяджэнні Савета Міністраў, прысвечаным вынікам сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны за 2012 год і задачам на 2013 год.

«У бліжэйшы час праваахоўныя органы ажыццявяць маніторынг, і я папрашу Валерыя Вакульчыка (старшыня КДБ) з дзяржсакратаром (Рады Бяспекі) пачынаць ужо, ствараць групу. Паглядзіце, куды ўладкаваны тыя, якія пайшлі або былі звольнены. І не дай бог мы знойдзем, што недзе, на нейкім узроўні звольнены чыноўнік сеў у цёплае крэсла, аб гэтым ужо нямала сказана, мала не здасца», —
папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. «У гэтым увесь корань праблем», — дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта ўзяць на кантроль гэту работу.

«Больш таго, чыноўнік, працуючы, стварае сабе зацішнае цёплае месца ў нейкай камерцыйнай структуры, звальняецца, туды ідзе, атрымлівае ў 10 разоў вышэйшую заработную плату і нядрэнна жыве. Вось тут Камітэту дзяржкантролю трэба разабрацца», —
сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Калі мы вельмі строга, па-вайсковаму не навядзём дысцыпліны ва ўсіх падведамных вам галінах, на прадпрыемствах, дрэнныя справы будуць для вас», — падкрэсліў Лукашэнка, звяртаючыся да членаў урада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?