Беларускімі дзяржаўнымі СМІ ідэя будаўніцтва атамнай электрастанцыі падаецца як ужо ўхваленая ўсенародна. Рапартуецца: ідзе праца па стварэньні органа, які будзе адказваць за бясьпеку атамнай электрастанцыі — як таго патрабуе МАГАТЭ, падбіраецца пляцоўка для будоўлі…

Тым ня менш, стаўленьне беларусаў да мірнага атама, хутчэй, скептычнае. Гэта пацьвярджае апытаньне, праведзенае ў рамках міжнароднага дасьледніцкага праекту «Эўразійскі манітор» беларускай Лябараторыяй аксіямэтрычных дасьледаваньняў «Новак». Вынікі такія, што толькі 32% рэспандэнтаў выказалі сваю падтрымку выкарыстаньню ядзернай энэргіі як аднаму са спосабаў забесьпячэньня Беларусі электраэнэргіяй, у той час як 53% апытаных адказалі «не ўхваляю». Хаця грамадзкая думка па гэтым пытаньні яшчэ не канчаткова сфармаваная, паколькі грамадзтву па‑просту не прапаноўвалі ўсур’ёз задумацца, ці сапраўды нам патрэбная АЭС?

ЭЗ: стаўленьне да атама

Мірны атам і ў Эўропе ня мае адназначнай ацэнкі. У кожнай эўрапейскай краіне стаўленьне да выкарыстаньня ядзернай энэргіі эвалюцыянуе па‑свойму.

Напрыклад, Бэльгія і Нямеччына ад самага пачатку гатовыя былі інвэставаць у атамную галіну, але затым інвэстыцыі пачалі скарачацца і наагул спыніліся — гэтаму спрыяла катастрофа на Чарнобыльскай АЭС. У 1986 і наступных гадах многія эўрапейскія дзяржавы пайшлі на тое, каб цалкам адмовіцца ад атамнай энэргетыкі.

Пры гэтым Францыя здолела пераканаць грамадзян, што ядзерная энэргетыка бясьпечная, і працягвае разьвіваць гэтую галіну.

Эўрапейская Камісія, якая прадстаўляе ўсе 27 дзяржаваў‑чальцоў Эўрапейскага Зьвязу, знаходзіцца ў даволі складанай сытуацыі. Яна, з аднаго боку, павінна пачуць галасы тых, хто жадае адмовіцца ад выкарыстаньня ядзернай энэргіі, з другога боку — галасы тых, хто лічыць, што ядзерная энэргія неабходная для далейшага разьвіцьця.

Адзін з аспэктаў, які выклікае занепакоенасьць эўрапейцаў — доўгатэрміновае захоўваньне ядзерных адкідаў. Вельмі цяжка патлумачыць грамадзкасьці, як ядзерныя адкіды могуць захоўвацца сотні і тысячы гадоў.

З другога боку, да занепакоенасьці экалёгіяй дадаецца праблематыка парніковага эфэкту, а эўрапейцы шукаюць шляхі вытворчасьці энэргіі бяз выкідаў парніковых газаў. Таму грамадзкая думка і парлямэнты ў некаторых краінах Эўразьвязу ўжо лічаць, што ядзерная энэргія магла бы быць адказам на выклік парніковага эфэкту.

У дакумэнтах, якія Эўрапейская Камісія адрасавала сваім партнэрам па праектах у галіне атамнай энэргетыкі на працягу апошніх пяці гадоў, у асноўным казалася пра аспэкты надзейнасьці АЭС. Але нядаўна ў сьпіс прыярытэтаў Эўракамісіі вярнулася вытворчасьць ядзернай энэргіі.

Даведка: Атам на мяжы

Галоўная ідэя Эўразьвязу адносна атаму застаецца нязьменнай: ён павінен быць бясьпечным. У 90‑я гады Эўразьвяз ініцыяваў праграмы, накіраваныя на аказаньне дапамогі краінам Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы і новым незалежным дзяржавам (ННД, не кандыдатам у ЭЗ) у гарантаваньні бясьпекі іх рэактараў — Фарэ і Тасіс. Аднак, нягледзячы на тое, што праграмы ў галіне ядзернай бясьпекі адыгрываюць важную ролю ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе, шэраг праблемаў усё адно застаецца. І зьвязаныя яны найперш зь фінансавымі цяжкасьцямі. З 66 рэактараў савецкага тыпу 21 знаходзіцца ў Цэнтральнай Эўропе, 45 у новых незалежных дзяржавах. З гэтай колькасьці 35 рэактараў (13 у Цэнтральнай Эўропе і 22 у ННД) патрабуюць сур’ёзнай мадэрнізацыі. І іх бясьпека вымагае вялізных капіталаўкладаньняў.

***

Дадзеная публікацыя падрыхтаваная пры спрыяньні Эўразьвязу і не абавязкова адлюстроўвае афіцыйны пункт гледжаньня ЭЗ. Па дадатковую інфармацыю зьвяртайцеся на сайт www.delblr.ec.europa.eu

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0