Фірма «МП-Трэйд» беластоцкага прадпрымальніка, падляшскага беларуса Міраслава Пякарскага, прызнана найлепшай сярод падляшскіх фірмаў у агульнапольскім рэйтынгу «Газель бізнеса». Штогадовы рэйтынг вызначае польскі эканамічны дзённік «Пульс бізнеса».

Як адзначае лаўрэат сёлетняй «Газелі бізнеса» Міраслаў Пякарскі, — гэта вельмі важная падзея.

РР: Чым для вас як для бізнесоўца з'яўляецца гэтая ўзнагарода?

Міраслаў Пякарскі: Вільмі прыемна, гэта паказвае, што чагосьці можна дабіцца, што пра гэта ведаюць іншыя.

РР: Ці цяжка займацца бізнесам на Падляшшы, і ўвогуле ў Польшчы?

Міраслаў Пякарскі: Цяжка. Найбольшай праблемай з’яўляецца вялізная колькасць папераў. У мяне збольшага міжнародны гандль, таму ўзнікаюць праблемы з падаткам на дадзеную вартасць, увесь час трэба пацвярджаць, што тавары не засталіся на тэрыторыі Еўразвяза, а былі вывезеныя, што суправаджаецца вялікай колькасцю дакументацыі і г.д.

РР: Ваша фірма «МП-Трэйд» прызнана найлепшай у Падляшскім ваяводстве, ці можаце трохі больш пра яе распавесці?

Міраслаў Пякарскі: Нельга сказаць, што лепшая, бо гэтых рэйтынгаў шмат. Не ў кожным удзельнічаем мы, не ў кожным удзельнічаюць іншыя. Тое, што мы занялі першае месца ў гэтым рэйтынгу залежыць ад таго, як гэта робіцца. Тое, што «МП- Трэйд» апынулася на першым месцы не значыць, што яна найлепшая на Падляшшы, гэта значыць, што яна найлепшая паводле паказчыкаў па якіх нас ацэньвала фірма, якая складала гэты рэйтынг.

РР: Вы таксама працуеце на ўсходнім рынку, ці цяжка на яго прабіцца?

Міраслаў Пякарскі: Як казалі мае бацькі і дзяды: «Усюды добра, дзе нас няма». Паўсюдна цяжка, ці гэта польскі рынак, Заходняя Еўропа ці Прыбалтыка. Гэтая праца займае гады, я працую ўжо 13 год, і толькі цяпер пачынаю атрымоўваць прыбытак ад таго, што рабілася раней. На сённяшні дзень нічога хутка не адбываецца.

РР: Наколькі я ведаю, вы займаецеся дабрачыннай дзейнасцю?

Міраслаў Пякарскі: Так, бо я выйшаў з БАСу. Падтрымліваючы аб’яднанне «АББА» (Аб’яднанне бацькоў, беларушчынай апантаных) раблю гэта для іншых, але ў тым ліку і для сваіх дзяцей. Перадаю сродкі ў Фонд Яцэка Кураня, а таксама іншым.

РР: Ці маеце вы нейкія парады для тых, хто жадае пачаць свой бізнес?

Міраслаў Пякарскі: Трэба быць цярплівым, вельмі хутка рэагаваць на змены, якія адбываюцца. Не трэба спадзявацца на тое, што калі ты адкрыў бізнес, то справа зроблена. Трэба трымацца з сумленнымі людзьмі, не падманываць партнёраў, а калі падмануць цябе, не перажываць моцна з-за гэтага, бо такое здараецца вельмі часта.

Фірма «МП-Трэйд» гандлюе мясам, супрацоўнічае ў тым ліку з партнёрамі з Беларусі, Украіны і Расіі.

У рэйтынгу ацэньвалася звыш чатырох тысяч фірмаў з усёй Польшчы, у тым ліку больш за сто з Падляшша.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?