Ускраіна

    За лясамі‑ўзгорамі,
    За сівымі зорамі
    Ягадай нясьпелаю
    Сьпіць краіна белая.
    З поўняй разьмінулася,
    Хмарай загарнулася,
    Голас пахаваўшая,
    Волі не пазнаўшая.
    А была шляхетнаю,
    Гонарам адметная,
    Моцная і вольная,
    Да навукі здольная.

У 2007 г., годзе 125‑годзьдзя Купалы і Коласа, «НН» штонумар друкуе творы беларускіх паэтаў. У ранейшых нумарах пабачылі сьвет творы Генадзя Бураўкіна, Андруся Храпавіцкага, Юрася Пацюпы, Міхала Анемпадыстава, Сяргея Прылуцкага, Сяргея Сыса, Алеся Макрацова ды іншых аўтараў. Чакаем Вашых твораў.

    Нашай ускраіна была!
    Аблокі гоне вецер‑гун,
    Забыўся ён, што ёсьць Пярун,
    Забыўся, што чакае нас
    Сурмы працяглы сьпеўны час.
    Мой сын маўчыць,
    маўчу і я:
    Навокал скрозь — калёнія.
    Калее ў студзеньскай вадзе
    Пярсьцёнак згубленых надзей.

Калевала

    У белай краіне залева —
    Ня блісьне ні справа, ні зьлева.
    Такая вось Калевала —
    Нас мала, нас мала, нас мала.
    Дождж ідзе і час ідзе
    Ў нашым белым горадзе.
    Цікуе гадзіньніка вока
    За ўсім, што віруе навокал.
    І як бы ты нас ні шукала —
    Нас мала, нас мала, нас мала.
    Дождж ідзе і час ідзе
    Ў нашым белым горадзе.
    Чакаю таемнага знаку
    Нібыта галоўны аракул,
    Каб рэхам літаньне зьнікала —
    Нас мала, нас мала, нас мала.
    Дождж ідзе і час ідзе
    Ў нашым белым горадзе.
    Дождж скончыцца абавязкова,
    Вясёлкі зазьзяе падкова.
    Такая вось, брат, Калевала —
    Нас шмат, дзе здавалася мала,
    Нас шмат, дзе здавалася мала,
    Нас шмат, дзе здавалася мала.
    Нас шмат…
    Дождж ідзе і час ідзе
    Ў нашым белым горадзе.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0