Гурт IQ48 дае вясновы канцэрт, на якім збіраецца паказаць песні з свайго будучага альбома. Музыкі кажуць, што гэта будзе іх апошні выступ у сезоне, бо яны збіраюцца шчыльна засесці за працу ў студыі. Разам са «здаровымі ласямі» на сцэну Loft cafe 14 сакавіка з поўнавартасным сэтам выйдуць яркія дэбютанты 2012 года – гурт Martin S.

IQ48 упершыню засвяціліся ў «тузіноўскіх» імпрэзах яшчэ ў 2004 годзе, калі выступіў у межах святкавання гадавіны парталу «Тузін Гітоў» у Палацы рэспублікі. Некалькі добра знаёмых нумароў з тых часоў музыкі згадаюць падчас свайго канцэрта у Loft cafe. Аднак, стаўка ўсё ж будзе зроблена на новыя песні. «Ніколі не было, каб мы ціхарылі новыя творы да рэлізу альбома. Усё адрэпетаванае новае адразу імкнемся паказаць публіцы, -- кажа гітарыст гурту Яўген Бузоўскі. -- Цяпер у нас у рэпертуары ўжо каля паловы будучага альбома. Дакладна пару-тройку новых песень зайграем на гэтым канцэрце, можа нават болей! Будзе таксама найлепшае з нашых усіх выдадзеных альбомаў, натуральна з папраўкай на наш адносна новы гітарны саўнд».

Martin S. з’явіўся на незалежнай беларускай сцэне толькі год таму, але за невялікі час свайго існавання выходзіў у фінал на некалькіх фэстах, а на рок-фэсце «Такія пернікі-2012» перамог. А яшчэ двойчы ўдзельнічаў у нацыянальным адборы на «Еўрабачанне» і выдаў дэбютны альбом, песні з якога можна пачуць у эфіры беларускіх і ўкраінскіх FM-станцый. «У сакавіку нам якраз спаўняецца год, так што для нас і нашых прыхільнікаў выступ у «Жывым Тузіне» будзе асаблівым. Рыхтуем адмысловую праграму, дзе будзе нямала сюрпрызаў», -- кажуць музыкі.

Весці канцэрт «Жывы Тузін» па традыцыі будзе Алег Хаменка, музыка і нязменны вядучы радыёверсіі хіт-параду «Тузін Гітоў». Не абыйдзецца справа без падарункаў ад сяброў «Тузіна Гітоў» — кампаніі «Будзьма беларусамі».

Квіткі на канцэрт каштуюць 80 000 руб. З флаерам на ўваходзе на 12% танней! Квіткі можна набыць у касах KVITKI BY і непасрэдна ў клубе перад канцэртам.

Замовіць столік: (29) 3800010.

Іншыя пытанні:(29) 6872093.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?