На тэрыторыі, якую саступіў скандынаўскай краіне былы прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў, знайшлі 1,9 млрд барэляў вуглевадародаў.

Пагадненне 2010 года паміж Расіяй і Нарвегіяй, якое завершыла шматгадовыя перамовы пра межы ў Баранцавым моры, можа апынуцца для Масквы вельмі няўдалым.

Для паўночных суседзяў гэтая дамоўленасць ужо стала найвялікшай радасцю — на тэрыторыі, якая адышла нарвежцам, знойдзеныя вялікія запасы вуглевадародаў. Расійскія чыноўнікі абураюцца: нарвежцы і так губяць паўночныя «рыбныя радзільні», а цяпер ставяць пад удар айчынны промысел траскі.

«Калі меркаваць па сённяшніх цэнах на нафту, пад тоўшчай вады схаваныя каштоўнасці амаль на 30 млрд еўра»,
— ці то захапляюцца, ці то абураюцца «Новые Известия» ў матэрыяле пад назвай «Царскі падарунак».

Інакш прэзент і не назавеш. Паводле дакладу нарвежскага нафтавага дырэктарата (NPD), у нетрах пад часткай Баранцава мора, якая ў верасні 2010 года адышла Нарвегіі, хаваюцца каля 300 млн кубаметраў вуглевадародаў — у нафтавым эквіваленце гэта амаль 1,9 млрд барэляў. Прычым па прагнозах, меркаваны аб’ём карысных выкапняў на справе можа апынуцца роўным 565 млн кубаметраў. З іх на долю нафты прыпадаюць 15%.

«Гэта выдатная навіна… Прадстаўленыя вынікі геолагаразведкі даказваюць, што паўднёвы ўсход Баранцава мора — самы цікавы з новых раёнаў нарвежскага кантынентальнага шэльфа», —
цытуе Barents Observer міністра нафты і энергетыкі Нарвегіі Улу Буртэн Муэ. Хуткай выгады чакаць, вядома, не прыходзіцца. «Ад сённяшняга даклада да разведачных работ пройдзе некаторы час, — растлумачыў міністр. — Але калі разведка пачнецца, гэта абавязкова акажа ўплыў на эканоміку паўночных муніцыпалітэтаў».
Навіна пра «залаты кавалак», атрыманы Осла ад Масквы, выклікала ў Нарвегіі сапраўдную эйфарыю, адзначаюць «Новые Известия».
Запасы нафты ў нарвежскай частцы Паўночнага мора, здабыча якой вялася з 1960-х гадоў, падыходзяць да канца; заставаліся надзеі на «куфэрак» у Баранцавым моры, змесціва якога не падманула нарвежцаў, тлумачыць газета. Падрыхтоўка да распрацоўкі радовішча ўжо вядзецца: з шэльфа Паўночнага мора перакідваюцца свідравыя платформы, ствараецца берагавая інфраструктура. У прыватнасці, Мінабароны Нарвегіі толькі што прадало за сімвалічную суму ў пяць млн еўра былую звышсакрэтную базу падводных лодак НАТА, якая цяпер будзе выкарыстоўвацца для абслугоўвання здабычы вуглевадародаў.

Расея можа далучыцца

Перамовы аб неабходнасці размежавання спрэчнай тэрыторыі ў Баранцавым моры плошчай каля 175 тысяч квадратных кіламетраў вяліся паміж СССР і Нарвегіяй з 1970-х гадоў. Расейская пазіцыя складалася ў дзяленні гэтай частцы мора па «сектарным прынцыпе» ў рамках устаноўленай у 1926 годзе мяжы палярных уладанняў, праведзенай па мерыдыяне да Паўночнага полюса. Нарвежская пазіцыя складалася ў дзяленні тэрыторыі Баранцава мора па сярэдняй лініі.

У выніку бакі пагадзіліся падзяліць спрэчную тэрыторыю ў Баранцавым моры і Паўночным Ледавітым акіяне на дзве роўныя па значэнні часткі.

«Гэта падзея павінна паўплываць на агульную сітуацыю ў рэгіёне, на ўмацаванне міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі, на паглыбленне ўзаемадзеяння арктычных дзяржаў», — заявіў тагачасны прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў пасля падпісання адпаведных дамоў з нарвежскім прэм’ерам Енсам Сталтэнбергам.
Зрэшты, параўноўваць «падарунак» нарвежцам са шчодрым прэзентам амерыканцам — Аляскай — не варта.
У падпісаных у 2010 годзе пагадненнях асобна агаворваецца момант, які тычыцца здабычы вуглевадародаў. Так, калі радовішча перасякае дзяржаўную мяжу і размяшчаецца на тэрыторыях абедзвюх дзяржаў, яно можа распрацоўвацца толькі сумесна, гаворыцца ў дакументах.

Ці «перацякае» нарвежская нафта пад Баранцавым морам у Расію, пакуль не ясна. Ва ўсялякім выпадку, у РФ навіны аб выяўленні паўночнікамі 300 млн кубаметраў чорнага золата і блакітнага паліва ажыятажу, як у Нарвегіі, не выклікалі і не ясна, ці ёсць у расійскіх здабываючых кампаній якія-небудзь віды на працы ў памежным сектары Баранцава мора.

Траска ў небяспецы

Пакуль што з расійскага боку публічна адрэагавалі толькі эколагі, рыбакі ды мясцовыя чыноўнікі, якія яшчэ ў сярэдзіне зімы звярнулі ўвагу на актыўнасць нарвежцаў у Баранцавым моры.
Так, расійскае аддзяленне WWF накіравала ліст у МЗС, выказаўшы заклапочанасць заяўленымі Нарвегіяй праектамі па нафтаздабычы ў паўднёва-ўсходняй частцы нарвежскага сектара мора.
«Нарвегія ўзяла курс на здабычу вуглевадародаў, у тым ліку і ў Баранцавым моры — на месцы былой „шэрай зоны“. Але наша агульнае мора мае унікальныя запасы траскі, якія проста неабходна захаваць,
— цытуе РІА „Новости“ заяву камітэта па прыродакарыстанню і рыбнай гаспадарцы думы Мурманскай вобласці. — Лафатэны ў Нарвежскім моры (у рэгіёне таксама вядзецца нафтаздабыча) — гэта наогул радзільня для рыбы, якая затым плыве ў нашыя воды».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?