Як паведамляе Белстат, летась Беларусь арганізавана наведалі 118 тысяч турыстаў (на 2,3% больш, чым у 2011 годзе). Ацэньваючы сітуацыю, рэдактарка выдання «Туризм и отдых» Лілія Кобзік лічыць гэту лічбу ганебнай.

«Ніхто, я думаю, не разлічваў, што будзе такая стагнацыя. І гэта нягледзячы на тое, што заяўляюць у Мінску 400 тысяч турыстаў, нейкія мільярды прыводзяць, што там прыносіць гэты турызм.
Але заўсёды ў свеце менавіта арганізаваныя турысты лічацца лакмусавай паперкай, якая паказвае, як развіваецца турызм».

Эксперт не здзіўляецца, чаму да нас асабліва не едуць немцы ці тыя ж палякі. А італьянцы і туркі пераарыентаваліся на Расію і Украіну. Па-першае, шмат бар’ераў — тая ж віза. Па-другое, для турыстаў нічога не робяць — адрэстаўравалі толькі два замкі. У той жа час з Беларусі за мінулы год выехалі амаль 500 тысяч турыстаў. І можа быць болей, сцвярджае Лілія Кобзік.

«Гэты год на этапе ранняга браніравання паказвае, што плынь будзе яшчэ большая. Калі не будзе перашкод, праз пару гадоў ці нават сёлета дасягне адзнакі, якая была недзе 7–8 гадоў таму. Гэта 10% беларусаў, якія могуць дазволіць сабе выязджаць за мяжу. Гэта прыкладна 1 мільён — мы з гэтага пачыналі, але пасля колькасць зніжалася».

За 2012 год Літву наведала каля 400 тысяч беларусаў. Беларусь жа за год наведала толькі каля 13 тысяч турыстаў з па-за краінаў СНД.

«Раней, пару гадоў таму, было значна больш людзей, беларускія санаторыі і вандроўкі ў Беларусь, Мінск, замкі, па шляху ВКЛ, там жа шмат у нас агульнай гісторыі, карысталіся вялікай папулярнасцю.
Але апошнім часам цікавасць знізілася, напэўна, таму што вашы цэны ўжо даганяюць нашы цэны», — распавядае Ліяна з віленскай турыстычнай кампаніі ABK Travel.

Паводле яе словаў, яшчэ пару гадоў таму ABK Travel стабільна адпраўляла лячыцца ў Беларусь каля 50 літоўцаў штомесяц. Цяпер не заўсёды набіраецца і 10: людзі лічаць, што прасцей і прыкладна столькі ж па коштах паехаць ва Украіну ці Чэхію, куды віза непатрэбна. Тое ж самае тычыцца і экскурсійных тураў: пры кошце візы ў 25 еўра паглядзець Мінск і беларускія замкі атрымоўваецца не так і выгадна.

Затое экскурсійныя туры ў Беларусь карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод расіянаў, якіх за мінулы год у Беларусі налічылі 94200 чалавек.
Таксама ўвесь год цікавяцца санаторыямі і лячэннем у Беларусі, кажа супрацоўніца маскоўскага турыстычнага агенцтва «Созвездие путешествий» Алена і адзначае пераднавагодні бум.

Супрацоўніца маскоўскага турыстычнага агенцтва «Созвездие путешествий»:

«Любяць школьнікам паказаць, асабліва калі яны праходзяць вайну, па ўсіх вашых помніках праехацца. І вельмі карыстаецца папулярнасцю Белавежская пушча.
Яна ўнікальная, таму нават не абмяркоўваецца. Па лячэнні магу сказаць, што выбіраюць з-за прыгожай прыроды і з-за таго, што ўсё ўдвая танней, чым у нас».

Варта дадаць, што паводле дадзеных Белстата, за 2012 год паслугамі беларускіх гасцініц скарысталіся 1 824,4 тысячы чалавек (амаль 1100 тысяч — беларусы) альбо на 5% больш, чым у 2011 годзе. А ў Літве, у якой жыве менш за 3 мільёны чалавек, за год спыніліся 2 мільёны турыстаў (1,1 мільёна — замежнікі). Прырост турыстаў за год склаў 12,4% — гэта другі паказчык у ЕС пасля Ісландыі (19,6%).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?