Ярашук ня вылучаны ў прэзыдэнты

Кіраўнік Беларускай канфэдэрацыі дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук на зьезьдзе арганізацыі быў пераабраны на наступны тэрмін. Які можа стаць апошнім. А.Ярашук не выключае, што налета незалежныя прафсаюзы могуць быць ліквідаваныя. БКДП налічвае 10 000 сяброў. Дэлегаты зьезду не падтрымалі прапановы аб вылучэньні А.Ярашука на прэзыдэнцкія выбары-2006.

Манаева папрасілі патлумачыць

Пракуратура 1 сьнежня выклікала праф.Алега Манаева ў сувязі зь ягонымі публікацыямі ў "Нашай Ніве" і "БелГазеце" наконт сацыялягічных дасьледаваньняў. Старшага сьледчага Станіслава Новікава цікавіла, ці не парушае навуковец заканадаўства, выступаючы ад імя зачыненай у судовым парадку арганізацыі: НІСЭПД ліквідаваны Вярхоўным судом, але зарэгістраваны ў Літве. Манаеў зазначыў, што дзейнічае як прыватная асоба.

Весткі ад палітвязьняў

Кіраўніцтва гарадзенскага сьледчага ізалятара 29 лістапада заявіла, што галадоўніку Мікалаю Аўтуховічу паставілі кропельніцу. Тым часам ягоныя адвакаты цьвердзяць, што кропельніцы няма. У шпіталь яго пакуль не кладуць. 30 лістапада сьледзтва ў ягонай справе працягнулі яшчэ на месяц. Удзельнікі галадоўкі ў яго падтрымку спынілі сваю акцыю 5 сьнежня: яны сабралі 377 подпісаў пад зваротам у Адміністрацыю прэзыдэнта, каб зьмяніць Аўтуховічу меру стрыманьня.

Уладзімер Леванеўскі 5 сьнежня паведаміў, што да яго бацькі, палітвязьня Валер'я Леванеўскага, не пускаюць нямецкіх дыпляматаў. Прычынаў адмовы беларускае МЗС не назвала.

Прэса пад прэсам

Друкарня "Чырвоная зорка" адмовілася друкаваць недзяржаўную газэту "Народная Воля" ў 2006 г. Аднак выданьне атрымала ліцэнзію на раздробны гандаль.

28 лістапада "Менгарсаюздрук" разарваў дамову пра падпіску зь недзяржаўнымі газэтамі "Салідарнасьць" і "Згода". Гарадзенская філія "Белпошты" скасавала дамову на распаўсюд і падпіску з 1 студзеня 2006 г. з "Газетай Слонімскай" (выданьне адмовіліся друкаваць у Горадні й Слоніме), а берасьцейская філія 2 сьнежня даслала такі ж ліст у "Брестский курьер". Падобны ліст ад "Віцебскаблсаюздруку" атрымала 16 лістапада газэта "Витебский курьер". 5 сьнежня "Белпошта" выключыла з падпіснога каталёгу газэту ПКБ "Товарищ".

Гомельскі аблвыканкам 30 лістапада пазбавіў акрэдытацыі карэспандэнтку інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алену Пасканную.

Цагліна на галаву

Паводле прэс-службы незарэгістраванай арганізацыі "Зубр", супрацоўнікі КДБ наведалі 5 сьнежня актывістку гэтай арганізацыі доктарку Юлію Ліскоўскую: іх цікавіла дзейнасьць "Зубра", друкаваная прадукцыя, крыніцы фінансаваньня. Пасьля адмовы Юліі адказваць на пытаньні, зазначае прэс-служба, кадэбісты сказалі, што ёй на галаву "можа зваліцца цагліна" й пагражалі стратай працы. Дзяўчына мае зьвярнуцца з скаргай у пракуратуру.

Затрыманьні

У Горадні 25 лістапада затрымалі актывіста апазыцыі Андрэя Мялешку: яго здымалі на відэакамэру і ўзялі адбіткі пальцаў. У Гомелі 26 лістапада затрымалі праваабаронцаў Вячаслава Андрэева і Сяргея Разумава. Іх трымалі ў пастарунку пяць гадзінаў, распытваючы пра дзейнасьць арганізацыі. Вячаслава Бортніка, які прыехаў па затрыманых калег, затрымалі на дзьве гадзіны.

Актывісту Саюзу палякаў і галоўнаму рэдактару газэты "Gщos znad Niemna" ў эміграцыі" Анджэю Пісальніку 1 сьнежня скасавалі дазвольны штамп у пашпарце. Яго затрымалі пад Скідалем: журналіст выпраўляўся ў Казахстан, каб назіраць тамтэйшыя выбары. Падстава скасаваньня - Пісальнік абвінавачаны ў крымінальнай справе па запалохваньні дырэктара шчучынскага Дому польскага Віктара Богдана.

4 сьнежня гарадзенскі абласны суд адмовіў Івану Роману ў аспрэчваньні рашэньня Ленінскага раённага суду: прафсаюзнага актывіста асудзілі за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, хаця ён чалец зарэгістраванага прафсаюзу РЭП.

Пракуратура Берасьцейскай вобласьці аднавіла крымінальную справу супраць актывіста БНФ, дэпутата Маларыцкага райсавету Ўладзімера Малея. Крымінальную справу па абвінавачаньні ў паклёпе на старшыню райвыканкаму пачалі ў лютым 2005 г.

Усходнікаў палохаюць

Актывіста незарэгістраванай арганізацыі "Зубр" Яўгена Суворава ў Ленінскім судзе Магілева 28 лістапада асудзілі на адну базавую велічыню (29 тыс.) за "дробнае хуліганства": яго затрымалі 16 лістапада ў машыне з "зуброўцам" Палудам і зьвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы.

Удзельніку страйку гомельскіх кіроўцаў аўтобусаў Аляксандру Еўсейчуку 5 сьнежня намесьнік начальніка Савецкага РУУС Гомелю і невядомы ў цывільным пагражалі звальненьнем і іншымі карамі за ўдзел у акцыі.

Групе гамельчукоў, якія патрабуюць капітальнага рамонту ў доме, 2 сьнежня адмовілі ў праве пікетаваць Адміністрацыю прэзыдэнта. Да прадстаўніцы ініцыятыўнай групы Аксаны Філіпенкі 2 сьнежня ў 8.00 прыйшоў участковы, які паведаміў пра адмову і прыгразіў штрафам і арыштам за правядзеньне несанкцыяванай акцыі.

Пад выглядам пошукаў наркотыкаў міліцыянты Сьветлагорску правялі 2 сьнежня ператрус у кватэры актывіста ТБМ і ПБНФ Тэльмана Масьлюкова, хаця мелі санкцыю толькі на яе агляд: сканфіскавалі ўлёткі "16", 200 асобнікаў газэты "Рэгіянальныя навіны" і два ксэраксы. У той самы дзень на чыгуначным вакзале затрымалі "зуброўца" Паўла Машарава.

Прафсаюзы

Прадстаўнікі Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) пакінулі 29 лістапада паседжаньне Нацыянальнай Рады па працоўных і сацыяльных пытаньнях пасьля прыняцьця новага рэглямэнту: з ініцыятывы ФПБ сябрам Нацыянальнай Рады можа быць толькі прадстаўнік прафсаюзу, у якім ня менш за 50 тыс.чальцоў. У БКДП уваходзіць 10 тыс. чалавек.

Адміністрацыя ВА "Беларуськалій" 30 лістапада сарвала канфэрэнцыю Незалежнага прафсаюзу гарнякоў: кіраўніцтва, парушыўшы калектыўную дамову, не падпісала загад пра вызваленьне дэлегатаў ад працы.

"Шукалі" наркотыкі, знайшлі газэты

У Берасьці 3 сьнежня міліцыянты затрымалі машыну актывіста АГП Мікалая Каўша пад матывам пошуку наркотыкаў: у машыне знайшлі толькі незалежныя газэты, гаспадара паўтары гадзіны трымалі ў пастарунку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0