Штурм намётавага гарадка распачаўся прыблізна а трэцяй гадзіны раніцы і быў скончаны літаральна за дваццаць хвілінаў, усіх удзельнікаў пратэсту затрымалі і адвезьлі ў невядомым кірунку - як выявілася пазьней, у спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на Акрэсьціна.

3:00

Магчыма, рыхтуецца штурм плошчы: толькі што на плошчу падагналі некалькі аўтобусаў. Тут зьявілася некалькі дзясяткаў байцоў спэцназу. Яны набліжаюцца да лягеру.

Падпалкоўнік толькі што папрасіў усіх журналістаў выйсьці за ланцужок міліцыянтаў "у мэтах асабістай бясьпекі".

На плошчы зьявілася шмат людзей у цывільным.

Людзі скандуюць "Жыве Беларусь!" і "Міліцыя з народам!"

Адчуваецца вялікая напружанасьць.

На тым баку праспэкта Скарыны (Незалежнасьці) зьявілася яшчэ больш міліцыянтаў.

3:07

Рыхтуецца штурм лягеру. На Кастрычніцкую плошчу падагналі шэсьць грузавікоў МАЗ і аўтобусы, поўныя спэцназаўцаў, у бронекамізэльках, у шлемах і з дручкамі.

Журналістаў не пускаюць бліжэй, чым за 50 мэтраў.

Цяпер зьявіўся дадатковы ланцуг спэцназаўцаў у шлемах.

Увесь лягер абкружаны двайным колам.

Людзі ў ім узяліся за рукі і маўчаць. Ім усім загадалі сесьці на зямлю праз мэгафон.

Грукат грузавікоў заглушае ўсё. Міліцыянты нешта аб'яўляюць у мэгафон, але нічога не чуваць там, дзе стаяць журналісты.

Дзьверы грузавікоў адчыняюцца, зь іх выскокваюць спэцназаўцы.

3:10

Пачаўся штурм і затрыманьні

Спэцназаўцы людзей гвалтам вядуць у браніраваныя МАЗ'ы. З двух бакоў стаяць па чатыры машыны. Людзі крычаць. Іх запіхваюць у аўтазакі.

Усіх дэманстрантаў вельмі хутка загружаюць у гэтыя машыны. Людзі супраціўляюцца. Яны ўзяліся за рукі. Трымаюць адзін аднаго. Але іх вырываюць па адным. У першую чаргу вырываюць людзей з краю.

3:15

Ідзе штурм лягеру, людзей грузяць у браніраваныя МАЗ'ы. Тры з шасьці МАЗ'аў ужо поўныя людзей. Яны, відаць, хутка ад'едуць. МАЗ'ы таксама абкружаны міліцыянтамі, магчыма, для таго, каб прадухіліць доступ фотажурналістаў.

Людзей ужо супраціўляюцца ня так моцна. Некаторыя самі ідуць у кірунку МАЗ'аў. На плошчы засталіся намёты. Іх пакуль не разбурылі. Але людзей у ім ужо няма. І ўся тэрыторыя ачэплена міліцыянтамі.

МАЗ'ы завялі рухавікі і ўжо ад'яжджаюць.

Замежныя карэспандэнты адзначаюць, што вельмі цяжка рабіць фотаздымкі. Над лягерам было вельмі цёмна, а журналістаў выціснулі за два ланцугі міліцэйсага кардону. З такой адлегласьці вельмі цяжка было фатаграфаваць штурм.

3:25

Штурм амаль скончаны, усіх затрымалі і вывезьлі з плошчы. Лягер стаіць пусты. Усе шэсьць машынаў МАЗ цёмна-зялёнага колеру, напоўненая людзьмі, пакідаюць плошчу.

Цяпер застаюцца толькі аўтобусы і міліцыянты. І нават яны цяпер зьяжджаюць.

Зьявіліся людзі ў цывільным. Яны аглядаюць намёты. Нешта шукаюць у іх.

Пад'ехаў звычайны грузавік. Відаць, у яго будуць складаць усе тыя рэчы, што засталіся на месцы намётавага лягеру.

Журналістаў бліжэй, чым на 50 мэтраў не падпускаюць.

3:32

Апэрацыя па затрыманьні дэманстрантаў скончана, усіх вывезьлі на МАЗ'ах, але месца па-ранейшаму недаступнае для прэсы. Магчыма, людзі ў цывільным хочуць нешта падкінуць у намёты.

На момант штурму ў лягеры знаходзілася 460 чалавек, пераважна моладзь, большая частка – мужчыны. Сярод лідэраў апазыцыі была Валянціна Палевікова.

Цяпер намёты разьбіраюць. Усе рэчы складаюць у падгнаны грузавік.

Паўсюль валяюцца асабістыя рэчы, харчы, балёнікі, лекі, тэрмасы і плястыкавыя бутэлькі. Ніводнай бутэлькі ад алькагольных напіткаў няма.

Бел-чырвона-белыя сьцягі раскінутыя паўсюль. Людзі ў цывільным зьбіраюць усе сьцягі.

У цэнтры стаіць мангал, на якім гатавалася гарбата.

Цяпер на месцы знаходзяцца ў асноўным толькі журналісты. Яны здымаюць тое, што засталося.

3:35

Усе ўдзельнікі акцыі вывезены на грузавіках-аўтазаках у невядомым кірунку. Журналістаў пусьцілі за кардон. На месцы застаюцца рэшткі палатак, спальныя мяхі, пакункі, прыватныя рэчы. Супрацоўнікі камунальнай службы апэратыўна прыбіраюць усе гэтыя рэчы – закідваюць у грузавікі. Тэрмасы, балёнікі, кампакт-дыскі, абрыўкі транспарантаў...

На гэтым месцы ўсё яшчэ знаходзяцца спэцслужбы. У лягеры ацалёў адзін намёт. На ім выява "Пагоні" і дзьве іконы Божай маці.

На плошчу толькі што прыехаў Аляксандар Казулін. Яго шчыльным колам абкружылі журналісты.

Амаль усе сьцягі канфіскавалі міліцыянты і ўвезьлі з сабой. Астатнія рэчы зьбіраюць зараз супрацоўнікі камунальных службаў.

3:45

У адной з затрыманых на Кастрычніцкай плошчы, журналісткі "Нашай Нівы" Тацяны Сьнітко, не адабралі мабільны тэлефон, па якім яна паведаміла:

"Мы не супраціўляліся падчас штурму намётавага лягеру. Спачатку мы селі не зямлю і скандавалі "міліцыя – з народам", а потым замаўчалі. Мы моўчкі проста трымалі адзін аднаго за рукі. Нам не было страшна, бо мы гэтага чакалі.

Цяпер нас вязуць у МАЗ'е аўтазаку кудысьці за межы Менску. Праз маленькае вакенца мы маглі збольшага адсочваць маршрут. Нехта паведаміў, што мы ехалі па Ціміразева, потым па Арлоўскай, цяпер зьвярнулі ў бок. Выглядае, што мы ўжо за горадам.

Некаторых хлопцаў зьбілі. У іх на тварах кроў. Дзяўчын у нашым аўтазаку не зьбівалі.

Нас пакуль не расстралялі. Мы не панікуем".

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0