Падчас сёлетняй вясновай паводкі ёсць верагоднасць падтаплення жылых і вытворчых будынкаў 40 раёнаў Беларусі.
Пра гэта паведаміў намеснік начальніка Рэспубліканскага цэнтра кіравання і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Плявака 6 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, больш за ўсё аб’ектаў можа быць падтоплена ў Гомельскай вобласці, у небяспечнай зоне знаходзяцца раёны Брэсцкай, Віцебскай, Магілёўскай абласцей. Мінімум падтапленняў чакаецца ў Мінскай і Гродзенскай абласцях. У прыватнасці, ёсць верагоднасць падтаплення прыкладна 120 населеных пунктаў, 60 участкаў дарог, прыблізна 20 садовых таварыстваў і 19 мастоў.

Як паведаміў Плявака, на сёння ўжо зарэгістраваны падтапленні трох жылых дамоў, 11 падворкаў, 15 дачных участкаў у Петрыкаўскім, Мазырскім і Жыткавіцкім раёнах Гомельскай вобласці.

Як паведаміў намеснік начальніка Рэспубліканскага гідраметэаралагічнага цэнтра Анатоль Палішчук, масавы крыгалом на рэках адбудзецца ў канцы сакавіка — пачатку красавіка. Узровень вады чакаецца на 60 см вышэй за сярэднія шматгадовыя значэнні, а для басейна ракі Прыпяць — на 120 см.

«Гэта будзе невялікая нестандартная паводка сёлета, у першую чаргу за кошт таго, што дастаткова вялікая колькасць снегу», — сказаў прадстаўнік гідраметэацэнтра. Пры гэтым, паводле яго слоў, у басейнах розных рэк запас снегу адрозніваецца. Калі цяпер у Лельчыцах глыбіня снежнага покрыва складае 0,5 см, то ў Езярышчы — 41 см. Як сказаў дырэктар дэпартамента па гідраметэаралогіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Алег Максюта, рака Прыпяць на сёння ўжо вызвалілася ад лёду. Практычна паўсюдна вада знаходзіцца на пойме. Паводле звестак на 5 сакавіка, у двух пунктах на Прыпяці — Чэрнічы і Петрыкаў — узровень вады дасягнуў небяспечных адзнак, у Мазыры — падыйшоў да небяспечных адзнак.

Узровень вясновай паводкі на большасці рэк сёння блізкі да нормы або крыху яе перавышае, адзначыў Максюта. Ёсць рэкі, якія вызваліліся ад ледзянога покрыва, у тым ліку і Нёман, на якім сёлета ледаходу не чакаецца.

Як падкрэсліў Максюта, надалей развіццё паводкі будзе вызначацца ўмовамі надвор’я. Так, дружная вясна садзейнічае шырокаму разліву рэк, у той час як зацяжное развіццё вясновых працэсаў стрымлівае паводку. Згодна з папярэднімі прагнозамі, дружнай вясны ў найбліжэйшыя тыдні не чакаецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?