08.03.2013 / 08:44

Віктар Шніп. Балада Міхася Чарняўскага

(7.03.1938—20.01.2013)

Наша мінулае ў нашай зямлі,
Быццам схаваны ад рыцара меч.
Замкаў руіны травой зараслі,
Не зарастае на хутары печ,
Што засталася ад хаты дзядоў,
Белая, быццам бы белы наш свет,
Чорная, быццам звуглелая кроў,
І адзінокая, быццам бы след,
Што шчэ цяплее на сцежцы жыцця,
Помнім якое, з якога ўцяклі,
Каб нам ісці ізноў да адкрыцця:
Наша мінулае ў нашай зямлі,
Быццам бы ў кнізе, якую чытаў
Ты кожны дзень, каб мы чулі, што мы
Самі павінны ўсё ж вызваліць з траў
Замкі старыя і продкаў дамы,
Бо без былога не будзе нічога:
Ні Беларусі, ні шляху да Бога…
І ты капаеш, капаеш зямлю,
Быццам шукаеш свой рыцарскі меч,
Каб бараніць тут усё, што люблю
Я, як усе, і на хутары печ,
Што засталася ад хаты дзядоў,
Белая, быццам бы белы наш свет,
Чорная, быццам звуглелая кроў,
Родная, быццам мінуўшчыны квет.

віктар шніп