06.03.2013 / 23:47

Анушаўскас: Забіты намдырэктара беларускай гімназіі мог замінаць Расіі

У інтэрв’ю тэлеканалу LNK літоўскі парламентарый Арвідас Анушаўскас заявіў, што жорстка забіты ўначы 5 сакавіка ў Вільні Раман Вайніцкі мог замінаць Расіі ў спробах аб’яднаць нацыянальныя меншасці супраць літоўскай дзяржавы і яе нацыянальнай палітыкі.

«Расія імкнецца аб’яднаць усе нацыянальныя супольнасці ў Літве супраць „дрэнных літоўскіх законаў“, якія прымаліся апошнім часам ў сферы культуры і адукацыі. Тут вельмі ясныя інтэрэсы трэцяй краіны. А ён вельмі канкрэтна выступаў не раз супраць гэтых спробаў, пазіцыя Рамана Вайніцкага была выказаная заўсёды вельмі ясна», — адзначыў Арвідас Анушаўскас, сябра парламенцкага камітэту нацыянальнай бяспекі Літвы, які ў часе папярэдняй кадэнцыі кіраваў гэтым камітэтам у Сойме.

Раман Вайніцкі быў прэзідэнтам Асацыяцыі беларускіх арганізацый Літвы і кіраўніком клубу аматараў беларускай культуры «Сябрына», сёлета ён быў абраны віцэ-старшынём Рады нацыянальных супольнасцяў Літвы пры Міністэрстве культуры Літвы. Цягам апошняга году ён не раз выказваўся ў прэсе супраць спробаў далучыць беларускую дыяспару ў Літве да пратэстаў і грамадскіх і палітычных акцыяў супраць законаў Літвы ў сферы адукацыі і культурнай дзейнасці нацыянальных меншасцяў.