Горацкае паўстанне 1918-га: камісара Пагодзіна забілі за «Разайдзісь!»

Невядомая старонка гісторыі антысавецкага супраціву. Піша гісторык Ніна Стужынская.

Горацкае паўстанне 1918-га: камісара Пагодзіна забілі за «Разайдзісь!»

Сёлета грамадства шырока адзначае 150-гадовы юбілей паўстання Каліноўскага. У цяні застаюцца падзеі 95-гадовай даўніны.

У 1918-м па Беларусі разлілося мора сялянскіх паўстанняў.
Самавольства бальшавікоў, злоўжыванні іх харчатрадаў, ЧК, ячэек РКП(б), якія часта складаліся з выпадковых людзей з крымінальнымі схільнасцямі, стварылі аснову для акцый масавага непадпарадкавання, узброеных выступленняў.

У Гомельскім архіве нядаўна знайшліся дакументы, якія праліваюць святло на падзеі сакавіка 1918 г. у Горках Магілёўскай губерні.
Адкрываецца яшчэ адна старонка гісторыі антысавецкага супраціву, якая абнаўляе і дапаўняе вобраз мяцежнай Беларусі.

Як толькі даследчыкі атрымалі доступ да адпаведных крыніц, укаранёны савецкімі падручнікамі міф аб «трыумфальным шэсці» савецкай улады адразу і пасыпаўся. Паўсюдна -- у гарадах і вёсках -- беларусы масава паўставалі супраць улады з усходу. Час выводзіў на першыя ролі людзей ініцыятыўных, яны рабіліся правадырамі партызанскіх атрадаў, што змагаліся з чырвонымі за незалежнасць. Яны, а на бальшавіцкія камісары, -- сапраўдныя героі, вартыя ўнясення ў нацыянальны пантэон Беларусі.

Магчымасці рэканструкцыі гісторыі змагання за ўладу ў Горках пакуль абмяжоўваюцца некалькімі дакументамі.

Асобныя фрагменты Горацкага паўстання выкладзены ў матэрыялах Горацкай ЧК і Магілеўскай губернскай следчай камісіі пры Рэвалюцыйным Трыбунале аб "контрарэвалюцыйным выступленні 6–7 сакавіка 1918 г. у горадзе Горках».

Пачатак сакавіка 1918 года быў неспакойным. Фронт хутка набліжаўся. 19 лютага немцы занялі Мінск, 1 сакавіка — Гомель, Магілёў.

У Горках і павеце большасць жыхароў лічыла бальшавіцкі рэжым часоваю з’яваю, непрымальнаю і небяспечнаю — вось-вось здадуць горад немцам.
Гарадская эліта мела намер пазмагацца за ўладу не толькі са зброяй, але і шляхам выбараў.

Камісары бралі пазыку, каб адкупіцца ад пралетарыяту

Хісткая савецкая ўлада шукала сабе апору, намагалася забяспечыць хоць нейкае падабенства легітымнасці і прызнання. На 5 сакавіка мясцовы, бальшавіцкі па складзе выканкам прызначыў 4-ы з’езд рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў Горацкага павета. Сабраліся 33 дэлегаты, але фронт быў ужо на падыходзе, і арганізатары абвясцілі аб адмене мерапрыемства. «Для абароны інтарэсаў працоўных» саветы аб’явілі запіс добраахвотнікаў на фронт.

Выканкам «са стратэгічных меркаванняў» вырашыў пакінуць горад і перабрацца ў фальварак Собалева.

Але зрабіць гэта было не так проста.

Ад канца лютага ў Горках, патрабуючы выплаты заробкаў, бунтавалі рабочыя. Калі яны даведаліся, што выканкам пакідае горад, дык вырашылі не даць камісарам збегчы, пакуль тыя не аддадуць грошы.
Выканкам вымушаны быў узяць пазыку ў грамадскіх арганізацый горада, выплаціць заробкі рабочым і толькі пасля гэтага выехаў. Уцекачы яшчэ не паспелі даехаць да фальварка, а ў Горках ужо быў абраны выканкам у новым складзе: без бальшавікоў.

Цэнтрам паўстання ў Горках стаў Камітэт самаабароны.
Яго стварэнне ініцыявалі напярэдадні самі бальшавікі. У канцы лютага, з улікам пагрозлівай сітуацыі на фронце, бальшавіцкі выканкам склікаў нараду з прадстаўнікоў грамадскіх дэмакратычных арганізацый. Было прапанавана арганізаваць Камітэт самаабароны. Камітэт хутка паўстаў, аб’яднаўшы людзей аўтарытэтных і ўплывовых.
Бальшавікі, шукаючы паратунку ад немцаў, прапанавалі Камітэту заняцца пытаннямі арганізацыі адпора ворагу, пакінулі «абаронцам» 70 вінтовак і 600 патронаў.
Такім чынам, саветы самі паклапаціліся аб забеспячэнні паўстанцаў зброяй.

У Камітэце вызначылася група, якая таемна падрыхтавала змену ўлады ў горадзе, арганізавала перавыбары выканкама і фармаванне ўзброеных частак для супраціву чырвонаармейскім атрадам.

Згодна з высновамі ЧК, групу «контрарэвалюцыянераў-змоўшчыкаў» узначаліў нехта А. Л. Рубанаў.
Звестак пра яго больш не падаецца, толькі згадваецца факт яго ўдзелу ў паўстанні «з вінтоўкаю ў руках».

Прыгоды таварыша Маісеева

Праз два дні, 6 сакавіка, да фальварка Собалева дайшлі звесткі, што ў Брэсце была падпісаная дамова аб спыненні ваенных дзеянняў з немцамі. Выканкам зазбіраўся назад. Але папярэдне

ў Горкі накіраваўся старшыня выканкама, бальшавік Маісееў, каб паведаміць Камітэту самаабароны, што"законная» ўлада вяртаецца.

У Горках, аднак, «саветчыкаў» не чакалі. На вуліцах збіраліся вялікія натоўпы, на мітынгах людзі абураліся паводзінамі савецкай улады, выказвалі ёй недавер. Як сведчаць матэрыялы следства ЧК, таварыш Маісееў выпадкова трапіўся на вочы ўдзельнікам такога мітынгу.

Раз’юшаныя людзі кінуліся да яго з крыкамі: «Рабаўнік!»
«Каб пазбегнуць самасуду гэтага натоўпу Маісееў пабег у Камітэт самаабароны ў спадзяванні там схавацца», — перадае драматызм сітуацыі следчая справа. Выйшла наадварот: праз пару хвілін у будынак Камітэта ўварваўся натоўп…
Збітага да паўсмерці Маісеева раззлаваныя гараджане звалаклі ў горацкую турму.

Калегі-бальшавікі, даведаўшыся на наступны дзень аб расправе, вярнуліся ў Горкі з атрадам чырвонаармейцаў і вызвалілі свайго начальніка. Але

прыбыццё карнага аддзела толькі падштурхнула гараджанаў да фарміравання ўзброеных атрадаў.

З следчай справы дазнаёмся імёны многіх паўстанцаў. Як арганізатары ўзброеных фармаванняў называюцца Яўхім Ждановіч, начальнік выведкі, і

Антон Казіміравіч Падзерскі, былы павятовы начальнік міліцыі, які арганізаваў выдачу зброі на рукі паўстанцам, расставіў каравулы ў тыя месцы, адкуль маглі ўвайсці ў горад чырвоныя.
Патап Сяргеевіч Белашайскі быў абраны паўстанцамі старшынёй Горацкага часовага выканкама, ён і Мікалай Кандраценка падпісалі загады аб арышце кіраўнікоў савета і Чырвонай арміі ў Горках і павеце.
Чэкісты палічылі, што менавіта Белашайскі падштурхнуў сяброў Камітэта самаабароны да звяржэння бальшавіцкіх саветаў і арганізацыі паўстання.

Сярод ініцыятараў і натхніцеляў — імёны начальніка мясцовай пошты Арцем’ева і яго памочніка Сяргея Вязавога (Вязава), члена харчовай управы Сяргея Шапавалава. Чэкістамі была адзначана заўважная роля ў мабілізацыі на супраціў саветам «агітатараў» Сафона Мікалаева, паручніка Фабрытава, гараджанаў Сінякова, Траянскага, Шурава, Хоцкага, Бекарэвіча, Грамакоўскага, селяніна з вескі Гарадзішча Макарэвіча.

Сапраўдная гісторыя камісара Пагодзіна

Следчыя дакументы Горацкага паўстання адкрываюць рэальную гісторыю гібелі камісара Сцяпана Пагодзіна, савецкага кананізаванага героя, арганізатара першага мясцовага чырвонааремейскага атрада.

У сучасных Горках адна з вуліц і чыгуначная станцыя носяць яго імя. На прывакзальнай плошчы стаіць яму бюст.
Пагодзін быў тутэйшы, нарадзіўся ў вёсцы Гушчына Горацкага павета.

Вось што кажа афіцыйная версія подзвіга і гібелі Пагодзіна. Калі фронт наблізіўся да межаў павета, ваенны аддзел выканкама і чырвонаармейскі аддзел пад камандаваннем Пагодзіна перадыслакаваліся ў Собалева, «бліжэй да лініі фронта» (насамрэч Собалева — усходней Горак). За тыя некалькі дзён, што камісар з аддзелам адсутнічаў «пачалі падымаць галовы мясцовыя багацеі і іх паслугачы».

14 сакавіка, піша афіцыйная біяграфія, «ворагам рэвалюцыі» ўдалося арыштаваць членаў Камітэта самаабароны. Але на наступны дзень атрад Пагодзіна вызваліў іх з турмы. Падчас аперацыі ваенкам быў смяротна паранены.
Так у 28 год «абарвалася жыццё палымянага рэвалюцыянера».

Следчая справа ўдзельнікаў паўстання, якую падрыхтавала горацкая ЧК і 25 верасня 1919 г. прадставіла ў Ваенрэўтрыбунал, сведчыць, што атрад Пагодзіна вярнуўся ў Горкі 7 сакавіка, пасля атрымання інфармацыі аб Брэст-Літоўскай дамове. І вызваліў ён не «членаў Камітэта самаабароны», а старшыню выканкама Маісеева, які легкадумна трапіў у рукі паўстанцаў. Бо Камітэт самаабароны якраз і быў арганізацыйным цэнтрам паўстання. Пагодзін сутыкнуўся з узброеным аддзелам паўстанцаў.

«Калі ваенны камісар Пагодзін звярнуўся да «белагвардзейскага» натоўпу з крыкам «Разайдзісь!», то з яго (натоўпу — Н.С.) адбыўся стрэл, якім і быў забіты тав. Пагодзін…»
— так перадае падрабязнасці следчая справа. Такім чынам камісар загінуў не 14 сакавіка, а 7-га, спрабуючы лямантам уздейнічаць на людзей, якія варожа сустрэлі яго вяртанне ў горад.

…і Файфіш Абрамавіч Зільберман

Па версіі следства, камісара смяротна параніў «белагвардзеец Абрамбкоўскі»,член акружнога суда.
Апроч таго, «белагвардзеец Айзік Ратноўскі» збіваў параненага Пагодзіна прыкладам вінтоўкі. Браты Айзіка — Аркадзь і Шальдар і сын Айзіка, вучань агранамічнай вучэльні, таксама «з вінтоўкаю ў руках выступілі супраць савецкіх войскаў». Страляў у камісара яшчэ адзін «белагвардзеец» — правізар Міша Гусман.

Аляксандр Хрыпуноў пасля забойства Пагодзіна на камісарскай павозцы с кулямётам аб’язджаў горад з заклікам брацца за зброю. Кандраценка і Іваноўскі развозілі загады аб арышце савета і чырвонаармейцаў. Файфіш Абрамавіч Зільберман «падвозіў белагвардзейцам патроны з белаю павязкаю на рукаве…»

Гэтыя сведчанні абвяргаюць папулярны міф пра тое, што яўрэйскае насельніцтва спрэс падтрымлівала бальшавікоў.

Паўстанне трымалася не два дні

Зразумеўшы, што сілы няроўныя, Маісееў і член выканкама тав. Бардухаеў уцяклі назад у Собалева, а адтуль накіраваліся за дапамогаю на станцыю Краснае.

Назад яны вярталіся з 1-м конным Аршанскім аддзелам на чале з начальнікам штаба Сцяпанавым, які меў загад ліквідаваць паўстанне.
Крыніцы не даюць падрабязнасцяў змагання паўстанцаў з чырвонаармейскім аддзелам.

На 5-м з’ездзе саветаў Горацкага павета 15 сакавіка Маісееў зрабіў даклад аб контрарэвалюцыйным выступленні ў горадзе Горкі 6 і 7 сакавіка, пералічыў 29 чалавек, якія арганізавалі пераварот у горадзе.

Афіцыйныя крыніцы настойліва падкрэсліваюць, што паўстанне пачалося і завершылася на працягу двух дзён.
Але савецкая ўлада вярнулася ў Горкі толькі ў абозе 1-га коннага Аршанскага атрада, напярэдадні 5-га з’езду. Сам Маісееў 7 сакавіка быў яшчэ ў дарозе. за адну ноч ён фізічна не змог дастацца ў Краснае і вярнуцца ў Горкі з карным аддзелам. Згодна з афіцыйнай гісторыяй камісара Пагодзіна, ён быццам бы вярнуўся ў Горкі 14 сакавіка. Але яго на гэты момант не было ў жывых.
Магчыма, тут простая блытаніна: 14 сакавіка ў горад увайшоў аддзел пад камандаваннем Сцяпанава. З гэтага вынікае, што паўстанцы гаспадарылі ў горадзе амаль паўмесяца.

На момант перадачы справы ў губернскі ваенрэўтрыбунал

арыштаваныя былі толькі чатыры фігуранты падзей — Ждановіч, Кандраценка, Мікалаеў, Вязаў.
Астатнія разбегліся, некаторыя хаваліся за мяжой.

У наступным, 1919-м, у маі, паўстанне ахопіць некалькі дзясяткаў вёсак Горацкага павета. Зноў прамільгне імя Сяргея Вязава.

Сялянскі фронт змагання з саветамі вылучыць новых лідараў — братоў Карпа і Пятра Пруднікавых з вескі Аўсянка, братоў Мікалая і Пракопа Піменавых з Гарадзішча, Данііла Іванова з Ліхачова…
Але гэта наступная гісторыя.

Ніна Стужынская

Наша Ніва / NN.BY – незалежная газета. Яна існуе на ахвяраванні і грошы з продажаў. Таму яна адлюстроўвае інтарэсы беларускага грамадства, а не дзяржавы. Наша Ніва была заснаваная ў 1906, адноўленая ў 1991.
Ахвяраваць грошы на НН праз WebMoney
Ваша імя (неабавязкова):
Сума (WMB):
Анатоль Сідарэвіч напiсаў(ла) 7 сакавiка 2013 у 1:18
Паглядзеў у кнігу Юркі Віцьбіча пра антыбальшавіцкія паўстанні. Там няма асобнага артыкулу пра Горацкае паўстанне. А тут высвятляецца, што іх было два: у горадзе (1918) і ў вёсках (1919). Вось табе і памяркоўныя беларусы. Але, з другога боку, ішоў адмоўны адбор беларусаў: што ні паўстанне, што ні бунт, вынішчаліся самыя пасіянарныя людзі.
Рагачовец напiсаў(ла) 7 сакавiка 2013 у 8:13
Ёсць яшчэ адно вельмі цікавае паўстанне, якое адбылося ў Карме і Рагачове ў лютым-сакавіку 1919. А гэта ўсход Беларусі!!!!!!!!!!!http://www.homoliber.org/ru/xx/xx020115.html
altanka напiсаў(ла) 7 сакавiка 2013 у 10:03
еще раз доказывает антинародную и античеловесескую сущность комммунизма - власть-власть-власть любыми способами, на крови и на слезах
Бенедзікт напiсаў(ла) 7 сакавiка 2013 у 13:42
Было б цікава пагледзець на мапе (калі яна існуе) дзе адбываліся антыбальшавіцкія паўстаньні ў 1918-1921гг. на Беларусі
Ніна Стужынская напiсаў(ла) 7 сакавiка 2013 у 17:12
Пра Кармянскае абавязкова напішу, есць крыніцы, а таксама пра Маляцічскае, Пугляеўскае і інш. Сама здзіўлена іх вялікай колькасцю. Мае рацыю сп. Сідарэвіч, супраціў быў маштабны. Мапу трэба зрабіць, пазначыць месцы і даты падзей. Атрымаецца, думаю, пераканаўча.
askrealp@lesapark напiсаў(ла) 7 сакавiка 2013 у 20:44
Цікава чытаць гісторыю Беларусі. У" правільнай" з прапагандыстскіх заказаў такога не знойдзеш, усе ж далучаліся і ўсё рабілася аднадумцамі і дабраахвотна ў СССР. Лічу, што гэткія публікацыі не толькі цікавы, але і неабходны дзеля ірадыкацыі грамадскай абмежаванасці ў пытаннях фарміравання незалежнага светапогляду да старонак гісторыі cваёй краіны. Дзякуй усім, хто як кажацца, прыклаў пяро да паперы.
вось напiсаў(ла) 7 сакавiка 2013 у 21:03
Прыемна, што міт абвяргаецца. Надта яго цяжка вынесці. Але з гэтага не вынікае, што так рабіла бальшыня. Таму нельга і казаць слова міт.
Niemand напiсаў(ла) 8 сакавiка 2013 у 1:37
Дзякуй за артыкул.
Дадаць каментар (прэмадэрацыя)

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Спам-фільтр: падлічыце, колькі будзе...

не бачу сімвалы
Галоўнае
Дашлі сваю навіну
Усе навіны
Курсы валют
23.11 НБ РБ
USD 10780
EUR 13520
RUB 235
PDF-версія
23
1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
Гарачыя тэмы
© ПУП «Суродзічы». Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (для інтэрнэт-рэсурсаў - гiперспасылкi) на «НН»
Кантакт з Рэдакцыяй: пошта: nn@nn.by; тэлефоны: +375 17 284-73-29 (тэл./факс), +375 29 613-32-32 (Velcom), +375 29 707-73-29 (МТС). Skype: nashaniva
Дызайн сайта ТО «Brama»
www.brama.by
brama.art@gmail.com
Сістэма Orphus RATING ALL.BY