Афіцыйны прадстаўнік «Газпрому» Сяргей Купрыянаў заявіў у інтэрвію Радыё Свабода, што перамовы з беларускім бокам скончыліся посьпехам.

«Сёньня раніцай «Белтрансгаз» зрабіў першы плацёж на значную частку запазычанасьці. Таму «Газпром» прыняў рашэньне ад сёньняшняга дня абмежаваньня паставак ня ўводзіць. Мы чакаем поўнай аплаты ўсіх даўгоў цягам тыдня. І стопрацэнтных плацяжоў за бягучыя пастаўкі».

Якую суму аплаціў беларускі бок, Сяргей Купрыянаў не паведаміў, сказаўшы, што гэта камэрцыйная інфармацыя.

«Калі беларускі бок захоча яе агучыць, тады яна гэта зробіць. Магу толькі сказаць, што гэта значная сума», — дадаў Купрыянаў.

Ён таксама яшчэ раз нагадаў, што ад 1 ліпеня бакі павінны былі перайсьці на 100‑працэнтную аплату, аднак гэтага не адбылося.

«Добра, што мы вярнуліся да нармальнага, рабочага ўзаемадзеяньня. І разьлічваем ,што і надалей будзем выразна працаваць адпаведна з падпісаным кантрактам. Я хачу адзначыць, што мы толькі адклалі ўвядзеньне абмежаваньняў на тыдзень. Таму цягам гэтага тыдня трэба аплаціць суму доўгу, якая засталася. А 23 жніўня трэба правесьці ўсе сто працэнтаў плацяжоў за ліпень. Будзем глядзець, як будзе выконваць «Белтрансгаз» тыя абавязацельствы. Наступная кантрольная дата 10 жніўня,10.00 раніцы. Але ў гэтым выпадку магчымае скарачэньне будзе не такім значным як гэта было б сёньня, бо частка доўгу ўжо аплачана», ‑‑ сказаў Сяргей Купрыянаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?