ІААФ паўторна праверыла пробы ўдзельнікаў чэмпіянату свету-2005, які праходзіў у сталіцы Фінляндыі Хельсінкі. Узоры, узятыя на чэмпіянаце свету-2005, былі перададзеныя на доўгае захоўванне ў акрэдытаваную WADA антыдопінгавую лабараторыю ў Лазане (Швейцарыя). Для паўторнага аналізу былі выкарыстаныя самыя сучасныя аналітычныя метады.

З шырокага дыяпазону пробаў, узятых у лёгкаатлетаў розных краін у многіх дысцыплінах, шэсць апынуліся станоўчымі. Іх уладальнікі: чэмпіёны свету ў кіданні молата Іван Ціхан (Беларусь) і Вольга Кузянкова (Расія), чэмпіёнка свету ў штурханні ядра Надзея Астапчук (Беларусь), сярэбраны прызёр у кіданні молата Вадзім Дзевятоўскі (Беларусь), сярэбраная медалістка ў скачках у даўжыню Таццяна Котава (Расія), а таксама Андрэй Міхневіч (Беларусь), які заняў 5-е месца ў штурханні ядра.

У адпаведнасці з правіламі ІААФ у дачыненні да гэтых атлетаў ініцыяваныя дысцыплінарныя працэдуры. Да іх завяршэння ІААФ не будзе рабіць ніякіх каментароў,
паведамляе афіцыйны сайт Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі.

У той жа час прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі Ламін Дзіак заявіў: «Становіцца ўсё больш ясна, што пастаяннае прасоўванне ў выяўленні допінгу не пакідае ашуканцам шанцаў схавацца. Гэта ператэставанне — самы свежы прыклад рашучасці ІААФ у барацьбе з падманам у лёгкай атлетыцы. Федэрацыя працягне рабіць усё, што ў яе ўлады, каб сістэматычна змагацца з фальсіфікацыямі і гарантаваць выкананне правіл спаборніцтваў».

Нагадаем, што Астапчук была пазбаўлена залатога медаля Гульняў-2012.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?