Адзін з найвышэйшых прадстаўнікоў францускай каталіцкай царквы Жан Мары Люсьціжэ памёр у Парыжы на 81‑м годзе жыцьця.

Аарон Люсьцігер нарадзіўся 17 верасьня 1926 г. у сям’і польскіх габрэяў. Перад Першай сусьветнай вайной сям’я выехала з-пад Катавіцаў у Францыю. Падчас ІІ сусьветнай бацькі Аарона трапілі ў канцэнтрацыйны лягер і зьгінулі ў Асьвенціме. Аарона выратавала тое, што яго ўзяла на выхаваньне каталіцкая сям’я. У юнацтве ён і прыняў каталіцтва.

Жан Мары Люсьціжэ вучыўся ў Сарбоне, але ў 1950‑х стаў сьвятаром і зрабіў сабе бліскучую царкоўную кар’еру.

Люсьціжэ пастаянна крытыкаваў любыя праявы расізму і, у прыватнасьці, свайго цёзку Жана Мары Лё Пэна. У 1981 г. папа рымскі Ян Павал ІІ прызначыў яго арцыбіскупам Парыскім, а ў 1983 г. увёў яго ў сан кардынала. У 2005 г. Люсьціжэ пайшоў на пэнсію.

Жан Мары Люсьціжэ быў добра вядомы і паважаны ў Францыі за сваю грамадзкую дзейнасьць. Ён шмат зрабіў для наладжваньня добрых стасункаў паміж юдаізмам і хрысьціянствам.

Шанаваны ён быў і ў суседняй Польшчы. Два месяцы таму яго ганаравалі ўзнагародай імя Яна Новака‑Езёранскага — за арганізацыю ў 1980‑х дапамогі для «Салідарнасьці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0