Суддзя Савецкага раёна сталіцы Дзмітрый Паўлючэнка прызнаў актывістку грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Валянціну Цюраву вінаватай у правядзенні несанкцыянаванага пікета 8 сакавіка ў Мінску і прыгаварыў да трох сутак арышту.

Валянціна Цюрава была затрыманая міліцыяй 8 сакавіка на Камароўскім рынку Мінска і змешчана ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна. У Дзень жанчын, які ў Беларусі з’яўляецца дзяржаўным святам, актывістка стаяла з плакатам: «Дзе маё свята? Дзе мая свабода?».

Паколькі трое сутак да суда Цюрава правяла ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, прызначанае пакаранне прызнанае пагашаным, а саму актывістку пасля судовага пасяджэння вызвалілі,

паведаміла праваабаронца Анастасія Лойка.

Суд прызнаў актывістку вінаватай у парушэнні часткі 1 артыкула 23.34 КоАП Беларусі (парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання і г.д.).

Адзінай тэндэнцыі па падобных пакараннях у Беларусі няма, яны ўвесь час змяняюцца, — адзначыла Лойка. — Складана прадбачыць, чым скончыцца той ці іншы суд.
У гэтым выпадку лічу, што трое сутак — гэта жорсткі прысуд для дзяўчыны».

Паводле яе слоў, праваабаронцы раяць абскардзіць падобныя рашэнні. Нягледзячы на тое што практыка на сённяшні дзень паказвае, што паўторныя рашэнні суда прымаюцца не на карысць людзей, якія праводзяць падобныя акцыі, ёсць верагоднасць, што «ў будучыні практыка зменіцца». Праваабаронца адзначыла, што ў заканадаўчай і судовай практыцы суседніх краін, напрыклад Расіі, аналагічная сітуацыя не трактавалася б як несанкцыянаваны пікет.

Пра гэта ж у судзе, паводле слоў Лойкі, гаварыла і сама Цюрава. Сваёй віны ў дзеяннях, якія ёй інкрымінуюцца, актывістка не прызнала, паколькі палічыла акцыю не несанкцыянаваным пікетам, а «выказваннем свайго меркавання».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?