З просьбай даць Беларусі крэдыт на 2 млрд долараў беларуская дэлегацыя паедзе ў Санкт-Пецярбург на пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета, якое пройдзе 15 сакавіка.

Як паведамляе штотыднёвік «Белорусы и рынок», беларускі бок ужо падрыхтаваў праект пагаднення аб выдзяленні Расіяй дзяржаўнага крэдыту ў 2 млрд долараў на мадэрнізацыю эканомікі.

Кіраўніцтва Беларусі звяртаецца з просьбай да РФ выдзеліць дзяржкрэдыт з магчымасцю яго пагашэння да 2027 года.
Прычым беларускі бок мае намер пагасіць крэдыт 40 роўнымі долямі, а першы плацеж — ажыццявіць у 2018 годзе.

Звяртаючыся з просьбай да кіраўніцтва РФ аб дзяржкрэдыце, беларускі бок нагадвае пра раней дасягнутыя з расійскім урадам дамоўленасці па рэалізацыі пяці сумесных інтэграцыйных праектаў.

Пра тое, што Расія дасць Беларусі крэдыт на 2 млрд. долараў пад мадэрнізацыю прадпрыемстваў, Аляксандр Лукашэнка паведаміў 21 снежня 2012 года
падчас сустрэчы са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Паводле яго слоў, пра выдзяленне такога крэдыту ішла размова падчас візіту ў Расію, які адбыўся напярэдадні.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?