Піша Паўліна Моргун.
Ці ёсць беларусы нацыяй? Паводле азначэння, нацыя — гэта супольнасць людзей, аб’яднаных супольнай мовай, культурай і адным нацыянальным міфам. Большасць экспертаў адказвае на пастаўленае напачатку пытанне адмоўна, гаворачы, што беларусы — яшчэ няспелая нацыя і нацыятворчыя працэсы ў беларусаў яшчэ не завершаныя.
Патрыёты супраць русацэнтрыстаў
За 20 гадоў незалежнасці ў Беларусі так і не склалася новая нацыянальная ідэалогія, яе падмяняе эксплуатацыя старых савецкіх міфаў пра Айчынную вайну і стабільнасць. Працягваецца змаганне двух ідэалагічных станаў. Першы — лагер беларускіх нацыяналістаў, другі — лагер русацэнтрыстаў (азначэнне Аляксея Ластоўскага).
Патрыятычны лагер лічыць беларусаў нашчадкамі гістарычных ліцвінаў, ВКЛ — беларускай дзяржавай, а беларускую мову разглядае як безумоўную каштоўнасць і нацыянальны код.
Русацэнтрысты займаюць супрацьлеглую пазіцыю. На іх думку, беларусы — гэта галіна рускага народа, часова адарваная ад расійскай дзяржавы. Гісторыя Беларусі непадзельна звязаная з гісторыяй Расіі, а беларуская мова разглядаецца імі як чужы нацыянальны код, інтрыга палякаў.
Гэтыя два лагеры — не проста два клубы інтэлектуалаў, якія спрачаюцца паміж сабою ў віртуальнай прасторы. Гэта вялікія «партыі» са сваімі адкрытымі і сукрытымі прыхільнікамі ў дзяржаўных органах, сілавых структурах і медыях.
Падзел на «ліцвінаў» і «рускіх» першы раз праявіўся яшчэ ў XV ст., калі Свідрыгайла развязаў грамадзянскую вайну за ўладу з Жыгімонтам. Ліцвіны перамаглі ў гэтай вайне, і Жыгімонт выдаў прывілей, які ўраўноўваў у правах каталікоў і праваслаўных, што ўратавала краіну ад развалу.
Падзел на прарускую і патрыятычную партыі ішоў праз усю гісторыю ВКЛ. Згадаем Барскую і Таргавіцкую канфедэрацыі, паўстанцаў Каліноўскага і памагатых Мураўёва, БССР і БНР.
У сучаснай Беларусі размежаванне пачалося адразу пасля распаду СССР. Спачатку патрыёты ўзялі ініцыятыву ў свае рукі і да рэферэндуму 1995 г. вялі рэй у Беларусі. Рэферэндум паказаў, што не ўсе ў Беларусі хочуць незалежнай Беларусі. Але на той час большасць хацела проста назад у СССР, праекту «рускага міру» яшчэ не існавала.
Пасля няўдалага паходу на Крэмль і стабілізацыі беларускай дзяржаўнасці, афіцыйныя беларускія ўлады заявілі, што беларусы — гэта рускія са знакам якасці. Гэта быў адбітак мыслення новых русацэнтрыстаў у Беларусі. Праўда, далей за словы справа не пайшла.
Рэч у тым, што галоўная мэта Лукашэнкі — захаванне сваёй улады, таму для яго і патрыёты, і русацэнтрысты ўяўляюць небяспеку.
Першыя спрыяюць нацыянальнай кансалідацыі беларусаў, ствараюць моцную грамадзянскую супольнасць, што ўяўляе небяспеку для савецкай аўтакратыі.
Калі б заўтра пачалі весці рэй у кіраўніцтве краіны другія, то паслязаўтра ў прэзідэнцкім палацы мог бы сесці
У кіраўніцтве краіны сёння суіснуюць прыхільнікі як патрыётаў, так і русацэнтрыстаў. Дастаткова згадаць стваральніка праграмы «Замкі Беларусі» Латушку і яе крытыка Крыштаповіча.
Якая будучыня?
Але што далей? Як будуць развівацца падзеі? Хто будзе мець большы ўплыў? Цяжка адказаць адназначна. На сёння ні адна з гэтых ідэалогій не знайшла падтрымкі ў большасці грамадства, якое жыве сваімі спажывецкімі інтарэсамі.
Патрыёты — гэта пераважна прыхільнікі інтэграцыі з ЕС. Рускі лагер выступае за інтэграцыю з Расіяй. Пры гэтым асноўны падзел ідзе не паводле мовы, а паводле бачання нацыянальнай гісторыі і будучыні краіны.
На паўночным захадзе краіны дамінуюць патрыёты, на паўднёвым усходзе — русацэнтрысты. Але яўнага геаграфічнага падзелу, у адрозненне ад Украіны, у нас няма. Нярэдка мяжа праходзіць праз сем’і.
У будучыні дзеля захавання Беларусі дзвюм групоўкам трэ’ будзе дамаўляцца. Гэта цяжкі працэс, бо гэтыя дзве палітычныя нацыі маюць розныя ідэалогіі, версіі гісторыі, сімволіку і любяць розныя мовы. Тым не менш, канвергенцыя вельмі імаверная, бо перавагі ад наяўнасці сваёй дзяржавы пераважваюць імперскую настальгію.
Каментары