Расійскі апазіцыйны палітык Барыс Нямцоў далучыўся да кампаніі «Свабода х 2» — акцыі салідарнасці з двума беларускімі палітвязнямі, кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалаем Статкевічам і Змітром Дашкевічам, ініцыяванай польскім дэпутатам Еўрапарламента Маракам Мігальскім.

У сваёй заяве ў падтрымку кампаніі Нямцоў падкрэслівае, што Статкевіч і Дашкевіч «асуджаныя па надуманых абвінавачваннях, утрымоўваюцца ў вельмі цяжкіх умовах, іх змяшчаюць у карцар, аказваюць псіхалагічны націск і спрабуюць зламаць».

Нямцоў перакананы, што Лукашэнка «імкнецца знішчыць сваіх апанентаў».
«Таму вельмі важнай з’яўляецца кампанія „Свабода х 2“, арганізаваная дэпутатам Еўрапарламента Маракам Мігальскім у падтрымку гэтых мужных людзей. Я гатовы ўвайсці ў камітэт падтрымкі Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Дашкевіча і далучаюся да патрабаванняў неадкладна вызваліць усіх беларускіх палітзняволеных», — заяўляе Нямцоў.

Нагадаем, у межах кампаніі створаны сайт 2free.eu, на якім можна знайсці інфармацыю пра становішча Дзмітрыя Дашкевіча і Мікалая Статкевіча, пра дзеянні, якія робіць дэпутат, а таксама пра акцыі, арганізаваныя яго офісам. На сайце размешчана петыцыя да кіраўнікоў дзяржаў — членаў ЕС, каб яны «нястомна нагадвалі пра тых беларускіх вязняў сумлення, якіх пераследуюць, прыгнятаюць і з якімі жорстка абыходзяцца ў калоніях».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?