Выступы на сесіях калегіі кардыналаў у Ватыкане і нефармальныя кансультацыі, якія адбываюцца па-за паседжаннямі, тых, хто возьме ўдзел у выбарах, Тарніелі, які за апошнія гады зрабіў шэраг дакладных прагнозаў, называе «эквівалентам палітычных праймерыз».

Як паведаміў партал Vatican Insider, на яго думку, кардыналы з розных груп спрабуюць зразумець, у каго з кандыдатаў найбольш высокія шанцы атрымаць большасць і стаць моцным кандыдатам ад групы.

«Арцыбіскуп Мілана Анджэла Скола — цвёрды кандыдат на папскі пасад», — падкрэсліў Тарніелі і дадаў, што ўжо ў першым туры Скола набярэ значную колькасць галасоў. Фаварытамі першага тура з той жа групы эксперт называе амерыканскага кардынала Цімаці Долана і канадскага кардынала Марка Уэле.

На яго думку, кардыналы, якія схільныя прагаласаваць за іх, сыходзяцца ў поглядах, таму ў другім туры іх галасы могуць быць аддадзеныя лідару гэтай «тройкі» па выніках першага тура, і хутчэй за ўсё ім акажацца Скола. Да кандыдатаў «другога эшалона» ў гэтай жа групе эксперт адносіць венгерскага кардынала Петэра Эрдэ і амерыканскага кардынала Шона О’Мэлі. Эксперт прызнае, што ў параўнанні з 2005 годам, дзе быў адзін відавочны фаварыт, перад цяперашнім канклавам значна больш няпэўнасці. Разам з тым Тарніелі лічыць, што прынцып галасавання за «свайго» — па нацыянальнай прыкмеце — зараз будзе граць мінімальную ролю, таму што межы паміж рознымі групамі пралягаюць у іншых плоскасцях — іх галасаванне вызначаецца бачаннем будучыні Царквы і ступені ўсведамлення неабходнасці рэформаў Рымскай курыі.

Па словах эксперта, у кожнай з груп «кардыналы шукаюць духоўна глыбокага кандыдата, які ў той жа час у стане кіраваць і весці дыялог».

Групе, меркаваным лідарам якой можа стаць кардынал Скола, на думку Тарніелі, супрацьстаіць іншая, дзе большасць галасоў прадракаюць бразільскаму кардыналу Адыліу Шэрэру, які мае вялікі досвед працы ў Рымскай курыі, а таксама з’яўляецца сябрам назіральнай рады Банка Ватыкана. Кардыналы, якія працуюць у Ватыкане, хутчэй за ўсё будуць галасаваць за яго, адзначае Тарніелі. У «другім эшалоне» гэтай групы — кіраўнік Папскай рады па культуры кардынал Джанфранка Равазі, якому могуць аддаць галасы кардыналы, блізкія да дзяржсакратара Ватыкана Тарчызіа Бертонэ.

Канклаў па выбарах новага Папы Рымскага пачаўся ў аўторак. Як паведамлялася, у суботу на даху сусветна вядомай Сікстынскай капэлы службоўцы пажарнай аховы Ватыкана ўсталявалі медную трубу, белы дым з якой павінен будзе абвясціць свету пра абранне новага Папы Рымскага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?