Надвор’е сёлета ў жнiўнi будзе даволi няўстойлiвым, а сярэдняя месячная тэмпература паветра чакаецца прыкладна на 0,5 градуса вышэй клiматычнай нормы, паведамiў карэспандэнту «Звязды» начальнiк службы гiдраметэаралагiчных прагнозаў Рэспублiканскага гiдраметцэнтра Дзмiтрый Рабаў.

Мiж iншым, сярэднясутачная тэмпература паветра, згодна з клiматычнай нормай, у жнiўнi адпавядае 16—17 градусам. На жаль, паводле падлiкаў сiноптыкаў, сёлета ў жнiўнi не пашкадуе прырода нам добрых ападкаў, якiх чакаецца прыкладна 125—130 працэнтаў ад клiматычнай нормы, якая вагаецца на тэрыторыi краiны ў межах 62—89 мiлiметраў. У другой палове першай дэкады жнiўня працяглыя сур’ёзныя дажджы будуць гаспадарыць амаль паўсюдна на тэрыторыi краiны. Месцамi чакаюцца даволi моцныя лiўнi. Тэмпература паветра ўначы 7—14, удзень 17—24 градусы.

У пачатку другой дэкады апошняга месяца лета чакаецца паляпшэнне надвор’я, калi пацяплее, а дажджы амаль спыняцца. Тэмпература паветра ўначы 9—15, удзень 20—25. Аднак у апошнiя днi другой дэкады зноў чакаюцца дажджы i панiжэнне дзённых тэмператур да 17—23 градусаў. У трэцяй дэкадзе жнiўня нас чакаюць не толькi сонечныя, але i дажджлiвыя днi. Тэмпература паветра ўначы ўжо 6—12 цяпла, а месцамi на тарфянiках Палесся толькi плюс 2—5 градусаў, а ў нiзiнах на глебе нават магчымы невялiкiя замаразкi.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?