Маці пакаранага смерцю за саўдзел у тэрарызме Уладзіслава Кавалёва і праваабаронцы пачынаюць серыю дзеянняў з мэтай дамагчыся ад улад інфармацыі пра месца яго пахавання і выдачы цела.
Пра гэта было заяўлена 13 сакавіка ў Мінску на прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да гадавіны расстрэлу Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава.

Апошняе спатканне Любові Кавалёвай з асуджаным на пакаранне смерцю сынам адбылася ў следчым ізалятары (СІЗА) КДБ 11 сакавіка 2012 года. Маці пакаранага і праваабаронцы лічаць, што Уладзіслаў быў пакараны ў перыяд з 12 па 15 сакавіка. Дакладнай інфармацыі па гэтым пытанні няма.

На прэс-канферэнцыі Любоў Кавалёва падпісала заявы на адрас дэпартамента выканання пакаранняў МУС, КДБ і старшыні Вярхоўнага суда з просьбай паведаміць, які орган выканаў смяротны прысуд у дачыненні да яе сына.

Як выказаў меркаванне праваабаронца Раман Кісляк, гэта можа быць або следчы ізалятар № 1 МУС, дзе звычайна ўтрымліваюцца «смяротнікі», або СІЗА КДБ, у якім знаходзіўся Кавалёў. «Устанаўленне органа, які прывёў у выкананне прысуд, неабходнае, каб разумець, як дзейнічаць далей, ад каго дамагацца адказаў», — сказаў Кісляк.

Наступным дзеяннем, паводле яго слоў, стане патрабаванне аб раскрыцці месца пахавання Кавалёва.

Адказваючы на пытанне, якімі заканадаўчымі актамі маюць намер кіравацца праваабаронцы, каб дамагчыся выдачы цела, калі гэта не прадугледжана беларускім заканадаўствам, Кісляк спаслаўся на рашэнне камітэта па правах чалавека ААН па справе Кавалёва. У ім, са спасылкай на міжнародныя нормы, адзначаецца: утойванне падобнай інфармацыі ад сваякоў пакараных з’яўляецца «нечалавечым абыходжаннем».

Кісляк таксама заявіў, што праваабаронцы маюць намер дамагацца выключэння з заканадаўства Беларусі нормы, паводле якой цела пакаранага смерцю не выдаецца сваякам.

Як паведаміла журналістам Любоў Кавалёва, яна атрымала адказ на наглядную скаргу з Вярхоўнага суда, якую адвакат Станіслаў Абразей падаваў яшчэ ў верасні 2012 года. Адказ за подпісам старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы нядаўна знойдзены ў юрыдычнай кансультацыі № 2 Ленінскага раёна Мінска, у якой працуе Абразей. Высветлілася, што ён быў складзены яшчэ ў лістападзе 2012 года.

«Вярхоўны суд у асобе Сукалы не знайшоў ніякіх парушэнняў норм Крымінальна-працэсуальнага кодэкса. У ім значыцца, што Уладу было дадзена дастаткова часу для абароны», — расказала маці пакаранага.

Праваабаронца Павел Левінаў дадаў: калі наглядная скарга была складзеная на 23 старонках, то адказ заняў менш як 12 старонак. «Гэта чарговы плявок на адрас грамадзянскай супольнасці», — падкрэсліў Левінаў.

Што да сям’і другога пакаранага па справе аб тэрарызме, Дзмітрыя Канавалава, то, паводле слоў Левінава, яна па-ранейшаму пазбягае якіх-небудзь кантактаў.

Як адзначыў віцебскі праваабаронца, адразу пасля тэракту ў мінскім метро, а таксама падчас суда і некаторы час пасля яго сям’я Канавалава знаходзілася пад аховай, і выйсці на кантакт з імі было практычна немагчыма. «Можна меркаваць, на сям’ю быў аказаны велізарны націск. Цяпер ахова знятая, але сям’я ні на якія кантакты ні з журналістамі, ні з праваабаронцамі, ні нават Любоўю Кавалёвай, якая жыве ў суседнім доме, не ідзе. Яны стараюцца, нават калі бачаць яе, перайсці на іншы бок, каб раптам не адбылася нейкая гутарка. Я ведаю, што аднойчы Любоў Кавалёва перагаварыла з мамай Дзімы Канавалава, і тая паабяцала пагаварыць, але сказала, што павінна параіцца з мужам. Але пасля гэтай парады ўсё зноў было абгароджана жалезнай заслонай», — расказаў Левінаў.

Нагадаем, у выніку выбуху на станцыі метро «Кастрычніцкая» ў Мінску 11 красавіка 2011 года загінулі 15 чалавек, 315 — пацярпелі. Ва ўчыненні тэракту быў абвінавачаны Дзмітрый Канавалаў, Уладзіслава Кавалёва прызналі яго саўдзельнікам. Абодва былі жыхарамі Віцебска. 30 лістапада 2011 года Вярхоўны суд прыгаварыў маладых людзей да вышэйшай меры пакарання. Канавалаў прызнаў сваю віну ў судзе і па памілаванне да прэзідэнта не звяртаўся, Кавалёў такое прашэнне падаў.

14 сакавіка 2012 года стала вядома, што ў памілаванні Кавалёву і Канавалаву адмоўлена.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?