Кіраўнікі мытнага і пагранічнага камітэтаў Беларусі абмеркавалі пытанні спрашчэння кантролю ў пунктах пропуску і ўкаранення прынцыпу «адно спыненне».
Як паведамілі БЕЛТА у прэс‑службе Дзяржаўнага мытнага камітэта, Аляксандр Шпілеўскі і Ігар Рачкоўскі наведалі міжнародныя пункты пропуску «Новая Рудня» і «Новая Гута», размешчаныя на беларуска‑ўкраінскай граніцы. Галоўнай мэтай сустрэчы старшыняў Дзяржаўнага мытнага камітэта і Дзяржаўнага камітэта пагранічных войскаў стала ацэнка якасці работы беларускіх мытнікаў і пагранічнікаў, эфектыўнасць тэхналогій правядзення мытнага кантролю і афармлення ў гарачы перыяд водпускаў.
Удзельнікі сустрэчы адзначылі, што адным з этапаў укаранення прынцыпу «адно спыненне» з’яўляецца кантроль у адносінах да асоб, якія едуць як пасажыры. Ён павінен ажыццяўляцца без высадкі з транспартнага сродку.
Акрамя таго, былі разгледжаны пытанні далейшага развіцця інфраструктуры пунктаў пропуску, стварэння належных умоў для перамяшчэння праз граніцу пасажыраў, тавараў і транспартных сродкаў.