Знаны гісторык Віталь Скалабан 5 жніўня адсьвяткаваў 60-годзьдзе.
Адзін з найлепшых знаўцаў гісторыі Беларусі ХХ стагодзьдзя нарадзіўся ў 1947 годзе ў вёсцы Шылавічы Слонімскага раёну. Ён скончыў у 1970 годзе Ленінградзкі ўнівэрсытэт. Працу пачаў у выдавецтве «Беларуская энцыкляпэдыя».
Схаваўшыся ў Нацыянальным архіве ад зьменлівасьцяў часу, гісторык Скалабан капае і капае мінуўшчыну беларускай культуры. Яго адрозьнівае талент рабіць адкрыцьці ў тых справах, якія ўсім здаваліся зьведанымі і прадказальнымі.
Доўнар-Запольскі, Улашчык, Купала, Гарэцкі, Ігнатоўскі, Платонаў, КПБ — гэта толькі асобныя з аб’ектаў зацікаўленасьці гісторыка Скалабана.
Ацэнка маштабу ўнёску, зробленага сп. Скалабанам у беларускую культуру, у інтэлектуальную гісторыю краіны, яшчэ чакае свайго часу.