У Акадэміі кіраваньня прамовы прэзыдэнта ўключылі ў экзамэнацыйныя пытаньні для паступаючых. Камэнтуе Сяргей Богдан.

Айчынная паліталёгія вяртаецца да савецкіх часоў. Ідэалягічныя пытаньні займаюць усё большае месца ў навучальных праграмах па прадмеце. Некалі савецкія грамадазнаўцы вывучалі па працах генэральных сакратароў пытаньні навуковага камунізму. Сёньня ў дзяржаўнай кузьні кадраў — Акадэміі кіраваньня — прапануюць, вывучаць выступы прэзыдэнта.

Хай людзі ўбачаць вашымі вачыма
Дасылайце на [email protected] вашы фатаздымкі. Зьмяшчайце народныя навіны. Паведамляйце пра пільныя здарэньні на тэлефоны
(029) 707-73-29,
(029) 613-32-32,
(017) 284-73-29
Хай людзі вас пачуюць!

Вось прыклады экзамэнацыйных пытаньняў з «Справочного пособия для поступающих в аспирантуру» (Аўт.‑склад. В.Н.Крыўцоў, Л.Ф.Мядзьведзева. — Менск: Акадэмія кіраваньня пры презыдэнту Рэспублікі Беларусь, 2006. — 96 с.). Адкрыем сьпіс для спэцыяльнасьці 23.00.01 «Тэорыя палітыкі, гісторыя і мэтадалёгія палітычнае навукі» (с. 70‑72):

Пытаньне №28 — «Недзяржаўныя інстытуты ў палітычнай сыстэме. Выступ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі на пятым зьезьдзе Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі 20.09.2005».

Пытаньне № 32 — «Грамадзкія аб’яднаньні і рухі. Выступ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь на 39‑м зьезьде БРСМ 23.09.2005»

Пытаньне № 58 — «Месца Рэспублікі Беларусь у зьменлівай палітычнай структуры сьвету. Выступ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі на 60‑й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН 15.09.2005»

Пытаньне № 60. — «Пасланьне прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь (2006)»

Ведаць прэзыдэнцкую мудрасьць павінны і будучыя асьпіранты іншых спэцыяльнасьцяў, што маюць нейкае дачыненьне да паліталёгіі, а ў экзамэнацыйных пытаньнях для іх прысутнічаюць гэтыя самыя ці падобныя пытаньні. У сьпісах літаратуры да пытаньняў таксама поўна ідэалягічных крыніцаў. Цікава, праўда, што ў экзамэнацыйных пытаньнях згадваюцца толькі чатыры згаданыя прамовы.

Відаць, яны, на думку ўкладальнікаў, носяць унівэрсальны і вечны характар. Паводле выступу прэзыдэнта на Генасамблеі ААН, трэба разглядаць ня толькі месца Беларусі ў сьвеце, але і выкарыстоўваць для разгляду такіх, напрыклад, пытаньняў, як «Проблемы глобализации и различные аспекты этого процесса», а таксама «Глобальные проблемы современности. Сущность и критерии выделения» (у абодвух выпадках другая частка пытаньня — гэта згаданы выступ).

Сыстэматычнасьці вывучэньне творчасьці прэзыдэнта ня мае — выкарыстоўваюцца толькі чатыры выступы, дый тое тры зь іх падазрона блізкія па часе адзін да аднаго.

Небясьпечна тое, што такія экзамэнацыйныя пытаньні ўвогуле аказалася магчымым скласьці, зацьвердзіць і выкарыстоўваць. І справа ня ў нашым стаўленьні да прэзыдэнта, але ў НАВУЦЫ.

Выступы прэзыдэнта, пры ўсёй павазе, ня могуць быць заменай навуковых працаў па паліталёгіі. Інакш кажучы, мы зноў бачым наступствы захаваньня савецкай сыстэмы адукацыі і навукі, таталітарнай і каньюнктурнай па сваёй сутнасьці.

Ніводзін сумленны навуковец не дазволіць сабе дапасоўваць сваю акадэмічную дзейнасьць да неакадэмічных мэтаў — абы дагадзіць некаму. Калі ў краіне зьяўляюцца гатовыя да таго людзі, гэта азначае пачатак заняпаду навукі ў гэтай дзяржаве. А ўрэшце і самой дзяржавы. Калі штукарствы магчымыя ў паліталёгіі, значыць, яны могуць мець месца і ў іншых навуках. І там страты, як мы ўжо ведаем з савецкіх часоў, можа быць куды большымі — сьмерцяносныя сьвінакомплексы, выбухованебясьпечныя АЭС.

Такое стаўленьне да навукі выракае на правал мадэрнізацыйныя намаганьні рэжыму, бо мадэрнізацыя — гэта прынамсі рацыянальнасьць і навука. Не вывучэньне прамоваў і цытатаў правадыроў. Парк высокіх тэхналёгіяў не збудуеш на цытатніках.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?