На Ўкраіне пачалася перадвыбарчая кампанія (мы зусім забыліся са сваімі газавымі жарсьцямі: там жа ў іх у верасьні датэрміновыя выбары ў Раду:). Канешне, шмат бутафорыі. Але факт тое, што ёсьць рэальны палітычны плюралізм, разгортваецца сапраўдная барацьба за ўладу. Беларусь ня ведае гэтага ўжо 13 гадоў.

Што да бутафорыі, вось, можаце пачытаць даволі зьелівыя справаздачы пра зьезды партыяў Юліі Цімашэнкі ды Віктара Януковіча.

А цяпер пра рэчы сур'ёзныя. На ўкраінскім полі зноў спрабуе згуляць Расея. На зьезьдзе Партыі рэгіёнаў не выпадкова прысутнічалі маскоўскія эмісары кшталту Затуліна. Прыхільнікі Януковіча прынялі мэмарандум аб узаемадзеяньні з "Адзінай Расеяй" і ўвогуле прарасейскую паводле фразэалёгіі перадвыбарчую праграму. Дастаткова сказаць, што адной з мэтаў абвешчана наданьне расейскай мове статусу другой дзяржаўнай на Ўкраіне. Лёзунг: "Дзьве мовы — адзін народ".

Беларусь праз аналягічную лінгвістычную апэрацыю прайшла ў мінулым дзесяцігодзьдзі. Ноў комэнт.

Натуральна, аранжавыя ў абліччы Юліі Цімашэнкі адразу далі адлуп: "Якщо хтось хоче двомовності, давайте їм порадимо для початку вивчити українську, а потім говорити про це". За што памянёны Затулін у этэры "Рэха Масквы" дастаткова бесцырымонна закінуў Цімашэнцы распальваньне антырасейскіх настрояў. Мусіць, яму цяжка дапусьціць (ці проста ўявіць), што можа быць проста абарона мовы тытульнай нацыі.

Тым часам асобныя палітолягі ўжо сталі сватаць Януковіча ў якасьці новага фаварыта Масквы замест Лукашэнкі. Гэта можа хіба што пасыпаць солі на раны каму-кольвек у Менску. Насамрэч рымэйк братняй інтэграцыі ў варыянце Масква — Кіеў нерэальны. Крэмль ужо нікому ня дасьць таннага газу: годзе, навучаныя! А гулі дзеля гуляў нікому з украінскіх палітыкаў, уключна зь Януковічам, непатрэбныя. Пэўныя колы ў Маскве, мусіць, усё ж мала чаму вучацца і па-ранейшаму перавялічваюць прарасейскасьць цяперашняга ўкраінскага прэм'ера, пры тым што ён проста скарыстоўвае чыньнік маскоўскай падтрымкі ў сваіх электаральных інтарэсах.

Між іншым, лёзунг "Дзьве мовы — адзін народ" добра патыхае нафталінам. Яго Януковіч абвяшчаў яшчэ ў 2005 годзе. Але стаўшы прэм'ерам, зьмяніў тон і стаў казаць, што расейскую культуру ў іх ніхто не прыціскае. Любы цьвярозы палітык на Ўкраіне выдатна разумее, што дурным крокам можа ўзарваць у грамадзтве такую лінгвістычную бомбу, што мала ня здасца.

У Беларусі ж апэрацыя "Дзьвюхмоўе" ад пачатку ладзілася пры значна слабейшых пазыцыях мовы тытульнай нацыі, чым як гэта выглядае зараз у нашых паўдзённых суседзяў (вось тут, дарэчы, такая-сякая ўкраінская сацыялёгія на гэты конт). Ну а за апошнія 12 гадоў беларускую мову і ўвогуле, лічы, выбілі з найважнейшых сфэраў. Нікому нават не падаецца фантасмагорыяй, што цяперашняя афіцыйная незалежніцкая рыторыка, крута замяшаная на закідах у бок Крамля ды "тлустых катоў" з "Газпрому", гучыць менавіта на мове той самай "энэргетычнай імпэрыі", якая абвінавачваецца ў намеры прыватызаваць усю нашу краіну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?