Сёння ў Беларусі адзначаюць дзяржаўнае свята — Дзень Канстытуцыі.

Дзевятнаццаць гадоў таму, 15 сакавіка 1994 года, Вярхоўны Савет Беларусі прыняў Канстытуцыю, якая ўвяла ў краіне прэзідэнцкую форму праўлення. Летам таго ж года прайшлі першыя ў гісторыі краіны выбары прэзідэнта, перамогу на якіх атрымаў Аляксандр Лукашэнка.

На рэспубліканскім рэферэндуме 24 лістапада 1996 года, праведзеным з ініцыявы Лукашэнкі, у асноўны закон былі ўнесены змяненні і дапаўненні,
у адпаведнасці з якім адлік пяцігадовага тэрміну прэзідэнцтва Лукашэнкі пачаўся нанава, а Вярхоўны Савет быў пераўтвораны ў двухпалатны парламент — Нацыянальны сход.

Прэзідэнт атрымаў права прызначаць шэсць суддзяў Канстытуцыйнага суда і членаў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.

Былі таксама ўнесены змены, што тычыліся паўнамоцтваў Канстытуцыйнага суда: абмежавана кола суб’ектаў, якія маюць права ініцыяваць прыняцце судом заключэння. Такім правам валодаюць прэзідэнт, урад, палаты парламента, Вярхоўны суд і Вышэйшы гаспадарчы суд. Пры гэтым Канстытуцыйны суд быў пазбаўлены магчымасці прымаць заключэнні з ўласнай ініцыятывы.

17 кастрычніка 2004 года ў Беларусі прайшоў яшчэ адзін рэферэндум, паводле вынікаў якога з Канстытуцыі было выключана палажэнне, што абмяжоўвала знаходжанне на пасадзе прэзідэнта двума тэрмінамі.

Прадстаўнікі апазіцыі лічаць, што ўсе гэтыя змены ў асноўны закон былі ініцыяваны Лукашэнкам з адной мэтай — устанавіць у краіне аднаасобную ўладу.

«У 1996 годзе адбыўся фактычна дзяржаўны пераварот з боку арганізатараў рэферэндуму, — перакананы суддзя першага складу Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў. — Большасцю галасоў Канстытуцыйны суд сказаў, што выносіць на абавязковы рэферэндум пытанні аб змене Канстытуцыі, фактычна новую Канстытуцыю, недапушчальна, што магчымы толькі рэкамендацыйны характар галасавання. Тым не менш Лукашэнка з гэтым не пагадзіўся і выдаў свой указ, загадаўшы правесці абавязковы рэферэндум».

У сваю чаргу лідар кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, лічыць, што кіраўнік дзяржавы не павінен мець празмерных паўнамоцтваў.
«Я памятаю заявы Лукашэнкі, што дадатковыя паўнамоцтвы прэзідэнта яму патрэбны толькі на час нестабільнасці, складанага эканамічнага становішча. Але ён пастаянна заяўляе, што наша краіна стабільная, як ніякая іншая. Значыць, неабходнасць у канстытуцыйных зменах, якія былі зроблены на рэферэндуме, ужо знікла», — сказаў апазіцыйны палітык.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?