15.03.2013 / 22:23

Шторм: выезды з Мінска заблакаваны, аварыі, заторы на трасах - анлайн, фоты

абнаўляецца

Фота Аляксандра Зайцава.

Магілёўская шаша ад станцыі метро "Магілёўская" ў бок Шабаноў. Фота tut.by.

"Малінаўка-8" і МКАД. Фота tut.by.

"Вул. Сухараўская стала, тралейбусы не могуць выехаць на горку каля ўніверсама "Максімус". Транспарт рухаецца надзвычай павольна ці ўвогуле стаіць". Фота tut.by.

Магілёўская шаша ад станцыі метро "Магілёўская" ў бок Шабаноў. Фота tut.by.

Плошча Незалежнасці. Фота tut.by.

Серабранка, праспект Ракасоўскага. Фота tut.by.

На вуліцы Казлова, фота Сямёна Печанко

Сухарава. Фота tut.by.

Сухарава. Фота tut.by.

Маштабная аварыя на М4 (17.58). Фота tut.by.

Аварыя каля Батанічнага сада, фота Радыё Свабода

У Гомелі дождж

Фуру занесла каля Кургана Славы, фота Сяргея Гудзіліна.

Лабавое сутыкненне каля 23-й гімназіі ў Мінску. Фота Сямёна Печанко.

Стыхія ў Брэсце, фота «Вечерний Брест»

Стыхія ў Брэсце, фота «Вечерний Брест»

Перакрыжаванне праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова, фота Сямёна Печанко

Перакрыжаванне праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова, фота Сямёна Печанко

Стыхія, пра якую ўчора папярэджвалі сіноптыкі, дабралася раніцай 15 сакавіка да Беларусі. Снегапады прыйшлі з поўдня краіны, першымі прынынялі на сябе ўдар стыхіі Брэсцкая і Гомельская вобласці. Потым непагадзь дайшла да Мінска — у сталіцы апоўдні пачалася моцная завіруха, якая паступова мацнее.

Паводле сіноптыкаў, парывы ветру ў сталіцы дасягаюць 15 м/с, бачнасць з-за снегу не перавышае 500 м. Прыкметна пагоршылася надвор’е ў раёне Нацыянальнага аэрапорта «Мінск». Тут бачнасць не больш за 700 м.

Адбылося некалькі аварый: у прыватнасці, адбылося лабавое сутыкненне каля гімназіі № 23 на Плошчы Якуба Коласа, каля Батанічнага сада, ля Кургана Славы.

У цэнтры Брэста з-за непагадзі ўпала дрэва. Пацярпелых няма, разбурана лаўка.

А вось у Гомелі і Мазыры ідзе дождж. Затое ў Салігорску і Пінску моцная завіруха.

***

13:10

У сувязі са складанымі ўмовамі надвор’я сталічная Дзяржаўтаінспекцыя часова абмежавала хуткасць на МКАД. На асобных участках хуткасны рэжым зніжаны да 60 км/г.
У прыватнасці, ад вуліцы Гінтаўта да праспекта Незалежнасці, ад Даўгінаўскага тракту да праспекта Пераможцаў, ад вуліцы Чыжэўскіх да вуліцы Машынабудаўнікоў.

Дарожныя знакі, якія паказваюць хуткасць не больш за 90 км/г на час складаных метэаўмоваў будуць зачахляць. ДАІ рэкамендуе кіроўцам захоўваць хуткасны рэжым, бяспечную дыстанцыю і па магчымасці адмовіцца ад далёкіх паездак, паведамляе БелаПАН.

***

13:19

У Магілёўскай вобласці з-за снежнай стыхіі абясточана 47 населеных пунктаў. Пра гэта БелТА паведаміў начальнік цэнтральнай дыспетчарскай службы РУП «Магілёўэнерга» Дзмітрый Вішаваты.

Па яго словах, сем ліній электраперадачы абясточаныя ў Быхаўскім, Бабруйскім, Асіповіцкім, Краснапольскім, Чэрыкаўскім і Слаўгарадскім раёнах. На гэтыя ўчасткі накіраваны спецыялізаваныя аварыйныя брыгады.

***

13:25

Складаныя ўмовы надвор’я захаваюцца і ў суботу.

Ноччу і раніцай на большай частцы тэрыторыі, а днём па ўсходняй палове краіны працягне ісці снег, чакаецца завіруха, на дарогах будуць снежныя заносы.

Уначы па паўночным усходзе краіны пройдзе моцны снег. На дарогах месцамі захаваецца галалёдзіца. Вецер будзе паўночна-заходні 6–11 метраў у секунду з парывамі да 15–20 метраў у секунду, ноччу месцамі хуткасць ветру будзе дасягаць 21–24 метраў у секунду.

Тэмпература паветра ўначы складзе 3–9 градусаў марозу, па заходняй палове чакаецца да 10–14 градусаў са знакам мінус. Днём прагназуецца ад 1 да 7 градусаў ніжэй за нуль, паведамляе БелТА.

***

13:35

У Брагіне і Хойніках за мінулыя суткі выпала месячная норма ападкаў у выглядзе мокрага снегу з дажджом, паведамілі ў Гомельскім абласным цэнтры па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя (Гомельаблгідрамет).

На тэрыторыі Гомельскай вобласці адзначаюцца моцныя дажджы і плюсавая тэмпература. У сярэднім па рэгіёне за суткі выпала ад 13 да 23 мм ападкаў, што складае ад паўтары да дзвюх дэкадных нормаў. Пры гэтым у Брагіне і Хойніках зарэгістраваныя максімумы — каля 25 мм, або месячная норма ападкаў.

У бліжэйшыя дні на тэрыторыі рэгіёну чакаецца пагаршэнне ўмоваў надвор’я.

Ноччу на Гомельшчыне прагназуецца паніжэнне тэмпературы паветра да мінусавых значэнняў, што ўскладніць сітуацыю на дарогах. Вецер узмоцніцца да 15–20 метраў у секунду, ноччу па Гомелі — да 23 метраў у секунду.

***

13:55

Onliner паведамляе, што перакрыта дарога на Дзяржынск. Каля Фаніпаля сутыкнулася некалькі аўтамабіляў.

Стыхія ў Мінску яшчэ больш узмацнілася.

***

14:35

Нацыянальны аэрапорт "Мінск" закрыты да 16:30, паведамляе Інітэрфакс. Затрыманы шэраг авіярэйсаў.

Затрымліваецца рэйс кампаніі Austrian Airlines (OS-687/B2-687) з Вены і рэйс кампаніі LOT (LO-705 / B2-705) з Варшавы. Затрымаўся таксама рэйс кампаніі Lufthansa (LH-1486) з Франкфурта ў Мінск.

Затрыманыя былі таксама тры авіярэйсы з Масквы. Рэйс UT-835 кампаніі Utair Aviation, які павінен быў прыбыць у Мінск у 13.00, затрымаўся не па віне беларускага боку.

Быў затрыманы рэйс B2-984, які павінен быць вылецець з Масквы ў 10.15. З расійскай сталіцы ён вылецеў на гадзіну пазней і прыбыў у Мінск. Таксама быў затрыманы рэйс B2-958/S7-4435. Гэты самалёт павінен быў прыляцець у 12.40 у Менск, але борт прызямліўся ў Гомелі. Іншыя падрабязнасці пакуль не паведамляюцца.

***

15:04

Каля 20 машын сутыкнуліся на аўтадарозе Мінск — Дзяржынск, ёсць пацярпелыя.

Сур’ёзнае ДТЗ адбылося ў Дзяржынскім раёне на 32-м км аўтадарогі Р1 (Мінск — Дзяржынск). «Прычынай ДТЗ паслужыла неасцярожнасць кіроўцаў і няправільны выбар хуткасці транспартных сродкаў у цяжкіх умовах надвор’я. Утварыўся затор. На месцы здарэння працуе ДАІ, ухіляюцца наступствы ДТЗ», — адзначылі ў Дзяржаўтаінспекцыі.

Становішча на дарогах значна ўскладняе моцны снегапад і завіруха, выкліканыя цыклонам «Хавер».

Паводле аператыўных звестак, у гэтую хвіліну толькі каля Мінска зарэгістравана і афармляецца больш за дзесяць дарожна-транспартных здарэнняў.
Складаныя ўмовы надвор’я захаваюцца і ў бліжэйшыя выходныя.
ДАІ Мінскай вобласці настойліва рэкамендуе аўтаўладальнікам, асабліва сёння, напярэдадні выходных, адкласці запланаваныя паездкі і не падвяргаць сваё жыццё і жыццё блізкіх небяспецы.

15:14

З-за аварыі з фурай закрыты з'езд з МКАД у бок горада Дзяржынска.

Дзяржаўтаінспекцыя прапануе кіроўцам аб'язджаць гэты ўчастак, і выкарыстоўваць для выезду з горада Слуцкі кірунак (выезд па вуліцы Кіжаватава ў бок Р53 (Мінск -- Мікашэвічы).

Таксама маштабнае ДТЗ на трасе Мінск -- Магілёў каля Смілавічаў Чэрвенскага раёна, на 92-м км трасы Мінск -- Мікашэвічы, на трасе Мінск -- Гомель каля Дукоры, на трасе Мінск -- Нацыянальны аэрапорт.

***

16:17

Бацькам школьнікаў Магілёўскай вобласці ў суботу, 16 сакавіка, з-за кепскага надвор'я лепш пакінуць дзяцей дома. Школам рэгіёну ўпраўленнем адукацыі рэкамендавана адмяніць 16-17 сакавіка ўсе экскурсійныя паездкі навучэнцаў, а таксама разгледзець мэтазгоднасць арганізацыі падвозу дзяцей для ўдзелу ў мерапрыемствах шостага навучальнага дня.

«Гэта не значыць, што школы Магілёўскай вобласці будуць у суботу зачыненыя, - адзначылі спецыялісты. - Калі бацькі захочуць, каб дзеці наведалі заняткі, праблем не ўзнікне. Пры неабходнасці транспарт даставіць дзяцей з аддаленых населеных пунктаў ва ўстановы адукацыі».

У мэтах недапушчэння надзвычайных сітуацый і хуткага рэагавання на магчымыя наступствы, звязаныя з разгулу стыхіі, у школах арганізуюць кругласутачнае дзяжурства. Персанал будзе задзейнічаны на расчыстцы прылеглых да ўстаноў адукацыі тэрыторый.

Каля Бабруйска ўтварыўся 40-кіламетровы затор

ФК «Гомель» затрымаўся ў маштабным заторы па дарозе ў Мінск, дзе ў суботу ў футбольным манежы павінен прайсці матч 1/4 фіналу Кубка Беларусі.

Клубны аўтобус «Гомеля» вымушана спыніўся недалёка ад Бабруйска, дзе ўтварыўся затор даўжынёй у сорак кіламетраў. У пачатку затору адбылося дарожна-транспартнае здарэнне,
таму працягнуць рух у бліжэйшы час будзе праблематычна.

Нагадаем, што заўтра ў 13.00 футбольным манежы павінен прайсці матч 1/4 фіналу Кубка Беларусі паміж «Мінскам» і «Гомелем». Аднак правядзенне матчу, па ўсёй бачнасці, знаходзіцца пад пагрозай.

З-за непагадзі ўжо перанесены час і месца кубкавага матчу між «Белшынай» і «Тарпеда-БелАЗам», а таксама адменены практычна ўсе сустрэчы 21-га тура чэмпіянату Беларусі па міні-футболе.

***

Снегапады зменяцца рэзкім пахаладаннем: у панядзелак месцамі да мінус 27 градусаў

У нядзелю, 17 сакавіка, снегапады спыняцца. Толькі па ўсходзе краіны пройдзе кароткачасовы снег. Дарогі месцамі будуць слізкімі. Вецер паўночны ўмераны, па ўсходзе парывісты. Тэмпература паветра: мінімальная ноччу -8 .. -14°С, па паўночным захадзе -15 .. -20°С, максімальная днём -2 .. -8°С, па паўночным усходзе да -10°С.

У панядзелак, 18 сакавіка, будзе без істотных ападкаў, толькі ў паўночна-ўсходніх раёнах не выключаны невялікі кароткачасовы снег. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўночны з пераходам на паўднёва-заходні ўмераны, днём па паўднёвым захадзе парывісты.

Тэмпература паветра: мінімальна ноччу -14 .. -20°С, месцамі -21 .. -27°С, максімальная днём -2 .. -8°С, па паўночным усходзе да -10°С.

***

17:06

Мінск стаў: закрытыя ўсе выезды з горада, рух на асноўных гарадскіх магістралях паралізаваны

Чытачы паведамляюць, што праехаць па Мінску, а таксама выехаць з горада або заехаць у яго немагчыма.

Стаяць ўсе напрамкі на выезд з горада:
з-за маштабных аварый на трасе М4 (Мінск -- Магілёў) супрацоўнікі ДАІ закрылі Партызанскі праспект у раёне станцыі метро "Магілёўская". Затор у гэтым кірунку расцягнулася ад плошчы Ванеева да пасёлка Сосны.

Практычна цалкам стаіць праспект Незалежнасці ў абодвух напрамках.

Вельмі складаная сітуацыя на выездзе з горада ў бок трасы М2 (Мінск - Нацыянальны аэрапорт Мінск) у раёне Уручча - рух цалкам паралізаваны. Траса М2 стаіць у абодва бакі.

Карыстальнікі паведамляюць, што маскоўская траса ў бок Мінска стаіць ад Кургана Славы - супрацоўнікі ДАІ вяртаюць кіроўцаў, прапаноўваючы ім шукаць іншыя шляхі ўезду ў сталіцу.

17:19

У сувязі са складанымі ўмовамі надвор’я на адной з самых аварыйных у краіне аўтадарог Мінск — Мікашэвічы на тэрыторыі Слуцкага раёна арганізаваны пункты абагравання.

Як паведаміў начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Мінскага аблвыканкама Аляксандр Данільчанка, такія пункты створаны ва ўсіх дамах культуры ўздоўж трасы.

Сюды можа звярнуцца любы кіроўца, каб абагрэцца, бясплатна атрымаць гарачы чай і дапамогу.

Пункты дапамогі арганізаваны па ініцыятыве міліцыі.

***

Усе мерапрыемствы ў школах адмяняюцца 16 сакавіка

Міністэрства адукацыі накіравала ва ўсе рэгіёны Беларусі тэлефанаграму аб адмене мерапрыемстваў, звязаных з удзелам дзяцей, 16 сакавіка.

Аб гэтым расказала прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Юлія Ваніна.

«У сувязі з пагаршэннем умоў надвор'я установам адукацыі рэкамендуецца адмяніць усе мерапрыемствы і заняткі, экскурсійныя паездкі навучэнцаў, якія планавалася праводзіць у суботу, 16 сакавіка», - адзначыла прэс-сакратар.

16 сакавіка ў Беларусі, паводле прагнозаў сіноптыкаў, працягнецца ўплыў цыклона. У мэтах недапушчэння надзвычайных сітуацый і хуткага рэагавання на магчымыя наступствы, звязаныя з разгулу стыхіі, у школах будзе арганізавана кругласутачнае дзяжурства.

Персанал будзе задзейнічаны на расчыстцы прылеглых да ўстаноў адукацыі тэрыторый.

17:30

У Беларусі з-за складаных умоў надвор’я па стане на 17.30 зафіксавана адключэнне электрычнасці ў 530 населеных пунктах, у 114 з іх электразабеспячэнне адноўлена.
Сітуацыя за апошнія гадзіны ўскладнілася, паведаміў начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення дзяржаўнага вытворчага аб’яднання «Белэнерга» Вячаслаў Крываротаў.

Найбольш складаная сітуацыя па-ранейшаму ў Мінскай вобласці.

17:33

Піша чытач з Пінску: "Толькі што пешшу праз увесь Пінск.. Гэта - жах. Аўтобусы стаяць складзеныя амаль папярок вуліц. І снегаачышчальнікі таксама застраглі... Апошнія метры - амаль паўзком... Кажуць, што таксама фура на мосце перакулілася і перакрыла рух. З працы адпусцілі ў тры гадзіны ўвесь горад. Мяце - і цяпер..."

18:10

Нацыянальны аэрапорт Мінск зачынены да 21.00. Самалёты накіроўваюцца ў іншыя аэрапорты, у тым ліку ў Гомель і Кіеў. Адмененыя ўжо 26 рэйсаў.

18:20

Снежны буран у Мінску наклаўся на гадзіну пік. Машынамі праехаць цяжка, таму метро не дае рады колькасці пасажыраў. Як паведамляюць карэспандэнты NN.BY, станцыі метро «Кастрычніцкая» і «Купалаўская» працуюць са збоямі. Каля 18.10 сталі эскалатары, перасталі спыняцца цягнікі на «Кастрычніцкай». Пасажыраў па гучнай сувязі папрасілі выходзіць са станцый, уваход на станцыі абмежавалі. Людзі падымаліся з «Кастрычніцкай» па прыступках эскалатараў і тунэлю, які вядзе на «Купалаўскую». У тэнэлі на нейкі час утварылася чарга. У цісканіне палохаліся і плакалі малыя дзеці.

Пасажыры змушаныя былі ісці да бліжэйшых станцый метро ў патрэбным ім кірунку.

Каля 18.30 па гучнай сувязі на «Кастрычніцкай» паведамілі, што рух на Аўтазаводскай лініі аднаўляецца.

18:37

У сувязі са складанымі ўмовамі надвор’я на адной з самых аварыйных у краіне аўтадарог Мінск — Мікашэвічы на тэрыторыі Слуцкага раёна арганізаваны пункты абагравання.

Як паведаміў начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Мінскага аблвыканкама Аляксандр Данільчанка, такія пункты створаны ва ўсіх дамах культуры ўздоўж трасы.

Сюды можа звярнуцца любы кіроўца, каб абагрэцца, бясплатна атрымаць гарачы чай і дапамогу.

Пункты дапамогі арганізаваны па ініцыятыве міліцыі.

19:28

Ва ўнутраным двары гатэля «Мінск» на праспекце Незалежнасці абрынуўся дах крытай паркоўкі. Як паведамляе карэспандэнт NN.BY, дах зламала напалам, паркоўка была ў той момант запоўненая недзе на чвэрць. Жалезнымі канструкцыямі даху патрушчыла машыны, сярод якіх ёсць досыць дарагія. На месцы здарэння працуюць ратавальнікі МНС. Стаіць і машына «хуткай дапамогі».

Ніякіх каментароў на месцы атрымаць не ўдалося: невядомыя ў цывільным у катэгарычнай форме папрасілі журналістаў выйсці з дворыка.

Як паведаміў NN.BY кіраўнік прэс-службы МНС Уладзімір Навіцкі, ахвяраў, паводле папярэдніх звестак, няма. Дах, верагодна, абрынуўся пад цяжарам снегу, адзначыў ён.

20:55

У сувязі са снегападам і моцным ветрам, якія прынёс цыклон, ва ўрадзе створаны аператыўны штаб па рэагаванні на непагадзь пад кіраўніцтвам намесніка прэм’ер-міністра Анатоля Калініна, паведаміла прэс-служба ўрада.

Камісія па надзвычайных сітуацыях пры Савеце міністраў «настойліва рэкамендуе насельніцтву ў сувязі з вельмі неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я выключыць выкарыстанне асабістага аўтатранспарта, адмовіцца ад перамяшчэння на вялікія адлегласці». Дзецям і людзям сталага веку «рэкамендуецца без патрэбы не выходзіць на вуліцу».

Каб пазбегнуць затораў, уезд на буйныя дарожныя магістралі з інтэнсіўным рухам будзе абмежаваны. Адпаведныя даручэнні дадзены службам ДАІ. На найбольш загружаных участках рэспубліканскіх аўтадарог плыні аўтамабіляў, асабліва вялікагрузных, будуць спыняць паблізу населеных пунктаў, АЗС і іншых месцах, дзе можна перачакаць непагадзь.

Цяпер моцны снегапад працягваецца. Ападкі суправаджаюцца ўзмацненнем ветру да штармавых значэнняў.
Паводле звестак Рэспубліканскага гидрометецентра, у Валожыне парыў ветру дасягнуў 24 м/с, у Баранавічах — 23 м/с, у Пружанах — 22 м/с. У шэрагу гарадоў бачнасць не перавышае 100 метраў.

21:20

"Вялікі дзякуй кіроўцам аўтобусаў маршрутаў №50 і №127: з Сухарава да Серабранкі дабралася амаль без праблем ( з 17.00 да 19.15)", -- напісала чытачка Ірэна ў каментах на NN.BY.

21:44

"На чыгунцы месцамі невялікія затрымкі. Электрацыя Мінск - Брэст адпр. 19:35 на 36 хвілін пазней выйшла з Гарадзеі (21:28 замест 20:54). Для шляхоў такая завея не страшная, але на станцыях замятае стрэлачныя пераводы, тройчы спыняліся на ўваходзе ці выхадзе са станцый", -- напісаў Кастусь Шыталь у каментах на NN.BY.

21:46

"Паездка па маршруце Гікалы-Адоеўскага-МКАД-Уручча заняла троху болей за 5 гадзін. Куча аварыяў, буксуючыя і заглохшыя машыны. Прыборачную тэхніку бачыў толькі адзін раз, астатняе - гераічныя дворнікі. Удзельнікі руху - напалову: палова м...кі, нікога не прапускаюць, сігналяць, падразаюць; палова - паводзяць сябе ветліва, дапамагаюць выбрацца застраўшым. На МКАДзе - адна каляіна і ніфіга не відаць. Шмат аварыяў з вялікай колькасцю машын. З Шабаноў, кажуць, народ выбіраецца па 6-7 гадзін. На стаянку заязджаў на паніжайцы, заўтра прыйдзецца дарогу сабе расчышчаць...", -- піша ў сваім Фэйсбуку Dzianis Melyantsou

22:28

У Іванаўскім раёне ў выніку лабавога сутыкнення фуры з легкавым аўтамабілем пацярпелі тры чалавекі.

Як паведаміла БелаПАН начальнік аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама Наталля Сахарчук, ДТЗ адбылося 15 сакавіка каля 9.00 на 456-м км аўтадарогі М10 мяжа Расійскай Федэрацыі - Гомель - Кобрын. 27-гадовы вадзіцель "Вольва" з прычэпам не ўлічыў ўмовы надвор'я, не справіўся з кіраваннем фуры, дапусціў занос і выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе здзейсніў лабавое сутыкненне з аўтамашынай "Аўдзі-80".

У аварыі пацярпелі тры пасажыркі легкавіка. У 51-гадовай жанчыны цяжкая траўма і множныя пераломы, у 25-гадовай - закрытая чэрапна-мазгавая траўма і пералом левай шчыкалаткі. Абедзве - жыхаркі Пінска. У 27-гадовай грамадзянкі Расеі - закрытая чэрапна-мазгавая траўма, закрыты пералом ніжняй сківіцы. Пацярпелыя шпіталізаваныя ў Іванаўскую цэнтральную раённую бальніцу.

Кіроўцы транспартных сродкаў не пацярпелі. Па факце ДТЗ праводзіцца праверка.

22:30

Нацыянальны аэрапорт Мінск будзе зачынены да 8.00 16 сакавіка, паведаміў сайт паветранай гавані.

З-за снегападу і моцнага ветру праца аэрапорта спынілася 15 сакавіка ў 12.30. Скасаваныя 15 рэйсаў. У пятніцу на прылёт былі адменены рэйсы з Франкфурта (Lufthansa), Вены (Austrian Airlines), Варшавы (Lot), Масквы (Унукава, Utair Aviation), Рыгі (Airbaltic), Прагі (Czeсh Airlines), Масквы (Шарамецева, "Аэрафлот" ).

Некаторыя самалёты здзейснілі пасадку на іншых аэрадромах: з Масквы і Стамбула - у Гомельскім аэрапорце; з Рыма, Амстэрдама, Лондана і Парыжа - у аэрапорце Барыспаль (Кіеў).

На вылет адмененыя рэйсы "Белавія", якія павінны былі адправіцца ў Берлін, Стакгольм, Кіеў, Калінінград, Санкт-Пецярбург, і тры рэйса ў Маскву (Дамадзедава).

nn.by, паводле ул. інф., БелТА, БелаПАН, tut.by