Маім апанентам і ўвогуле маім чытачам.

Мушу найперш зазначыць, што здаўна лічу непатрэбнай справай пасля публікацыі ізноў браць слова. У гэтым вытлумачванні і растлумачванні, удакладненні сваіх аргументаў ёсць нешта ад спробы апраўдацца. А гэта крыўдна для прафесійнага самалюбства. Што ж ты апраўдваешся? Значыць, не змог, не здолеў як след сфармуляваць сваю пазіцыю.

Але ў дадзеным выпадку сапраўды ёсць нагода.

У інтэрнэт-каментах да майго артыкула «Жыццё як хохма і прыкол» («Народная Воля») пачалася гарачая і няпростая спрэчка пра суадносіны мастацкага твора, мастацкага вымыслу з рэальным жыццём, з гістарычнай праўдай; аб межах права аўтара ў маляванні ў сваіх творах рэальных асобаў.
Гэтыя суадносіны і межы — вядомая літаратуразнаўчая праблема. Тут ёсць два процілеглыя падыходы. Адзін — больш рыгарыстычны, кансерватыўны, што бярэ вытокі з традыцыяў рэалізму, — патрабуе амаль поўнай адпаведнасці рэальных асобаў і абставінаў, у якіх яны дзейнічаюць, гістарычнай праўдзе, дакументам. Другі — баронячы права мастака на ўласнае, мастацкае ўвасабленне і бачанне гэтых жа асобаў і гэтых абставінаў — дапускае, што ў мастацкай літаратуры дазволена ўсё, што заўгодна.

І ёсць трэці пункт гледжання, ён недзе пасярод і мне бліжэйшы. Лепш зразумець яго дапаможа адказ на пытанне:

«А нашто мастаку гэта права на сваё, мастацкае бачанне і ўвасабленне рэальных асобаў? Ці толькі для таго, каб пагуляць з рэальнымі асобамі, з гісторыяй у нейкія свае гульні?
Ці ўсё ж такі, каб з дапамогай мастацкіх сродкаў, гіпербал, фантасмагорыяў, антыўтопіяў, у рэшце рэшт, нават мяшанкі мастацкага, гістарычнага і дакументальнага глыбей пранікнуць у жыццё, спасцігнуць яго філасофію, чалавечыя характары і ўчынкі?»

Я перакананы ў апошнім. Чаму ёсць доказам не толькі «Майстра і Маргарыта» Булгакава. Таму дарэмна спасылаецца Лявон Баршчэўскі на Гамера, у якога рэальныя гістарычныя асобы Агамемнан, Прыям і Патрокл, як ён лічыць, робяць тое, што наўрад ці магло адбывацца ў рэальнасці. Бо насамрэч героі старажытнага эпасу робяць тое, што адпавядала міфалагічнай аўры, якая атачала іх, яны ў Гамэра абсалютна адэкватныя свайму часу. Тое ж тычыцца і герояў Дзюма, на якіх таксама спасылаецца Л.Баршчэўскі. Таму справа не ў тым, ці мае права пісьменнік, ці не мае. Зразумела, што мае! Хто ж яму можа забараніць? Галоўнае ў тым, як ён гэта права выкарыстаў. І

калі нават самая неверагодная, але ў мастацкім плане пераканаўчая фантасмагорыя, антыўтопія, выдумка падмяняецца штучнымі, лялечнымі гульнямі, тады і паўстае пытанне пра суадносіны рэальнасці і вымыслу,
пра тое, на што скіраваны вымысел, пабудаваны на марыянетках з прозвішчамі рэальных людзей, дзеля чаго ён, а значыць і аб праве менавіта на такі вымысел.

Гісторыя літаратуры гаворыць, што знешняе праўдападабенства заўсёды выкрывае штучнасць вымыслу.

І таму неверагодны Мюнхгаўзен — рэальны чалавек з плоці і крыві. А вось Фадзееў у другой рэдакцыі «Маладой гвардыі» зрабіў, згодна з указаннямі «зверху», арганізацыю маладых падпольшчыкаў створанай і кіраванай старэйшымі таварышамі-камуністамі. І гэта стала хлуснёй,
здрадай памяці тых маладых людзей, што самастойна арганізавалі супраціў акупантам і загінулі. Але ж ён меў права і на такі «вымысел», і мог зрабіць «другую рэдакцыю» абсалютна добраахвотна. Таму не трэба кандыдату філалогіі і выдатнаму перакладчыку Л.Баршчэўскаму спасылацца на польскі гімназічны падручнік, у якім сцвярджаецца, што «калі аўтар свядома пазначае, што яго твор належыць да літаратурнага жанру, з яго павінны быць знятыя любыя падазрэнні ў скажэнні фактаў рэчаіснасці».

Тым больш, што польскі гімназічны падручнік — не зборнік заканадаўчых актаў па літаратуры.

Належнасць да літаратурнага жанру не пазбаўляе ад папрокаў і нават абвінавачванняў у скажэнні рэчаіснасці, як блізкай, так і далекай па часе. Слова «раман» — не індульгенцыя, якая выратавала фадзееўскі твор ад прызнання яго фальшыўкай.

Трохі пра папрокі некаторых аўтараў каментаў у «нядобрых пачуццях» да У. П. Някляева і В.І.Ледзенева. Не трэба вельмі напружваць памяць, каб успомніць маю рэцэнзію на някляеўскі зборнік вершаў «Акно», які выйшаў, калі аўтар быў пад арыштам (тэкст можна паглядзець на сайце «Народнай Волі»). З таго часу нічога ў нашых адносінах з Някляевым не змянілася. Яны ніколі не былі прыяцельскімі, але, так бы мовіць, нармальнымі. Спадзяюся, аўтар «Аўтамата з газіроўкай» не лічыць, што ацэнкі яго літаратурных твораў ёсць прычынай для змены адносінаў. Нічога асабістага не маю і супроць Ледзенева, з якім мы сядзелі побач на адной лаве ў студэнцкія гады (пакуль я на чацвёртым курсе не быў адлічаны з універсітэта і здадзены ў салдаты). Гадоў пяць ці болей таму я даў яму рэкамендацыю ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. І з таго часу таксама нічога не змянілася ў маім стаўленні да яго. Хаця ягоны «дадатак» да рамана Някляева даў магчымасць для пэўных развагаў…

І ўрэшце пра некаторую эмацыйнасць майго артыкула. Ведаеце, гэта ўпершыню за маю даволі доўгую біяграфію літаратурнага крытыка, калі я вымушаны быў пісаць менавіта як літаратурны крытык, абмяжоўваючы сябе рамкамі мастацкага тэксту, і адначасова не мог у іх утрымацца, таму што быў і сведкам тых падзей (раскручванне зімой 1962 г. «справы групоўкі Хадзеева», з якім я, дарэчы, пазнаёміўся толькі недзе ў канцы 70-х-пачатку80-х гадоў, сход на філалагічным факультэце, дзе размова ішла аб выключэнні з універсітэта яе ўдзельнікаў) і ўвогуле сведкам тых часоў — пачатку мінскіх 60-х гадоў.

Паўвека прамінула… А памяць не адпускае…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?