Упраўленне Следчага камітэта Беларусі па Гродзенскай вобласці завяршыла расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да журналіста польскага выдання «Gazety Wyborczej» Андрэя Пачобута, абвінавачанага ў паклёпе на Лукашэнку.

«Упраўленнем Следчага камітэта Беларусі па Гродзенскай вобласці завершана расследаванне крымінальнай справы, узбуджанай па ч.2 ст.367 КК Рэспублікі Беларусь (паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, здзейсненая асобай, якую раней судзілі за паклёп) у дачыненні да Пачобута А.С." , — паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у групе інфармацыі і сувязі з грамадскасцю ўпраўлення СК па Гродзенскай вобласці.

«У сувязі з тым, што высновы лінгвістычных экспертыз разыходзяцца, а ў часе папярэдняга следства не здабыта аб’ектыўных дадзеных, якія пацвярджаюць здзяйсненне Пачобутам дадзенага злачынства, 15 сакавіка 2013 вынесена пастанова аб спыненні папярэдняга расследавання ў сувязі з недаказанасцю ўдзелу абвінавачанага ў здзяйсненні злачынства. Згодна з гэтай жа пастановы абраная ў дачыненні да Пачобута мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах адменена «, — удакладнілі ў СК.

«Я даведаўся пра гэта сёння, а 19.04, — расказаў НН Андрэй Пачобут. — Пра закрыццё маёй справы напісаў „Інтэрфакс“, пасля ўжо адвакат званіў у Следчы камітэт, дзе сказалі, што мне яшчэ высланае афіцыйнае паведамленне аб гэтым, якое я яшчэ атрымаю». Закрыццё сваёй справы журналіст ацэньвае як палітычнае рашэнне, прынятае пасля таго, як яго не ўдалося прымусіць з’ехаць з краіны: «Мяне тады дэманстратыўна арыштавалі, хоць я быў толькі падазраваны, азнаёмілі з вынікамі экспертызы, з якіх адназначна вынікалі і паклёп, і знявага, і многае іншае. Калі б пасля вызвалення пад падпіску я захацеў рушыць куды-небудзь у бок Масквы, мне б, думаю, яшчэ далі эскорт, каб ніхто не спыніў».

Эксперту, на высновах якога грунтавалася абвінавачанне (а гэта дзяржаўны ідэолаг Кізіма), апраўданы Пачобут не мае чаго сказаць: «Гэта марыянеткі, яны кажуць тое, што ім загадаюць».

Пачобут пэўны, што закрыццё яго справы будзе пададзенае беларускімі ўладамі як «станоўчы жэст у бок Захаду».

* * *

Нагадаем, карэспандэнта арыштавалі ў чэрвені 2012 года, але пасля выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Андрэя Пачобута абвінавацілі ў паклёпе на Лукашэнку. Падставамі для абвінавачвання сталі артыкулы Пачобута на сайтах charter97.org і «Беларускі партызан». Яму пагражала пазбаўленне волі на тэрмін да 5 гадоў. Пачобут быў прызнаны вязнем сумлення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?